Выбрать главу

Снег, вецер, галасны певень, пах сена з пуні, крык зімовай птушкі, счарнелы ад прымаразкаў лісток з саду на ветры, ясны захад сонца, пах свежага хлеба ў хаце, вымалачаны колас, узняты ветрам на бязлісты куст бэзу, зорнасць марознай ночы, бесперапынная плынь часу — дзень за днём, дзень за днём, — і пайшло яно, з вялікай радасцю аб тым малым, што толькі і патрэбна чалавеку. Ні зайздрасць і ні сквапнасць, ні злое нездаваленне, ні прыкрая паняверка, што ўсё мала і трэба больш, ні горач, што нехта вышэйшы за цябе ростам… Тут не бытавала пустое імкненне немаведама куды. Колер і пах свежага абчэсанага хваёвага бервеньчука гаварыў душы больш за тое золата ў куфарным прыскрынку, страчанае невядомым і таемным графам Паліводскім і набытае, і таксама страчанае Густавам Шрэдэрам.

Дзень за днём і месяц за месяцам. Зіма за восенню. Нарэшце буйная кропля вады ўпала марозлівым і сонечным днём са страхі. Неба было такое ж сіняе, як і высокае. Але пад ім яшчэ на ўсе палявыя прасторы ляжалі вышэйшыя за рост чалавека пласты перамерзлага снегу. І да вясны і да лета яшчэ далёка было. А яшчэ далей да зорнага мігцення на вераснёвым небе. Тады будзе год, як ён, гэты ціхманы Кастусь Лукашэвіч, асталяваўся тут, у Сумлічах. Але сонца ішло ўжо высока, і здавалася, што вось неўзабаве над бліскучай разлегласцю снягоў цвыркне першы жаўранак. Начамі свяціў месяц, поўны і даўгавечны. У такія ночы, кажуць, ведзьма, натанцаваўшыся з вечара да поту, ратуецца ад гарачыні тым, што кладзецца спаць на голым таку, а пад дзень мерзне і накрываецца бараной. Колькі разоў Кастусь гаварыў на досвітку Вольцы, каб яна ішла на ток грэцца пад барану, ведзьме пад бок! І колькі разоў яна называла яго за гэта ведзьмаком! Гэта не былі жарты сталых людзей, бо вельмі многа тут было дзіцячай наіўнасці. Але і дзіцячага тут было мала. Мала было і сталага. Для іх яшчэ не прыйшоў час знайсці сваю сталасць у іхняй блізасці адзін да аднаго. У той меры, у якой ішоў час, ён рабіўся больш маўклівы, чым гаваркі. Яна ж любіла, калі ён жартаваў, і рагатала яшчэ загадзя. Можна было падумаць, што гэта фармуецца натура вясёлая і нават легкадумная. Аднак жа ён бачыў, што нешта як бы ляжыць у яе на душы і што ў вачах яе вялікая задума. Раз яна сказала:

— А ўжо вельмі доўга вайна цягнецца, а ад бацькі ні разу пісьма не было. Я ўжо ведаю, што яго няма жывога.

Адкуль жа яна можа ведаць? Вось ён дык ведае, што яго бацькі ўжо няма!

Як гояцца раны зямлі! Ззяе ямінамі разварочаная рыдлёўкамі зямля. Або ляжыць перад чалавечымі вачыма земляное калецтва, калі пройдзе па ёй, як гэта сёння, у нашы ганебныя для чалавецтва дні, ганьба чалавечага генія, танк — стварэнне чалавека дзеля смерці чалавека. Або крывавыя раны зямлі, прабітыя бомбамі. Чорная зямля па краях і дзеля напамінку чалавеку, што ён горш за звера і жывёлу, — травіна, прыліплая да земляной раны. Сонца сушыць скалечанае месца, палошчуць дажджы, абвяваюць вятры. Ідзе час. І няма калецтва: ужо ўсё зарасло травой, ужо і дрэўца пасеялася і ўзышло. Расце ўсё вышэй і ўжо здалёк відно. І на месцы, дзе ззяла рана, красуе хараство, і, здаецца, ніякае ўтрапенне не кране тут жыцця прыроды і чалавека. Вялікі доктар — час — спакойна і безупынна ідзе па свеце і лечыць, і гоіць.

Скруха і смутак тупелі і ўсыхалі. Яны ішлі да свайго поўнага знікнення. Кастусь і сам стараўся гнаць ад сябе думкі аб нядаўным мінулым. Праца ўраўнаважвала яго душу. Цяпер ён рыхтаваў немудрашчую Волеччыну гаспадарку да вясны. Льга думаць, што ён, у гэты час свае маладосці, вельмі мала закідаў думкі далёка наперад. Вельмі можа быць, што тут і пачыналася яго шчасце: прынамсі цяжкая паняверка не гняла яго душы і не сеяла ў ёй смутку. Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабіў кожны дзень. Так гартавалася і яго дужасць. Ён браў у пуні на плечы цэлы мех збожжа і сумысля праносіў перад вокнамі хаты, каб Волечка бачыла, што ён за чалавек. Тая ж Волечка быццам бы старалася патрапляць яму ў тон: ён не любіў, калі яна бывала нудная:

— Ты зноў расскоглілася? Баба дурная! Бацька пісем не шле, а возьме і сам калі-небудзь з’явіцца ў хаце. Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа яна цяліцца скора будзе.

— А хіба я магу пазнаць, калі яна там будзе цяліцца?!

— Дык навучыся пазнаваць, калі хочаш быць добрай гаспадыняй!

А хіба яна хацела ці не хацела быць гаспадыняй? Яна жыла так як жылося. Так жа было і з ім. Яны абое належалі да таго пакалення, якое не ведала сапраўднага маленства. Але затое перад імі стаяла ўжо іхняя маладосць. А каб хто ім сказаў, што другое пасля іх пакаленне (іх дзеці) ужо і маладосці мець не будуць, што іх маладосць з’есць чужы прышэлец? Хіба была б у іх вера ў гэта? Яны ж так моцна якраз цяпер пачыналі адчуваць блізасць усемагутнай маладосці!