Выбрать главу

— Немец можа памерці, трэба доктара.

— А хіба я ведаю, дзе той доктар? — развёў хлопец рукамі, і ў яго голасе было многа пратэсту: «Што вы маеце да мяне? І так мяне ўчора валтузілі, не давалі бацьку пахаваць!» Волечка стаяла за ім нейкая малая, ціхая.

— Пакажы мне, дзе ў вас доктар, — сказаў да яе салдат, — хадзем.

— У нашым мястэчку цяпер няма доктара, — адказала яна ўзбуджана, — ён на вайне.

— А дзе ж вы лечыцеся, калі хто захварэе?

— Калі хто захварэе, дык паляжыць і сам ачуняе.

— Дык дзе ж дастаць доктара?

— Дык можа ён і так паправіцца?

— Можа і паправіцца. Але доктар усё роўна патрэбен, напісаць акт або аб смерці, або аб тым, што ён хварэў і правіўся, і таму я так павольна яго вёў.

— Доктар ёсць у другім мястэчку за дзесяць вёрст.

— Запражы каня, — сказаў салдат да хлопца, — і прывязем доктара.

— Добра, — узбуджана адказаў хлопец. Магло здавацца, што ён нечаму ўзрадаваўся.

— А калі ехаць? — сказаў ён ахвотна.

— Трэба хутка.

— Дай яму чаго паесці, — сказаў салдат да Волькі.

Хлопец і Волька выйшлі ў сенцы і сталі раіцца. Яна сказала:

— Я звару чыгунок бульбы, ёсць накопаная, і салдата накормім, а немцу малака дам. — Выходзіла так, што і хлопец тут як бы гаспадар і з ім трэба раіцца.

— Добра, — адказаў ён, — пакуль ты ўправішся, дык я воз абладжу.

— Мне яшчэ трэба карову падаіць.

З якой ахвотай ён узяўся за работу! Як гэта ўсё добра! Ён прымацован да нейкай справы, і надалей адышла неабходнасць выбірацца ў невядомую дарогу шукаць немаведама чаго ў беспрытульным свеце. Ён абгледзеў воз: стары ён быў, раз’езджаны, паламаны. Пакуль у дарогу — трэба яшчэ пазмацоўваць яго. Ён за гэта і ўзяўся. Пасля пайшоў да коней. Коні паелі сена і абнюхваліся. З выглядам знаўцы гэтай справы ён падняў Вольчынаму каню верхнюю губу і агледзеў зубы. Вымасціў сенам воз, напаіў коні і запрог у воз свайго каня. Снедаючы разам з салдатам і Волькаю, ён сказаў да яе:

— Твой конь вельмі стары, я яму ў зубы глядзеў. Дзіва што ён такі худы, у яго жаваць няма чым.

— І твой худы, — адказала яна.

— Але ён малады, яму ўсяго пяць год. Ён здарожаны. Калі яму даць харч і спакой, то я б яго на ляльку вырабіў бы.

Волька паказала яму, куды ехаць, і ён выехаў з салдатам у дарогу. Салдату рупела хутчэй адчапіцца ад усёй гэтай валаводзіны, і ён падварушваў свайго фурманшчыка, а той выконваў свае абавязкі з заўзятасцю чалавека, які з гэтага хлеб есць. Так што яны шпарка даскочылі да мястэчка, але доктара і там не засталі: ён паехаў у нейкае сяло да хворых, але затое там яны здабылі фельчара, казённага, з амбулаторыі, і салдату ўдалося вельмі хутка выехать назад з фельчарам. Гэты фельчар быў чалавек мясцовы. Служачы пры доктару, ён за доўгія гады набыў вялікую практыку і ведаў практыку жыцця і на хваробах знаўся. Усю дарогу ён распытваў — а адкуль, а як, а што, салдату было весялей, таму і ехалі павальней. І вось праз усю дарогу назад, не спяшаючыся ехаць, малады фурманшчык разглядаў наваколле паабапал дарогі. Дзень гэты быў сонечны. На бярозах трапяталася жоўтае лісце. У чыстым полі адзінокі лісток на дарозе імкнуўся з ветрам удалячынь. Лясы паўз дарогу нерухома вартавалі спакой восені. На пустым іржышчы і на пакошах хадзіла жывёла. Ясны сум восені, здавалася, плыве з ветрам, і ўсё вісіць, як доўгачаканая ласкавасць. Шыпшына кустамі стаяла без лісця і з чырвонымі пладамі. Патузваючы лейцы, малады фурманшчык перажываў дзіцячае жаданне спыніць каня, адысціся да шыпшынніку і нарваць, немаведама дзеля чаго, поўную шапку ягад. Душа яго ўціхамірвалася дарогай, павольнай яздой, восенню і цішынёй. Яму здавалася, што ўжо з гэтых мясцін яму нікуды не трэба ад’язджаць, нікуды і ніколі, што не трэба ўжо шукаць у свеце прыстанку і што тут усё вельмі падобна на той родны кут, з якога ён з блізкімі сваімі і роднымі выехаў. З такім станам свае душы ён уехаў у Сумлічы і пад’ехаў да добра ўжо яму вядомай Волеччынай хаты. Салдат шпарка саскочыў з воза і пабег у хату, а следам і фельчар. Калі ж малады фурманшчык увайшоў у хату, ён убачыў, што немец ляжыць усё на тым жа месцы, а Волечка поіць яго з лыжкі малаком. Салдат сядзіць у одуме, а фельчар пільна прыглядаецца да немца. Калі ж Волечка з пустой міскай ад малака адышлася к печы, фельчар пачаў абслухваць і абмацваць хворага немца. Паваждаўшыся так з ім некалькі хвілін, ён зірнуў немцу ў пачырванелыя вочы і жвава сказаў:

— Э, пане-браце, немец! Дык жа мяне дарма з табой напалохалі. Ты ж зараз сто вёрст без аддыхі пешкам зробіш. Ну што ж, праўся ды разумней. Такі і не шкодзіла б, каб вы ўсе папруцянелі, а то гэтулькі неспакою праз вас. Аж да Баранавіч даперлі. Чаго? Павошта?