Выбрать главу

— Дык ён паправіцца? — нясмела і з надзеяй сказала Волечка.

— А хіба табе не ўсё роўна?

— Гэта ж мая хата. Лепш жа, калі ён сам адсюль выйдзе, чым мёртвы заваліць мне хату. Што я тады з ім рабіць буду.

— Чуеш? — сказаў фельчар да немца. — Праўся, а то хату гэтай малой заваліш.

— Напішам акт, што ён хворы і што я не мог у тэрмін яго сканваіраваць, — сказаў салдат.

— Давайце паперы.

З паперай была цяжкая справа. Яе не было ў гэтай хаце. Фельчар стаў церабіць свае кішэні і сваю фельчарскую пакоўню. Немец тым часам больш ачомаўся. Ён стаў рухавейшы, ажывіўся, пачаў паднімаць галаву і пільна прыглядацца да людзей і да ўсяго, што было ў хаце. Нейкі неспакой з’явіўся ў яго вачах. Было відно, што трывога агарнула яго і што яна ўсё пабольшваецца. І чым больш ён трывожыўся, тым здаравейшы рабіўся колер і выраз яго твару. І раптам, як вада з прабітага лёду, рванулася і лягла на яго твар пячаць недавер’я да ўсяго навакольнага і да людзей, якія былі каля яго. І пасля гэтага страх праступіў на рысах яго твару. І гэта ўсе заўважылі. Фельчар нейк крыва ўсміхнуўся і сказаў немцу:

— Чаго ты баішся? Дурань ты. Нямецкая галава. Машыну якую ці гармату новую ты ўмееш выдумаць, а бачыць, што чалавек мае душу і сэрца — на гэта ў цябе няма нічога… На, выпі гэты парашок, можа ўбачыш, што мы цябе лечым, а не бязвечым. — Немец выпіў парашок, і новы неспакой з’явіўся ў яго вачах. Ён нешта пачаў гаварыць і паказваць рукамі.

— Гэта ж ён думае, што я яму даў атруты! — моцна сказаў фельчар. — Цьфу! Каб ты навек запаветраў!.. Што ты лапочаш? Павальней кажы, можа я разбяру што, цераз дзесятае ў пятае.

Фельчар нарэшце абмацаў у сваёй кішэні вучнёўскі сшытак. Немец убачыў паперу і пацягнуўся да яе абедзвюма рукамі.

Практычны ў жыцці фельчар адразу здагадаўся і адарваў ад сшытка ліст. Як сасмаглы ваду, так хапіў немец паперу і аловак. Не ведаю, ці прыйшла немцу ў галаву думка, што калі ён так жвава ўзяўся за паперу, а не ляжыць з паблеклым позіркам на лаве, то ён перамог ужо сваю хваробу. Але такая думка павінна была б быць у яго. Пры лаве стаяў стол, немец прыпёрся да яго бокам і пачаў выводзіць на паперы алоўкам слова за словам. Фельчар бачыў, што яму так нядобра пісаць, сеў сам на лаву і падпёр немца сваёю спіною. Немец спісаў абодва бакі паперы і ўжо распісаўся, як раптам як бы што ўспомніў, пакінуў пісаць, і на твар яго лягла пячаць просьбы. Ён штосьці пачаў гаварыць фельчару, які ў гэты час якраз даў яму зноў парашок. Фельчар пачаў прыслухоўвацца і нарэшце штосьці двума ці трыма словамі, к здзіўленню ўсіх, па-нямецку запытаў у немца, Праўда, яго гаворка па-нямецку была нясмелая, ён лавіў словы, як глухі прыглядаецца на вусны таго, з кім гаворыць. Але ён зразумеў немца: той прасіў назваць яму адрас таго кутка, дзе ён цяпер хварэе. Фельчар прадыктаваў яму адрас на мястэчка Сумлічы так, каб сюды льга было трапіць адкуль сабе хочаш, хоць з усяго свету. Пасля гэтага фельчар напісаў акт аб хваробе немца. Праверылі па паперы ў салдата і запыталі ў самога немца, і ўсім стала вядома, што немец завецца Густаў Шрэдэр. Салдат тады сказаў распісацца ў акце за сведак Вольцы і яе маладому госцю. Волечка напісала: «Вольга Нявада», а той напісаў: «Кастусь Лукашэвіч, выгнанец з-пад Вілейкі». Вельмі можа быць, што апошнія словы яго подпісу ішлі з яго абязвечанай цяжкай зменай у яго жыцці псіхалогіі. Ён страціў з-пад сваіх ног той грунт, на якім стаяў на сваёй Вілейшчыне. Нездарма ён на світанні таго дня так ныў душой перад тварам бадзяння па свеце. Салдат схаваў акт сабе ў кішэню, падзякаваў фельчара і сказаў:

— Сёння ў дарогу позна, ды і немец яшчэ слабы. А цераз ноч ён у мяне пойдзе як падмецены, так што мы да Слуцка даклыбаем як з перуна. Эй ты, хворы немчык, кладзіся і спі гэтыя паўсутак, каб заўтра ты ў мяне быў, як шустры бычок.

Немец недаверліва паглядзеў на салдата, і з яго ўмомант зляцела тая ажыўленасць, першыя адзнакі якой ужо былі з’явіліся ў яго. Ён глыбей пасунуўся ў лаву, дастаў з нетраў свае змятай і вываленай у зямлі адзежы некалькі закручаных у хустачку канвертаў з раней напісаным на іх адрасам у Германію і ў адзін з гэтых канвертаў паклаў толькі што напісанае пісьмо, заклеіў і словамі і знакамі растлумачыў фельчару, што гэта пісьмо, а не што іншае. Мусіць, фельчару тут ён найбольш мог даверыцца. Пасля гэтага ён паклаў пісьмо сабе пад галаву і неўзабаве глыбока задрамаў. Дзень ішоў к вечару. Сонца стала ніжэй і пачало біцца ў акно. У хаце стала ясна, шырэй і прастарней. Немец спаў. Салдат курыў, Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй, як самая руплівая з усіх жанчын на свеце. Малады яе госць стаяў на двары пры возе і глядзеў, як коні ядуць сена. Фельчар моўчкі сядзеў і пасля разгаварыўся з Волечкай.