— Дык і табе, дзяўчо, прыйшлося горка, — казаў ён. — Ну, бацька твой, дарма што пісем не шле, а можа быць жыў і здароў і хутка вернецца дадому. Дык ты нічога кепскага не думай, а жыві сабе памалу. Ведай, што кожны пражыты дзень адкідае тое, што ёсць, і набліжае тое, што будзе. Горачы на свеце многа, але і ў самай большай на свеце пасудзіне ёсць дно, няхай сабе яна хоць і да краёў наліта атрутай. А ты стаіш перад векам сваім, дык атрута і горач выветрацца і высахнуць, а ты жыць будзеш… Дык як жа мне, — сказаў ён нарэшце да салдата, — трэба дадому брацца.
— Я пайду да старасты, каб даў фурманку вам, — прагаварыў салдат. — А мы з немцам у дарогу заўтра.
І гэтулькі было ў салдацкім голасе спакойнай ураўнаважанасці, гэтулькі было ў ім упэўненасці, што ўсё на свеце ідзе да таго, да чаго яно ідзе, што здавалася, ніякае хваляванне не пройме гэтага чалавека. Салдат выйшаў, і ўсе ў хаце чулі, як ён на двары гаварыў з маладым выгнанцам. Немец крыху прыўзняў галаву, павярнуўся тварам угару і ляжаў так, гледзячы ў столь. Фельчар даў яму яшчэ парашок, і той, мусіць, ужо як мае быць убачыўшы, што яго не страляюць і не рвуць на кавалкі, а лечаць, выпіў лякарства і зноў спакойна ляжаў. Тым часам хлопец увайшоў у хату і, ні на кога не гледзячы, як бы сам сабе, моцна сказаў:
— Дык можна ж было і ўчора пайсці да старасты, каб даў фурманку, а то мяне ганяў у мястэчка. Знайшоў сабе вазюра! Добры інтэрас! Што ён да мяне мае! Прычапіўся!
— Намнога ты за яе старэйшы? — сказаў фельчар хлопцу і паказваючы на Вольку.
— Адкуль жа я магу ведаць? — паціснуў плячыма хлопец.
— Як гэта? Хіба яна не сястра твая?
— Я на выгнанства ад вайны еду.
— Тут асталяваўся жыць?
— Не, я тут бацьку хаваў.
— Куды думаеш ехаць?
— І сам не ведаю.
— Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву.
Прыйшоў салдат і сказаў, што фурманка пад’едзе пад хату.
Волечка тым часам нешта занадта рухава пачала завіхацца ля печы.
— Прынясі мне лому, — сказала яна да Кастуся без якой бы там ні было выразнай інтанацыі ў голасе, і ён ахвотна прынёс лом.
— Увапхні ў печ і запалі, бо я вельмі спяшаюся.
Сонца спускалася ўсё ніжэй, праменне яго з кожнай хвілінай зменьвала свой колер, і нарэшце ў яго роўным чырванаватым бляску ажыла задумёнасць ціхага змяркання. І тут пачалася паэзія спакойнага адвячорка ў хаце. Усе ціха сядзелі, кожны на сваім месцы і са сваімі думкамі. У рухавым клопаце была толькі адна Волечка, малая гаспадыня гэтай хаты, дзе так нечакана сабраліся так не падобныя адзін на другога людзі, далёкія адзін ад аднаго і месцам на зямлі, і прывычкамі, і звычаямі, і жаданнямі, і натурай. У печы зырка гарэў агонь і пры ім кіпеў вялікі гаршчок. Волечка то выходзіла ў сенцы, то зноў уваходзіла ў хату і кожны раз прыносіла то цыбулю, то моркву, то бульбіну, то нейкае карэнне, то лісце і падкідала ў гаршчок.
— Што гэта ты варыш такое? — запытаў фельчар, сочачы за рухавай Волечкай.
— Вару яду.
— А як жа гэтая патрава завецца?
— Нейк завецца, — злёгку прыбянтэжылася Волечка.
— А чым жа ты яе закрашваць будзеш?
Волечка як аслупянела. Нерухомая яна стаяла, і твар яе загарэўся чырвоным колерам.
— Малаком, — нарэшце адказала яна так, быццам кожнае слова важыла сто пудоў і цяжка было яго спусціць з языка.
— Як жа ты будзеш гэтую патраву малаком закрашваць, калі ты ў яе цыбулю кідала?
Волечка выбегла ў сенцы, і вочы яе напоўніліся слязьмі. Стары фельчар адчыніў дзверы ў сенцы і сеў на парозе.
— А чаго ў цябе, дзяўчо, твар так зачырванеўся? (Ён не пытаў: «чаго ў цябе слёзы?»)
— Бо я ля печы стаяла.
— У цябе няма сала?
— Няма, — як з-пад зямлі сказала яна.
— А каму ты так многа варыш?
— Усім… нам… Ужо другі дзень у мяне ў хаце чужыя людзі, а я ім нічога нават перакусіць не дала.
— А немца ты малаком паіла?
— Дык ён жа хворы.
— А малая ты мая, а галубка ты мая!
— Нічога, я пастаўлю новы гаршчок, без цыбулі… Гэта я забылася…
Кастусь у момант вока праскочыў праз сенцы на двор, развярнуў на возе сена і з бадай што пустой зашмальцованай торбы дастаў усё, што ў ёй было. Гэта быў раздушаны крышан сала. Аж босыя пяты яго мігцелі, як маланка, калі ён ускочыў назад у сенцы з моцным шпаркім шэптам. На твары яго ляжаў таемны выраз вялікага змоўшчыка:
— Волька, выйдзі к возу на момант.
І сам скінуў з сябе дзіцячую трапятлівасць і сталай хадой падаўся з сянец. Так жа паволі і стала Волька пайшла за ім. Абое сталі яны ля воза, дзе двое коней бесперапынна жавалі сена.