Калі ён адамкнуў куфар і паклаў у прыскрынак золата, быццам з душы яго спала што цяжкае. У хаце ён пачуў ад Волечкі:
— Добра, што ўжо няма ў хаце, гэты фельчар, як пачытаў тыя пісьмы… Божачка, што той немец перажыў, як ён мучыўся! Не ідзі ўжо нікуды, а будзь тут і спі, ужо ноч…
— Добра, а за клопат вазьмуся можа нават і заўтра.
— А за які клопат?
— Ну, каня табе змяніць, рэштку бервеньчукоў перавезці з лесу, падабраўшы ноч, шулы паставіць, браму зрабіць, жыта ў млын, змалоць…
І пайшла тая ноч, месячная, добрая, ціхая, а к раніцы зноў схмурнела неба і пачаў падаць мокры снег. Тады пад раніцу яны, кожны па-свойму, саснілі нейкага высокага чалавека ў чорнай адзежы і з заплюшчанымі вачыма. Ён не спаў, а быў нежывы — гэта ў яе, а ў яго — рагатаў і танцаваў, але вымагаў, каб яму аддалі боты і кашулю. Гэта быў граф Паліводскі. Кастусь прачнуўся і думаў, ці сапраўды гэтакі мог быць той невядомы Паліводскі, а Волечка прахапілася з енкам і крыкам: «Ой, ой, Божачка!»
— Што, што? — абазваўся ён.
— Ой, ой, Паліводскі!.. А хто гэта тут у хаце?
— Гэта я, — крыкнуў Кастусь.
— Хто?
Яна яшчэ не адвыкла ад свае адзіноты і не прывыкла да яго. Ён падбег да яе і ўбачыў, што яна дрыжыць.
Колькі раз, жывучы ўжо адна, без бацькі, яна так прачыналася раніцамі ад непрыемных ці страшных сноў! І прывыкала ў адзіноце сваімі сіламі гнаць ад сябе цяжкае ўражанне ад кашмараў. Цяпер жа яна падумала, што недзе каля яе ёсць ён. Як лёгка і адразу згінуў сон, і яна ўсміхнулася, яшчэ з заплюшчанымі вачыма.
— О так, а то крычыш немаведама чаго. Гэта ж сон.
І па яе твары ён здагадаўся, што яна ачуньвае.
— Уночы я выходзіў глядзець коней, ужо на дзень ішло. Мокры снег гразі даў. А конь твой ужо ані нічога не з’еў — нават і не зачапіў сена. Ты нічога не думай. Мой конь зусім малады. Ведай, што гэта твой. Ты толькі папраўляйся.
— Я ж папраўляюся. Хіба ты не бачыш?
— А на дварэ ўжо і апошняе лісце з ігрушы асыпалася за ўчарашні дзень. Чорнае, як сажа, ляжыць мокрае.
Праз два дні ён пачаў карміць худога каня паранкаю, не адыходзіў ад яго, рабіў яму нейкае адмысловае пойла, а праз два тыдні сказаў Вольцы, што конь крыху абгладзіўся і ўжо льга яго збываць. Аднойчы ўдосвецця ён накрыў каня мяшком і сеў зверху. Конна выехаў ён з двара. Торба з акрайцам хлеба была ў яго руках. На конным рынку ў дробным гарадку, вёрст за сорак ад Сумліч, ён, як спрактыкаваны конскі перакупшчык, расхвальваў старога і худога каня, бажыўся і падпускаў часам заядлую лаянку. «Без гэтага каня не прадасі», — думаў ён і запрашаў усіх паглядзець каню ў зубы. «Галоўнае — смела казаць, каб глядзелі ў зубы, дык ніхто і не гляне, і павераць, што конь малады». Стары і высокі цыган, які тут жа побач прадаваў яшчэ мусіць старэйшага каня, сказаў:
— Ты, чалавеча, прасі, каб глядзелі твайму каню не ў зубы, а ў хвост, тады хутчэй усіх ашукаеш.
Навокал зарагаталі, і Кастусь, праклінаючы гаты дзень, адвёў свайго каня ўбок, але і адтуль два перакупшчыкі прагналі яго. Скончылася так, што ён вярнуўся на ранейшае месца. За гэты кароткі час цыган паспеў прадаць ужо таго каня, купіць другога і ўжо гэтага расхваліць. Кастусь прадаў свайго каня перад самым вечарам, вельмі затанна, але ён быў рад, што развязаў рукі. «Волечка не будзе ў крыўдзе, я ж ёй аддаю свайго каня». Якое было яму шчасце цэлую асеннюю ноч ісці дадому. Ён адчуваў сябе так, быццам вырваўся на волю. Яшчэ на выходзе з горада ён убачыў вясковую бабу, якая трымала пад пахаю пеўня.
— А ці добра спявае? — некалькі разоў пытаўся ён у бабы.
— Галубчык мой, — адказвала кожны раз баба, — гэта не певень, а музыка. Пад яго песню можна цэлы вечар танцаваць.
Ён купіў пеўня і падумаў: «Прыйдзецца ж зімаваць. Няхай спявае сабе. А калі Вольцы не спадабаецца — я ёй грошы вярну». Яшчэ не пачынала світаць, калі ён быў дома. Пеўня ён укінуў у пуню і ўсё прыслухоўваўся, ці скора той заспявае. І толькі цяпер ён падумаў аб сваёй віне перад Волькай: «Я ж задарма аддаў каня». Пакуль развіднела, ён, не заходзячы ў хату, выкаціў з пуні два бервеньчукі з той сухой хвоі і стаў часаць. «Пакуль зіма не ўмарозіла зямлю, я яшчэ пастаўлю шулы на браму». І душа яго ачысцілася ад прыкрасці. Раптам у пуні заспяваў певень. І гэта як бы хто сказаў яму радасную навіну. Ён пакінуў часаць бервяно і стаў над ім. Цадзіўся дзень позняй восені. У хатніх вокнах засвяціўся агонь. «Волечка ўстае. А можа пайсці ў хату?» Волька выйшла на ганак і ўбачыла яго над бервяном. І загаласіла:
— А братачка, чаму ж ты надумаўся ўночы бярвенне часаць? Ну як жа табе ўчора там паводзілася?
— Ну, каня прадаў, пеўня купіў… спявае, ліха яму, як на скрыпцы грае… А над лесам, учора падвечар, вельмі хмара ссінела. Мусіць, неўзабаве ляжа сапраўдны снег.