Выбрать главу

— Гэта табе, — гаварыў ён, — каб ты была шчаслівая за маю радасць. Мой Густаў цяпер мае свайго бацьку.

Твар яго свяціўся радасцю. Пячаць вялікай праўды ляжала на яго вачах: ён уладар свету, бо ўжо зноў ходзіць па зямлі і трохдзённае змрочнае ўтрапенне яго мінулася навек. А ўсё золата, якое толькі ёсць на свеце, — нікчэмная драбяза і непатрэбшчына перад самім жыццём. Здавалася, праменне ідзе ад яго ўсмешкі. Усміхаўся шчасцем і салдат, і фельчар, і нават Кастусь, толькі Волечка стаяла чамусьці маўклівая. Гэта была сцэна як бы бурнай чалавечай радасці.

Салдат раптам сказаў:

— Ну што ж, Бог дасць, скончыцца вайна, і жыць будзем у сваю волю.

Немец усё гаварыў раз-поразу:

— Густаў, Густаў…

Фельчар як бы раіўся сам з сабою і сам сабе ўсміхаючыся:

— Прыехаўшы дадому — адразу забегчы ў сад… — І тут жа растлумачыў, усё не спускаючы з губ усмешкі.

— Густаў… Густаў… — выварочваў немец перад гэтымі людзьмі сваю душу.

Здавалася, што няма на свеце ні вайны, ні выгнанства, а толькі радасць чалавека жыць сваею воляй.

Раптам салдат спахмурнеў, устаў і сказаў:

— Ну, немец, у дарогу.

Немец здагадаўся і таксама спахмурнеў.

Значыцца, і вайна была, і трэба было мець непрыемны абавязак гнаць палоннага чужынца, якога сюды загнала ліха, і трэба было ісці пад канвоем.

Немец памахаў рукой Волечцы, і апошні промень усмешкі патух на яго твары. Салдат апанураў адразу і выйшаў следам за немцам выконваць свой прыкры абавязак. Фельчар устаў, паглядзеў на залатыя рэчы, якія ляжалі на стале, і панура прамармытаў: — Гэта расейскія афіцэрскія рэчы. Эйш, сукін сын, паздзіраў з мёртвых або раненых. — Тут ён убачыў, што на стале ляжыць тое нямецкае пісьмо. Ён стаў яго разбіраць, і многа прайшло часу, пакуль ён сказаў:

— Гэта жах, што ён піша! Ён навек развітваецца са сваім Густавам. Дзіва што ён так узрадаваўся, калі ўбачыў, што жыў астаўся. Ці гэта ён мне гэтае пісьмо даваў, каб я прачытаў яго? Ці яно яму ўжо не трэба? А ліха яго бяры, здам на пошту, няхай ідзе туды, да таго Густава.

Тут пад’ехала фурманка, і хата апусцела. Так гэтыя людзі, якія не ведалі адзін аднаго і перажылі разам момант радасці, сабраўшыся на гэты момант у незнаёмай хаце, разышліся хто куды, кожны ў свой бок. Залатыя гадзіннікі, пярсцёнкі і крыжык ляжалі на стале, і двое маладых людзей, якія стаялі яшчэ перад векам сваім і толькі што выходзілі яшчэ з свайго маленства, не ведалі, што рабіць з гэтым золатам. Можна сказаць, што яны не ведалі і цаны яму. Волечка з непаразуменнем падтуліла плечы і адышлася ад стала, трэба сказаць — задаволеная, што, нарэшце, хата была пустая ад чужых людзей і ніхто ёй не перашкаджае цяпер даіць і карміць карову, прыбіраць у хаце, пазіраць у вокны, ці не сышлі з двара дзве куры, што былі ў яе гаспадарцы. Гэта не гаворачы ўжо аб тым, што адзін за адным ішлі вераснёвыя дні, а ў яе яшчэ не было пасеяна жыта. Пра непасеянае жыта яна і ўспомніла цяпер. Парыў смутлівай заклапочанасці рвануўся ў яе душы. Яна, як сталая, заламала рукі:

— А Божа мой, жыта не пасеяна. А восень ідзе.

— Дык я табе пасею, — сказаў, устрапянуўшыся, Кастусь.

— А хіба ты ўмееш?

— Я раз авёс сеяў, як бацька мой хварэў.

— А калі ж ты думаеш?

— Калі хочаш. Толькі, каб не марудзіць, мне ж трэба яшчэ і ў сваю дарогу выбрацца.

— Хоць заўтра.

— А насенне ёсць?

— Не намалочана. Снапы я звезла, сама і пажала. А сеяў яшчэ бацька.

— Дык я табе і намалачу.

У хвіліны гэтай гаворкі ў яго білася ў жыццё вострае жаданне хоць якім заняткам, хоць якой работай адцягнуць як надалей страшную неабходнасць ехаць немаведама куды.

Цяпер ён выразна падумаў: пакуль намалоціцца і пасеецца, то пройдзе некалькі дзён. Якое шчасце яшчэ некалькі дзён спакою!

Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы — час — мае вечнага свайго дапаможніка — працу. Можна сказаць з упэўненасцю, што праз гадзіну якую пасля гэтай гаворкі Кастусь Лукашэвіч не меў у душы ні смутку, ні трывогі. Перш за ўсё яны агледзелі з Волечкай пуню з снапамі. У пуні ж быў і ток. Пасля ён праверыў Нявадаўскія цапы. Відаць, добры гаспадар быў Нявада! Бічы ў цапах былі важкія і зручныя. Гужы шчыльныя, і завязкі з добрага сурамцу. Цапільны ж ужо мусіць за цэлыя гады добра абгладзіліся аб малацьбітовы рукі. Кастусь выбраў цэп самы размашны, расклаў на таку снапы і пачаў.

— Давай у два цапы, — сказала Волечка.

— Куды ты, малая! Нашто табе таміцца! Колькі тут той работы! Глядзі лепш хаты.

Браткі мае, што гэта быў за тон! Можна было падумаць, што ён век яе ведаў і быў блізак ёй. І як гэты тон быў падобен на тон самога Нявады, бацькі, калі, бывала, ён з ласкай загадваў ёй што-небудзь! Апанованая одумам, Волечка і сапраўды пайшла ў хату. Да самага адвячорка яна чула ў хаце, як роўна стукаў на таку цэп. Гэты гук нагадваў ёй яе нядаўняе маленства і восень. Бывала (тады не было вайны і маці была жыва) асеннімі днямі бацька ўставаў прыцемкам малаціць, і маці старалася, каб як найлепш накарміць бацьку. Ва ўспамінах і інстынктыўным адчуванні гэтага стук цэпа еднаўся з тым, бывалішнім. Дзеці часта гуляюць у дарослых. Тут жа не было гульні, была самая бязлітасная неабходнасць, але Волеччын твар быў цяпер так падобен да твару зусім малой дзяўчынкі, якая пераймае ўчынкі свае маці! Пакуль Кастусь збіў два пасады, яна не адыходзіла ад печы. Многа разоў яна ў клопаце хадзіла ў агарод, у клець, у склеп, у прыгрэбку і ўсё думала, і ўсё шукала, і глядзела, чаго б яшчэ пакласці ў гаршчок, і колькі (каб было ў меру) малака ўліць, і колькі каб кіпела. Але тут яна ўжо мела практыку. Куды горш было з хлебам. Яна яшчэ не ўмела пячы хлеба. Хлеб кожны раз быў то адпечаны, то ацеслівы. Цяпер хлеб быў ацеслівы. Праўда, ён ужо быў трэці тыдзень, і чорствасць зменшыла ацеслівасць, але ўсё роўна сорам добрай гаспадыні даваць такі хлеб чужым людзям. А што ж інакш рабіць? Што ж, няхай ён выбачае. І вось, нарэшце, настала хвіліна есці. Як добра ён адчуваў сябе пасля работы! А як была рада яна, калі ён весела сеў за стол. Яны елі з адной міскі, і абое не заўважалі, што хлеб ацеслівы. Ён усё гаварыў, гаварыў і наіўнымі, бадай што дзіцячымі жартамі рассмешваў яе, наіўную, малую, рухавую. Кудысьці далёка, у невядомую туманную далечыню адплыў прыкры клопат думаць, куды б ехаць далей, у тую брадзячую беспрытульнасць.