Выбрать главу

Арабей

Пошукі кахання: Аповесці, апавяданні

Пошукі кахання: Аповесці, апавяданні.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 288 с.: іл.

Рэдактар Е. А. Пяршай.

Мастак Ю. В. Пучынскі.

Мастацкія рэдактары В. П. Жыжэнка, А. I. Дрозд.

Тэхнічны рэдактар А. Б. Барадзіна.

Карэктар Л. П. Бялова.

Рэцэнзент Валянцін Тарас

Дзень мінулы, дзень наступны

1

Таня валакла свайго Сашку за руку па вуліцы і ледзьве стрымлівала слёзы. Такіх страху, гневу і сораму яна яшчэ не мела ў сваім жыцці, не магла і падумаць, што такое можа прыйсці да яе блізкіх, да яе самой. Яна не бачыла людзей, што ішлі насустрач, чаплялі яе плячыма, партфелямі, сумкамі, за якіх чапляўся, якіх абмінаў Сашка.

Валакла яго і па лесвіцы — на пяты паверх, піхнула ў калідор і замкнула за ім, за сабою дзверы, быццам хочучы адгарадзіцца ад усяго, што было за імі. Цяпер слёзы паплылі з вачэй, і яна пайшла ў кухню, села за пакрыты цыратаю столік, узлакацілася на яго, закрыла твар рукамі.

Сашкі зусім не было чуваць, потым вінавата рыпнула пад яго нагою маснічына, і замест злосці на сына Таня абрынула гнеў на сябе: недагледзела, не ўсцерагла... А што, як вырасце злодзеем, трапіць у турму?.. Яна сядзіць, румзае, а трэба нешта рабіць, нешта рабіць, каб не было позна...

Яна яшчэ не ведала, што трэба рабіць, што будзе рабіць, але сядзець больш не магла, паднялася, пасунулася ў ванную. З хвіліну стаяла над кранам, быццам успамінаючы, чаго сюды прыйшла, потым пусціла халодную ваду, набрала поўныя прыгаршчы, лінула на твар. Яшчэ раз, яшчэ. Халодная вада студзіла апечаны слязьмі твар, ад яе лягчэла, глынула яшчэ з прыгаршчаў некалькі разоў. Выціралася ручніком і думала: ніколі не біла, але тут трэба налупіць... Толькі чым? Рэменем? У хаце няма рэменя, няма мужчыны, і няма рэменя... На пральнай машыне ляжаў скрутак вяроўкі, на якой вешала бялізну. Узяла цяжкі скрутак, пачала развязваць. Рукі дрыжалі, але не ад злосці — ад страху: як гэта яна будзе біць?.. Зрабілася моташна, аж занудзіла. Кінула вяроўку на падлогу, пайшла ў пакой.

Саша сядзеў на сваёй канапцы нахохлены, лыпнуў на маці спалоханым вокам і зноў адвёў позірк. Таня ўспомніла, якую праборку зрабілі яму ў міліцыі. Перажывае? А можа, лічыць сябе героем, у іх жа, у падшыванцаў, свае законы, міліцыя, бацькі, настаўнікі гавораць ім адно, а які бэйбус на вуліцы скажа другое, і таго бэйбуса яны больш паслухаюць, ён у іх большы аўтарытэт. I як убіць яму ў галаву, як навучыць, дзе знайсці словы?..

— Саша,— падышла яна да сына, села каля яго на канапцы.— Саша, у мяне, акрамя цябе, нікога няма на свеце...

Яна гаварыла не тое, канечне, не тое, трэба нешта цвёрдае, рашучае, але галаву сціскала, як абручом, і гэты абруч не даваў думаць.

— Чуеш, Саша? — Яна далоняй павярнула яго твар да сябе. Ад дотыку матчынай рукі Саша ўздрыгнуў, нібы ад удару, яшчэ глыбей уціснуўся ў канапку, узяўся за караткаваты ўжо рукаў пінжачка, пачаў нацягваць на руку.— Ты не бойся, Саша,— гаварыла Таня,— я спачатку і праўда хацела цябе набіць, але не паднялася рука... Ну што біць, няўжо мы так... Я табе найлепшы сябра, чуеш, Саша, ты павінен мне верыць і мяне слухацца... Не, я не хачу сказаць, што ў цябе больш не павінна быць сяброў, у цябе павінны быць сябры, але харошыя хлопчыкі, не такія, як гэты Генка, ён шмат старэйшы за цябе і дабру цябе не вучыць, бачыш, што выдумаў...

Саша глядзеў убок, на акно, за якім пачынала сінець, і ўсё больш нацягваў на руку рукаў пінжачка.

— Ты мяне не слухаеш, пакінь рукаў,— раззлавалася Таня і тузанула за пінжачок, але Саша яшчэ болей сцяўся, схапіўся за рукаў другою рукою.— Што ты там хаваеш! — сілаю падняла Таня рукаў і ахнула — праз усю руку ад кісці і амаль да локця чырванела ледзь засохлая разадраная палоса.— Божа мой... Што ж ты маўчаў? — I зноў шкадаванне, злосць нахлынулі, змяшаліся, падступаючы да вачэй слязамі.— Дзе гэта? Там? — строгасцю хацела прагнаць шкадаванне.— Ну, так, людзей у вайну на фронце раніла як герояў, а мой сын... Як злодзей, ну, так...

Пайшла на кухню, узяла з аптэчкі ёд, кавалак бінту. Калі канчала перавязваць руку, у дзверы пазванілі, і яна пайшла адчыняць, думаючы, што менш за ўсё ёй патрэбны сёння госці.

Але гэта прыйшла Люба — у светлым плашчыку, з сумкаю цераз плячо, заклапочаная.

— Што ў цябе здарылася? — з парога пачала яна.— Пабегла з работы як шалёная і больш не вярнулася, заходзіў рэдактар, пытаўся, дзе ты, я сказала, што цябе некуды тэрмінова выклікалі.

— Распранайся,— коратка запрасіла Таня.