Выбрать главу

Мусіць, ён быў старэйшы за іх, не нашмат, можа, на які год альбо два. Але адчувалася, што старэйшы, не такі, як Казік альбо Коля. З гэтымі Вера была як і з дзяўчатамі, яны не выклікалі ні трывогі, ні сораму, не хавалі ў сабе таямніцы. А гэты, хоць бачыла яго першы раз, абудзіў нешта невядомае, чаго зусім не ведала ў сабе.

Пасля танга быў факстрот. Яшчэ адзін факстрот. Зноў танга. Дзяўчаты танцавалі, мяняючы сваіх кавалераў, а Вера ўсё сядзела, глядзела. Яе не заўважалі. Ну і няхай!.. З Казікам ды з Колем ёй усё роўна не цікава было б танцаваць, ёй нават крыху дзіўна рабілася, што Іра, Жэня ды Ніна так сур’ёзна з імі танцуюць. Гэта ж былі двоечнікі, колькі паспісвалі яны ў Веры задачак, а выходзілі да дошкі, то так і глядзелі, каб хто падказаў, на экзаменах шпаргалак нарабілі.

А гэты, незнаёмы... Каб гэты запрасіў яе на танец, то яна, мусіць, самлела б ад сораму, ад страху, мусіць, у яе падкасіліся б ногі і яна не змагла б нават стаць на іх, не толькі танцаваць.

Потым вярталася дадому, а з вачэй не сыходзіў ён. Цёмная хвалька. I цвёрды позірк. I нешта незнаёмае праходзіла праз грудзі, нешта ў іх сціскалася, рабілася то радасна, то трывожна, і дзіўна было ад такіх адчуванняў, і непадуладныя былі яны, каб іх адкінуць.

Назаўтра Вера зноў пайшла да сябровак. I там зноў танцавалі. I быў ён. Танцавалі, як і ўчора, мяняючы пары. А Вера зноў сядзела пры сцяне.

I раптам, калі пласцінка каторы раз завяла сваю мелодыю, незнаёмы хлопец падышоў да яе і запрасіў на танец.

На ўсю моц затахкала сэрца. Як у сне — паднялася. А ён ужо выводзіў яе на сярэдзіну пакоя.

Танцуй танго... Мне так легко...

Ногі сапраўды не слухаліся. I як жа старалася Вера пабароць страх, сорам, як старалася зграбна хадзіць пад музыку. I не бачыла перад сабою свету, усё засланяла яго белая кашуля. Толькі недзе пад сярэдзіну пласцінкі пачала танцаваць смялей.

Ён сказаў, што зваць яго Валодзя. Што жыве каля «Белпалка». Былога «Белпалка», цяпер яго занялі немцы. Але людзі ўсё роўна называюць — «Белполк».

Нешта павінна была сказаць яму і Вера. Але не здолела нічога сказаць.

А наступным разам ён не прыйшоў. I калі Вера завітала да сябровак цераз дзень, яго зноў не было. Не прыйшоў ён і праз тыдзень.

Нясмела спыталася Вера ў Жэні — а дзе ж Валодзя і хто ён такі? I пад вялікім сакрэтам Жэня сказала, што Валодзя — гэта ого-го! Танцы ў яго тут былі для маскіроўкі. Каб немцы дазналіся, хто ён такі і дзе яго можна злавіць, то... Не аднаго Валодзю, іх бы тут усіх пахапалі...

Аж захлынулася Вера дыханнем. Дык вось чаму так уразіў яе гэты хлопец!.. Адчула яе душа, адчула, што ён не абы-хто, што ён не толькі прыгожы, але і мужны, сапраўдны чалавек, герой!

Яна ведала, на якой вуліцы ён жыве. I ногі самі павялі. Яна і цяпер, праз сорак два гады, можа пабажыцца, што ногі самі павялі. Яны былі ёй непадуладныя. Яна памятае, як і сорамна, і страшна было ёй ісці. Здавалася, кожны ведае, чаго яна ідзе па гэтай вуліцы.

Яна разумела, што наўрад ці сустрэне яго, можа, яго ўжо няма і ў Мінску. Ды каб і сустрэла, то, мусіць, і не павіталася б, нават вочы на яго не адважылася б падняць.

Ярка свяціла гарачае сонца. Бяздумнае сонца, якое аднолькава свеціць і змяі, і сокалу, і ворагу, і сябру, якому ўсё роўна, хто грэецца ў яго промнях.

Па вуліцы шпацыравалі немцы. На Суражскім базары, на слупах, віселі закатаваныя імі людзі. Гарою друзу ляжаў разбіты горад. А Вера ішла. Ішла, каб хоць здалёк яго пабачыць.

I вось, здаецца, сустрэла... Не тады, не тым жнівеньскім днём сорак першага года. А цяпер. Праз сорак два гады. На ўскраі гэтага мястэчка. Здаецца, гэта быў ён. Цёмная хвалька над чыстым высокім ілбом. I суровы, як мужчынскі, позірк. I такая самая кашуля.

Аблічча глядзела на Веру Максімаўну праз тоненькую сетачку трэшчын. I здымак быў не самай лепшай якасці, яшчэ даваенны. Але чым больш прыглядалася Вера Максімаўна да гэтага твару, тым больш пераконвалася — ён. I імя — Валодзя...

Валодзя, Валодзя... Колькі іх, Валодзяў, было да вайны... Можа, ён... А можа, і не ён... А калі і не ён, то хіба не ўсё роўна?..

Ох, нашы хлопчыкі...

Вера Максімаўна трымалася рукамі за штакеціны — пажылая жанчына, бабка дваіх унукаў. Трымалася за штакеціны і быццам глядзела ў сваю маладосць.

I халадзела пад сэрцам.

I падступала туга.

КАМАНДЗІРОЎКА ЗА МЯЖУ