Выбрать главу

Пачала з першага прозвішча ў кнізе — Шлягер М.

Нясмела паднімала трубку. Нясмела набірала нумар.

Да тэлефона доўга не падыходзілі. Потым пачулася жаночае, ціхае, нібы стомленае:

— Слухам...

Мне трэба было сабраць усю сваю адвагу і адчаяннасць, каб гаварыць па-польску. Па-руску жанчына магла не зразумець.

I я пачала:

— Няхай пані шчыра прабачыць за турботу... Ці не мае пані дачынення да маладога польскага паэта Вітольда Шлягера, які загінуў... Здаецца... у трыццаць дзевятым...

У адказ мне было доўгае маўчанне. Потым голас запытаў:

— З кім маю гонар?..

Як магла, растлумачыла, хто я. Што мяне цікавіць Феліцыя Пашкевіч-Шлягерова, а наколькі мне вядома, Вітольд Шлягер...

I спынілася, чакаючы адказу.

У трубцы зноў доўга маўчалі, потым слабы жаночы голас амаль прашаптаў:

— Прабачце, але ў мяне адчуванне, што вы звоніце з таго свету...

Я стаяла тварам да акна, за якім згусцілася ўжо цемната. Глянула на гадзіннік — пачатак адзінаццатай. Калі жанчына, з якой я гавару, немаладая, калі я падняла яе сваім званком з пасцелі, то ці мала што магло ёй прымроіцца.

Я пачала пераконваць яе, што званю не з таго свету, а з гасцініцы «Еўропа», што прыехала ў Польшчу з Савецкага Саюза, што глянула ў тэлефонную кнігу, убачыла прозвішча Шлягер і вырашыла пашукаць блізкіх Вітольда Шлягера, калі пані не мае дачынення, то няхай літасціва прабачыць...

— Я яго родная сястра,— прашаптала жанчына.

Марыя Шлягер, родная сястра Вітольда Шлягера, жыла ў новым мікрараёне Варшавы, займала аднапакаёвую кватэру, вельмі маленькую, па сценах застаўленую кнігамі. Сама была пажылая жанчына, высокая, хударлявая, з інтэлігентным тварам і далікатнымі рухамі, з ціхім голасам, які таіў эмоцыі. Па прафесіі яна архітэктар, але не так даўно выйшла на пенсію, жыве ў гэтай кватэры адна.

— Вы прабачце мне за тую фразу па тэлефоне, калі я сказала, што вы звоніце з таго свету... Але ведаеце... Так глыбока ўсё пахавана... I тыя, пра каго вы спыталіся... Іх так даўно няма на свеце... Мне здавалася, што іх імёны памятаю на гэтай зямлі адна толькі я...

— Я шукала, я цікавілася, пра вашага брата пыталася нават у Вільнюсе ў рэдакцыі,— гаварыла я.

— Як вам сказаць... Вітольд увогуле не быў паэтам... Можа, гэта было яго захапленне, пра якое не ведала нават я... Ён скончыў юрыдычны факультэт, належаў да прагрэсіўнай польскай моладзі, уваходзіў у групу «Папросту», да якой меў дачыненне і ваш цудоўны паэт Максім Танк...

А Фэля перад вайною служыла бібліятэкаркаю ў клубе культуральным, як пачалася вайна, пайшла ў вайсковы шпіталь дапамагаць параненым. Вось яны, перад самаю вайною,— пані Марыя паклала перада мною фотакартку.

Поўныя шчасця і радасці вочы... Какетлівы капялюшык... Галава схілена крышку набок, да светлай кучаравай галавы маладога мужчыны — таксама прыгожага і шчаслівага.

Тут Фэля старэйшая, чым на тым здымку, з вяночкам, але тое ж мілае аблічча... Служыла бібліятэкаркаю, а як пачалася вайна, пайшла ў вайсковы шпіталь... Як некалі Цётка — паэтэса Алаіза Пашкевіч... Выдавала часопіс для моладзі, рупілася пра беларускія бібліятэкі, а як пачалася вайна — першая сусветная — пайшла працаваць у вайсковы тыфозны шпіталь... Ці я сама прыдумваю гэту нітачку і звязваю цётку з пляменніцай, ці яна сапраўды існуе?

Варушыць старое, што зацягнулася ўжо раскаю гадоў, прытупіўшы боль, ахутаўшы памяць туманам — ці трэба?

Але варта дакрануцца да туману памяці, і ён пачынае рассейвацца, і сплывае з мінулага раска, адкрываючы глыбіні яго віроў.

— Фэля была вельмі адкрытая, і душою, і кішэняю,— расказвала Марыя Шлягер.— Яна дапамагала ўцякаць з Вільні тым, каго шукалі немцы, каму пагражала смерць. Мела знаёмых сярод простых сялян, сярод шляхты на Лідчыне і ў іх хавала людзей. Ці аднаго ўратавала ад смерці.

I зноў цягну я нітачку да Алаізы Пашкевіч:

«Яна наведвала сходкі, брала ўдзел у дэманстрацыях, рупілася пра арыштаваных сяброў...»

Гэта з успамінаў мужа паэтэсы, так паводзіла сябе Алаіза Пашкевіч у Пецярбурзе напярэдадні першай рускай рэвалюцыі. «Рупілася пра арыштаваных сяброў». Тое ж рабіла і Фэля.

Марыя Шлягер гаварыла:

— Я сама шукала Фэліных слядоў... Яна ж была жонкаю майго брата, блізкая мне... I знайшла чалавека, які больш чым хто ведаў пра Фэлю ў тыя гады... Ведаў пра яе смерць. Гэта Станіслаў Фядэцкі, цяпер стары ўжо чалавек. Ён нават апісаў мне тое, што ведаў. Яшчэ ў шэсцьдзесят чацвёртым годзе апісаў. Вось яго ўспаміны, я падрыхтавала іх да вашага прыходу,— і пані Марыя падала мне лісткі, спісаныя па-польску на машынцы.