«Успамін пра Фэлю Пашкевіч-Шлягерову»,— прачытала я загаловак 1.
Спачатку Станіслаў Фядэцкі пісаў пра сябе. Што да вайны ён служыў у Вільні інспектарам працы. Належаў да кола прагрэсіўнай польскай моладзі «Па-просту». Там і пазнаёміўся, і пасябраваў з Вітольдам Шлягерам і яго жонкай Феліцыяй.
Як пачалася вайна, Вітольд Шлягер пайшоў у войска. На вайне і загінуў.
У саракавым — сорак першым гадах аўтар успамінаў працаваў у савецкіх установах, і калі немцы напалі на Савецкі Саюз, хаваючыся ад расправы, выехаў у маёнтак свайго нябожчыка айчыма. Маёнтак называўся «Лябёды», месціўся недалёка ад Старога Двара. Там Станіслаў Фядэцкі і сустрэўся зноў з Феліцыяй Пашкевіч-Шлягеровай, якая са сваёй сяброўкай Аляй, пакінуўшы Вільню, жыла ў Старым Двары, фальварку сям’і Пашкевічаў.
1 Успаміны Станіслава Фядэцкага знаходзяцца ў аўтара гэтых радкоў.
А далей уставалі карціны.
Па начах у Стары Двор часам прыходзілі людзі, стукаліся ў Фэліны дзверы, і яна адчыняла, пускала людзей. Яны начавалаі ў хаце з дзяўчатамі, а далей іх адпраўлялі ў іншае месца. Гэта былі падпольшчыкі з Вільні, яўрэі, што ўцякалі з віленскага гета. Некаторых Фэля ведала, іншых пасылалі да яе знаёмыя, упэўненыя, што Фэля дапаможа.
А ў акрузе дзейнічалі партызанскія атрады. Атрады партызан савецкіх і атрады АК, Арміі Краёвай. Пад мястэчкам Васілішкі, што было недалёка ад Старога Двара, звіў гняздо і атрад АК пад камандаваннем Рагнеры. Ён дзейнічаў па загадах урада, што сядзеў у Лондане, і якому не так страшны быў Гітлер, як страшнымі былі «саветы», і які зусім не шкадаваў крыві палякаў. Рагнераўцы супрацоўнічалі з немцамі, яны выведвалі настроі людзей, выведвалі, хто чым дыша, і таму, хто дыхаў з імі не ў лад, выносілі свае прысуды. А каб лягчэй было вывіжоўваць, рагнераўцы часам выдавалі сябе за партызан савецкіх, вялі «савецкія» размовы, лаялі немцаў і хвалілі Чырвоную Армію.
Болын асцярожныя не паддаваліся на правакацыі. Як піша ў сваіх успамінах Станіслаў Фядэцкі, не паддаўся на правакацыю і ён. А Фэля паддалася. Пачала скардзіцца гэтым «савецкім» партызанам на паліцыю ў Васілішках, кіраваў якою былы польскі афіцэр, лаяць немцаў і выказваць сімпатыю да рускіх.
Першай акцыяй той самай васілішкаўскай паліцыі супроць дзяўчат быў арышт Фэлінай сяброўкі Алі, пра якую шапталіся, што яна яўрэйка і імя яе зусім не Аля.
Вясна звінела ўжо высокім чыстым небам, празрыстым паветрам, першымі галасамі птушак. Але яшчэ ляжаў снег. Паліцыя з Васілішак прыехала на санках, спынілася каля хаты. Той самай хаты, якая была родная і Алаізе Пашкевіч, па якой яна так сумавала ў выгнанні.
Піхаючы ў спіну прыкладам вінтоўкі, паліцэйскі пагнаў Алю да павозкі, штурхнуў у санкі.
Фэля, у адной сукенцы, без паліто, выскачыла за сяброўкаю, пачала сварыцца на паліцыянтаў, крычаць, што Аля не зрабіла нікому ніякага зла.
Таўстаморды паліцай сцебануў ляйчынаю каня, азірнуўшыся, крыкнуў Фэлі на развітанне:
— Не пакінеш хаваць саветаў ды жыдоў — і табе тое самае будзе!
Паехалі, павезлі Алю.
Фэля кінулася за дапамогай да Станіслава Фядэцкага, які тут, у вёсцы, апекаваў дзяўчат.
У сваіх успамінах Станіслаў Фядэцкі піша:
«Спроба адбіць Алю ў паліцыянтаў на шляху да Ліды, якую ўчынілі мы з Фэляю, не ўдалася, бо мы чакалі іх на адной дарозе, а тыя паехалі іншым кірункам».
Як збіраліся Фэля з Фядэцкім адбіць Алю — аўтар успамінаў не расказвае. Можа, Фядэцкі меў зброю? А можа, спадзяваліся ўгаварыць, падкупіць паліцэйскіх?
Алю затачылі ў лідскае СД. Гэта СД і я добра памятаю, яго немцы размясцілі ў будынку былой школы, на ўзгорку, недалёка ад чыгуначнай станцыі. Вакол гэтага СД бегала некалі і я, каб перадаць арыштаванаму перадачу, і немец гразіў мне пісталетам. Як пераплятаецца ўсё ў жыцці!..
Фэля шукала ратунку для Алі. Як вызваліць сяброўку? Не магла пакінуць яе без дапамогі, хоць і разумела, што, выручаючы Алю, рызыкуе і сама.
Жонка Фядэцкага сказала, што мае ў Лідзе знаёмага гестапаўца, што трэба паспрабаваць яго падкупіць.
Фэля сабрала ўсё, што мела — залаты пярсцёнак, грошы, на адзежу выменяла ў сялян сала.
Паехала з Фядэцкімі ў Ліду.
Гестапавец крывіўся, казаў, што мала.
Яго прасілі, угаварвалі, пераконвалі, што слабая дзяўчына не можа ўяўляць небяспекі для рэйха.
Здаўся. Выпусцілі Алю.
Фядэцкі папярэджваў дзяўчат:
— Не вяртайцеся ў Стары Двор. I не паказвайцеся там. Адразу едзьце ў Вільню, у Гродна, куды хочаце, толькі не ў Стары Двор.
Дзяўчаты разумелі і самі, што ў Стары Двор ім ехаць небяспечна. Але там заставалася нейкая адзежа, заставаліся рэчы, патрэбныя кожны дзень.