Выбрать главу

Рукою, запэцканаю ў крэйду, класная пачала папраўляць сшыткі пад пахаю, адзін ледзь не выслізнуў, Таня падхапіла яго, дапамагла пакласці на месца.

— Ведаеце...— настаўніца крышку падумала,— я, можна сказаць, не маю да Сашы вялікіх прэтэнзій... Ён такі, як усе хлопчыкі ў яго ўзросце... Бывае, што сваволіць, бывае на ўроках няўважлівы, але наогул... Вучыцца нядрэнна... Канечне, мог бы і лепей, мог бы і зусім без троек...

Таня ківала галавою, згаджаючыся — так, так, мог бы і зусім без троек, але не гэта, не тройкі яе цяпер хвалявалі. Настаўніца пакуль не ведала таго, што ўжо ведала Таня.

Зрэшты, можна было пагадзіцца з Любаю, што хлапчукамі больш кіравала свавольства, чым злы намер, але калі сёння Сашу так лёгка ўгаварылі залезці ў склад, дзе ляжаць ракеты, то хто можа даць гарантыю, што заўтра яго не падаб’юць на горшае — залезці ў кішэню да чалавека ці ў кватэру. Вось чаму Таня забегала, вось чаму ўся гэта гісторыя так яе напалохала. I за чым цяпер у Сашы найважней сачыць? Яна спытала ў настаўніцы:

— А дысцыпліна?.. Вы альбо іншыя настаўнікі не заўважалі за Сашам... Ну, чаго-небудзь... На што трэба звярнуць увагу?..

Ёй хацелася спытаць — які Саша ў школе, з сябрамі, ці сумленны ён, ці не робіць якіх кепскіх учынкаў, але не хацелася ж і нагаворваць на сваё дзіця, насцярожваць увагу настаўніцы.

Зінаіда Паўлаўна яшчэ падумала, паціснула плячмі:

— Ды не... Здаецца, нічога... Як усе...

— Дзякуй вам,— Таня адчула палёгку, нібы падазравала ў сябе цяжкую хваробу, прыйшла да доктара, а доктар сказаў: «Вы здаровая». Адчула і ўдзячнасць да настаўніцы і паспачувала ёй — нялёгка спраўляцца з гэтай стыхіяй, а яшчэ стос сшыткаў нясе дадому.

Калі спускалася па лесвіцы да выхаду, зноў зазвінеў званок, і стыхія, што была вырвалася з берагоў, з шумам вярталася ў сваё рэчышча — класы. Беглі па лесвіцы, даганяючы, пераганяючы яе, хлопчыкі, дзяўчаткі ў школьнай форме, класы ўсмоктвалі іх у сябе, як у вір, аж заторы рабіліся перад дзвярыма. Сашу ў гэтым гамузе і мітусні так і не ўбачыла, а можа, ён сам яе ўгледзеў ды прытаіўся.

Недалёка ад школы быў прыпынак аўтобуса, там спыняўся і той, на якім магла даехаць да рэдакцыі. Здалёк убачыла, што з-за павароту выруліў «Ікарус», пусцілася з усіх ног, бегла, трымаючы рукою капялюшык на галаве, прыціскаючы пад пахаю сумку, разляталіся на ветры полы плашчыка. Бачыла, што не паспявае, што аўтобус высадзіў пасажыраў, забраў новых, ужо і дзверы зачыніў, але яна ўсё бегла, хутчэй па інерцыі, бо спадзявацца не было на што.

Мусіць, шафёр убачыў і ацаніў яе наетойлівасць, бо міргаў паваротам, але не зрушваў з месца, а калі Таня дабегла, адчыніў ёй пярэднія дзверцы. Яна ўвалілася ў аўтобус, шафёру, які з усмешкаю сачыў за ёю, таксама ўсміхнулася, сказала:

— Дзякуй.

Паехалі. Паволі аддыхвалася. Прабіла талончык, узялася рукою за поручань.

За акном плыла вуліца — знаёмыя будынкі, магазіны, час «пік» ужо схлынуў, і рух паспакайнеў — менш было машын, менш пешаходаў, але ў аўтобусе на кожным прыпынку прыбывала і прыбывала людзей. Заціснутая з двух бакоў пасажырамі, яна стаяла, пазірала ў акно, а ў вушах яшчэ звінелі дзіцячыя галасы. I ўспаміналіся свае школы.

Іх у Тані было тры — тая, з настаўнікам без рукі, у вылінялай гімнасцёрцы з ордэнам, была ўжо пасля вайны, калі, прапусціўшы ў час акупацыі тры гады вучобы, пасля пятага класа пайшла адразу ў восьмы. А першыя тры гады, тры класы, вучылася ў самай лепшай, узорнай, як тады яе называлі, школе імя Чарвякова.

Ва ўзорнай школе былі ўзорныя настаўнікі і ўзорныя вучні. На ўроках стаяла цішыня, настаўнікі цікава вялі ўрокі, вучылі дзяцей быць праўдзівымі, сумленнымі, адважнымі, паважаць і слухацца старэйшых. Вучылі, што сапраўднае сяброўства не ў тым, каб пакрываць кепскія ўчынкі дружбака, а выкрываць іх і гэтым дапамагаць сябру выпраўляцца. Прыкладам, героем быў Паўлік Марозаў, які выкрыў нават бацьку — ворага.

Дзіцячае Таніна сэрца з вялікай шчырасцю ўбірала ў сябе гэтую навуку, і яна хацела быць сумленнай, праўдзівай, адважнай.

А потым, калі памёр бацька, маці з ёю і з малодшай сястрой Ленай перасяліліся на іншую кватэру, на ўскраі горада, і Таню перавялі ў іншую школу, у тую, што была бліжэй да новага жылля, узорная засталася ў цэнтры.

Школа, у якую перавялі Таню, была не ўзорная, і вучні там былі не ўзорныя. Яны бегалі па партах, на ўроках не слухалі настаўнікаў, падстройвалі ім розныя штукі — то намажуць крэйдаю крэсла, каб настаўнік не заўважыў і сеў, то наловяць і напхаюць у чарніліцу мух, то ўкрадуць класны журнал, поўны двоек. Пасля той, узорнай школы для Тані ўсё гэта было незразумела і жахліва.