Выбрать главу

— Дык ты, сынок, калі жаніцца надумаў, то хіба лепшай не знайшоў? Яе ж у двары ўсе макака дражняць!

Думала раззлаваць Сяргея, але ён і вухам не павёў.

— Дражнілі, калі малая была... Мяне таксама дражнілі — Лыга, дык што?

— Цябе дражнілі Лыга, бо ты малы слова Рыга не мог вымавіць, казаў Лыга, а яе дражнілі, бо брыдкая, яна і цяпер брыдкая, і цяпер макака!

Сказала і адчула пад сэрцам халадок — зараз Сяргей узарвецца, нагрубіць.

Але Сяргей змоўчаў, пайшоў з кухні ў калідор, пачаў апранацца.

— Дык прымі да ведама... Заяву я назад забіраць не буду,— выйшаў, мацней, чым звычайна, стукнуўшы дзвярыма.

Гэты стук як прайшоў праз Тосіна сэрца, села на зэдлік у кухні, здалося, зрушыліся сцены, зрушыўся свет, адбылося непапраўнае. Такое адчуванне бяды і непапраўнасці было хіба тады, калі так недарэчна, так трагічна загінуў муж — ехаў з сябрамі на рыбалку і на іх машыну наскочыў п’яны шафёр самазвала.

Тады і Тосі не хацелася жыць, хацелася абрынуцца ў тую чорную пашчу магілы, што забірала мужа. Утрымаў на гэтым свеце хіба сын. Ведала — трэба гадаваць.

I выгадавала. Сын заўсёды быў добра дагледжаны — у чыстай кашульцы, у харошым гарнітурчыку, у начышчаных чаравіках. Някепска скончыў дзесяцігодку, але ў інстытут, на вялікі Тосін жаль, не трапіў, не хапіла балаў, і яна ўладзіла яго асістэнтам аператара на кінастудыю, дзе сама ўжо дваццаць год працуе краўчыхаю ў пашывачным цэху. Работа асістэнта аператара не вельмі важная — атрымай плёнку, здай плёнку, пастаў апарат сюды, занясі туды, уключы лямпу, патушы лямпу, але ўсё-такі кінастудыя, і асістэнт аператара, не сорамна сказаць, дзе і кім працуе, ды гэта ж работа і не назаўсёды, праз які год зноў падасца ў інстытут, можа, і ў кінематаграфічны.

I раптам — адным махам, адным ударам разбіць усе матчыны спадзяванні — жаніцца. Не, міленькі, нічога ў цябе не выйдзе, я з вамі яшчэ паваюю, выб’ю, сынок, дурасць з твае галавы...

Тося паднялася з зэдліка — у грудзях усё яшчэ дрыжала — ад таго стуку дзвярыма, ад усёй гэтай дурной раніцы, але трэба было ўзяць сябе ў рукі, нельга раскісаць!

З гэтага дня, як толькі Сяргей прыходзіў дадому, маці пачынала з ім гаворку пра яго жаніцьбу як пра нешта смешнае і недарэчнае.

— Дык дзе ж вы будзеце жыць, сынок? — яхідна пыталася матка.

— Можна ж і ў нас жыць, адзін пакой табе, другі нам... Большы табе...

— Глядзі, сынок, як ты скора матчыну кватэру падзяліў, а можа, я не хачу жыць з нявесткаю, можа, я сама яшчэ замуж выйду, раней не хацела айчыма табе прыводзіць, а калі ты ўжо і сам жэнішся...

— Ну, не хочаш, каб у нас жылі, ноймем пакойчык,— адказваў Сяргей.

— А ці ведаеш ты, сынок, колькі каштуе наняць пакойчык, жывеш за матчынай спіною, цаны грашам не ведаеш.

— Нічога, я ж працую, і Іна працуе,— адказваў Сяргей.

— Колькі вы там зарабляеце! На мяне не спадзявайся, я табе кааператыўнай кватэры не пабудую, Інкін бацька ёй таксама нічога не дасць, усё, што мае, у горла лье...

Во якую радню падсоўваў ёй сынок, а радня гэта, Інкін бацька, ужо з ёю як са сваячкаю, пазаўчора падышоў у двары — няголены, з расхрыстанаю грудзінай, у руцэ вядро пустое, і падміргвае:

— Можа, зойдзем, кума, да мяне, па чарцы зробім?

— Я не п’ю,— адрэзала яму тады Тося.

Так што ад такога бацькі дзеці помачы не дачакаюцца.

— А мы, мамуська, у нашых продкаў нічога прасіць не будзем, без іх абыдземся,— адказваў Сяргей мацеры.

Іншым разам матка падступала з другога боку:

— Сынок, можа, у цябе з гэтаю Інаю... Ну, разумееш... А ты хлопец чэсны, хочаш грэх прыкрыць, калі так, то прызнайся...

Сяргей смяяўся.

— Мамачка, ты не ведаеш Іны, нічога ў нас з ёю не было!

— Дык ці вочы твае асляпіла, сынок, не мог знайсці лепшую?!

I калі матка яшчэ раз назвала Іну макакай, сын выйшаў з хаты, так бразнуўшы дзвярыма, што аж пабелка пасыпалася.

Цэлы дзень праплакала тады Тося, што ні рабіла, а слёзы плылі і плылі з вачэй. «Вось і гадуй дзяцей, аддавай ім усё, а яны табе...»

Не магла суняць плачу...

Ажаніўся Сяргей з Інаю. Не было вяселля з белаю сукенкаю, з белым вэлюмам у маладой, з таксі, абвітым стужкамі і кветкамі, распісаліся, нанялі пакойчык недалёка ад той вуліцы, дзе раней жылі. Там у чалавека памерла жонка, а меў ён кватэру на тры пакоі, у адзін і пусціў маладажонаў. Зацятая матка нават павіншаваць не прыйшла. «Калі ты, сынок, такі, калі матку ў грош не ставіш, калі нейкае саплівае дзяўчо табе даражэй за яе, дык і жыві з ёю, паглядзім, ці надоўга цябе хопіць»,— гаварыла сама сабе Тося.