Выбрать главу

Яна засталася адна ў сваёй двухпакаёвай кватэры і раптам убачыла, якія доўгія бываюць восенню вечары, як доўга цягнуцца два выхадныя дні. Бывала, па магазінах бегаеш, абед гатуеш, у кватэры прыбіраеш, бялізну мыеш, то туды, то сюды, работа і работа, а цяпер яе як і няма — на адну ці многа трэба, на адну і абед гатаваць не хочацца, бутэльку малака вып’еш альбо так што пажуеш з кулака, і прыбіраць у хаце няма чаго — сама, адна, не насмяціш, і мыць на адну — колькі той бялізны.

«Вось і добра, вось і адпачну пад старасць»,— цешыла сама сябе Тося, але спакой і радасць не прыходзілі, часцей і часцей падступала туга.

Да сына не хадзіла, не хацела бачыць нявестку, памятала, як сама нагаворвала на яе, як жа пасля гэтага пойдзеш да нявесткі ў хату, яшчэ выгане такую свякруху.

А Сяргей часам забягаў да мацеры.

— Ну як, мамулька?

Пакруціцца, забярэ што-небудзь сваё — лыжы, кніжку, спяшаецца, з маткаю і пасядзець ужо няма часу.

Ад людзей дачулася, што Іна паступіла ў інстытут, у політэхнічны, будзе вучыцца на інжынера.

— Які з яе інжынер! Знайшлі інжынера,— казала яна суседкам,— яе ж з-за стала не будзе відаць, ды каб інжынерам быць, трэба мець галаву!

Сама Тося мела за спіною ўсяго чатыры класы, жыццё пасля вайны было цяжкае, мусіла рана пайсці працаваць і таму надта паважала людзей, якія паканчалі інстытуты. А пры слове «інжынер» перад ёю наогул паўставаў прыгожы і надта разумны мужчына. А тут раптам нявестка, Іна.

Час ішоў, сын дадому не вяртаўся, наадварот, па ўсім, што даходзіла да Тосі, можна было меркаваць, што жывуць маладыя дружна.

Мінула два гады. Тося так і не прывыкла жыць адна, усё больш і больш тужыла, а маладыя, можна сказаць, аселі ў тым пакоі. Нейкі сусед, маючы злосць на гаспадара, у якога жылі Сяргей з Інаю, напісаў на таго ў выканком заяву, што вось, маўляў, лішнія метры ў чалавека, здае плошчу кватарантам.

З выканкома прыйшлі на абследаванне, убачылі, што сігнал правільны, і выдалі Сяргею законны ордэр на пакой у кватэры гаспадара.

Ад людзей дачулася Тося, што скора яна будзе бабка, пацвердзіў гэта і Сяргей, неяк заскочыўшы да маткі ўвечары.

Тую ноч Тося зноў не спала, але больш не мучылася і не плакала, быццам нешта размякла, растала ў яе душы. Дзіця... Сынава дзіця, яна, Тося, будзе бабка... Каб на цябе ліха, як скора жыццё праляцела, вось табе і бабка, а яшчэ замуж збіралася, старая качарга... I яшчэ падумалася, таксама як бы з помстаю, ужо да нявесткі: «Вось табе і інстытут, вось табе і інжынерства, дзіця выгадаваць — не ў кіно схадзіць...»

А вясною, калі сонца біла ў вокны, свяціла праз гардзіны і на падлогу ад іх клаўся густы ўзорысты цень, калі на падаконніку ў гаршчочку зацвілі пралескі, Сяргей пазваніў мацеры і сказаў, што ў іх нарадзілася дачка — Мая, Маечка, тры кілаграмы і дзвесце грам.

Паклала Тося трубку, а ў самой у грудзях усё захаланела, аж ногі аслабелі, у галаве пачало блытацца, адступала, рабілася маленькаю крыўда на сына, адступала, меншала злосць на нявестку, вырастала ў вялікае, у самае найбольшае — унучка, Маечка, тры кілаграмы і дзвесце грам.

Пайшла Тося па магазінах — трэба ж нешта ўнучцы купіць, цяпер нікуды не дзенешся, пойдзеш да сына, да нялюбай нявесткі, як жа не пойдзеш, калі там маленькае, сынава кроў, яе, Тосіна, кроў, Андрэева кроў... Не дажыў, бедны, да ўнучкі... Хоць і не бачыла яшчэ Маечкі — ужо любіла.

Накупляла Тося — і пялёначак, і кашулек, канверт шаўковы купіла, прыйшла дадому з пакункамі і села на крэсла не распранаючыся.

Ціха было ў хаце, толькі вада ў трубах пералівалася — збіраліся адключаць ацяпленне, недзе ў суседзяў прапіпікала радыё, глуха гудзеў за вокнамі горад. На сцяне вісеў партрэт — павялічаная фатаграфія Тосі — вочы шырока расплюшчаны, валасы густыя, хвалямі, галава крышку павернута набок — зусім маладая тут Тося і вельмі сімпатычная, яна і цяпер нішто — высокая, смуглая, і твар яшчэ гладкі, без маршчын. Прыгожая Тося, а шчасця вось няма, муж загінуў, а сына сама ад сябе адпіхнула. Як жа пайсці цяпер да нявесткі, як пайсці да ўнучкі, нявестка ж можа і на парог не пусціць. «Калі я макака, скажа, дык вам і рабіць тут няма чаго...» Я б на яе месцы так і сказала...

Устала Тося з крэсла, распранулася, павесіла паліто ў шафу, пакункі кінула ў шуфляду — няхай ляжаць... I без мяне абыдуцца, без мяне, мусіць, усяго накуплялі.

Але дзён праз дзесяць не вытрывала. Як жа яна — і ўнучкі не паглядзіць, людзі пачнуць гаварыць — во зацялася матка, ды што там людзі, не пра людзей думала цяпер Тося, цягнула, як магнітам, туды, да сына, туды, да Маечкі, калі што, скажа нявестцы: «Я да сына прыйшла... Да ўнучкі прыйшла... Маю права... А калі табе не падабаецца, дык...»