Дзверы адчыніў сын — у спартыўных штанах, рукавы ў сіняй кашулі закасаныя, у адной руцэ нож, у другой напалову абабраная бульбіна.
— Ма-ама! — амаль закрычаў ад радасці, абняў матку, не выпускаючы з рук нажа і бульбіны.
Першае, што ўбачыла ў пакоі Тося — нявестку, адной рукой яна паціху вазіла калясачку, у другой трымала кнігу,— вазіла калясачку і чытала. Адарвала ад кнігі вочы, убачыла свякруху, і на твар ёй пачала наплываць чырвань. Нейкі міг Тося і нявестка стаялі адна перад адной як нямыя, потым Іна паклала кнігу на стол.
— Мама...— сказала ціха.
I Тосю як нажом паласнулі па сэрцы, на вочы набеглі слёзы. Ступіла крок да нявесткі, да калясачкі, потым спынілася, выняла з кішэні паліто хустачку, пасмаркалася, паклала хустачку назад у кішэню, пакункі — на стол, побач з Інінаю кніжкаю.
— Пакажыце ж хоць... унучку,— сказала здушаным голасам.
Потым яны ўтраіх стаялі над калясачкаю, у якой спала дзіця з малюсенькім носікам, з малюсенькімі губкамі, з тонкаю нітачкаю валаскоў, што вылазіла з-пад беленькага каптурчыка.
— Яна падобна на цябе, усе так кажуць,— гаварыў Сяргей мацеры.
Тося і праўда быццам бачыла ў малюсенькім тварыку знаёмыя рысы, здаецца, унучка і праўда падобная на яе.
— Ах, яна яшчэ дваццаць разоў мяняцца будзе, яшчэ на ўсіх будзе падобная,— сказала яна, хаваючы ў грудзях радасць.
Калі адыходзіла ад каляскі, кінула вокам на кнігу, якую паклала на стол нявестка, у кнізе былі лічбы і чарцяжы. «Глядзі ты»,— падумала Тося, ёй было дзіўна, што Іна разумее ўсе гэтыя лічбы, чарцяжы, і трохі крыўдна, што не Сярожа чытае такую кніжку, а нявестка.
Матку запрасілі за стол і частавалі смажанаю бульбаю з катлетамі, чаем. Іна падсоўвала да Тосі цукеркі ў карабку, торт.
— Да нас цяпер усё прыходзяць віншаваць, дык нясуць — цукеркі, тарты,— гаварыла яна.
Тося піла чай і неўпрыкмет разглядала нявестку — худзенькая і малая, як дзяўчынка, як дзіця, носік востранькі, валаскі рэдкія, Сяргей побач з ёю, быдта наліты сокам і малаком, зусім не падыходзяць яны адно да аднаго, ну, ды як сабе хочуць, не па-харошаму міл, а паміламу харошы, як кажуць людзі, маладзец Іна, што не заганарылася, не пачала папракаць свякруху, і глядзі ты — толькі з радзілкі і за кнігу...
З гэтага дня Тося пачала заходзіць да сына — то цацку якую прынясе ўнучцы, то так прыйдзе, пасядзіць, пазабаўляецца з малою і кожны раз, калі б ні адчыніла дзверы — Іна ці з кніжкаю, ці чарцяжы чэрціць, ці задачкі рашае, як толькі і паспявае малую дагледзець, але і дзіця заўсёды чысценькае, не плача.
— Сесія скора,— тлумачыць Іна свякрусе,— не хачу хваста на лета пакідаць.
— Вучыся, вучыся,— адказвае Тося, а сама ўсё прыглядаецца — як гэта такая вось Іна ды інжынер, ці можа быць?
А нявестка здавала сесію за сесіяй і вось ужо апошні год у інстытуце, са свякроўкаю заўсёды ласкавая, называе мамаю, з Сяргеем таксама дружна жывуць, не так, як у іншых сем’ях — сварацца, спрачаюцца.
I з дня на дзень пачала вырастаць у Тосі быццам павага да нявесткі. Бач, як яна ўмее.
Маечка падрастала, трэці годзік пайшоў, гаварыла ўжо, хоць і па-свойму, пацешна, Тося брала яе часам да сябе дахаты, асабліва на суботу і нядзелю, была ж майстрыца, швачка, дык шыла Маечцы сукенкі, палітончыкі, колькі на дзіця матэрыялу трэба, як на ляльку, і Маечка сапраўды хадзіла як лялька, у шарсцяных і шаўковых сукеначках, з вялікім бантам у светлых валасках, бегала за Тосяю па кватэры і клікала:
— Бабця, бабця!
I так падабалася Тосі гэтае — бабця, што хапала малую на рукі, цалавала.
Мінуў яшчэ год, і вось настаў урачысты дзень — Іна прынесла дадому дыплом — скураную кніжачку, ад якой пахла клеем. Чырванеючы і харашэючы ад радасці, падала дыплом Тосі. Тая ўзяла ў рукі — асцярожна, каб не запляміць, не пакамечыць. Там прыгожымі чорнымі літарамі, тушам, было напісана Ініна прозвішча, імя, імя па бацьку і было напісана, што ёй надаецца спецыяльнасць інжынера. I яшчэ Іна паказала значок, сіненькі ромбік, яна цяпер можа насіць гэты ромбік, прышпілены да касцюма, і ўсе будуць бачыць, што яна інстытут скончыла.
Патрымала Тося ў руках і значок — цяжкаваты, халодны, з вінцікам з тыльнага боку.
— Насі, дачушка...— Павярнулася да сына: — А ты, сынок... Што ж ты?..
Сяргей, поўны радасці за жонку, махнуў рукою:
— А, я і так... Нашто мазгі сушыць, я бачыў, як Іна — днямі і начамі...
— Дык затое ж во — інжынер! — гаварыла Тося.
— Я яму таксама кажу,— падтрымала свякруху Іна,— увесь час кажу — вучыся, Сярожа, паступай у інстытут, я памагаць буду...