— Ат,— махнуў рукою Сяргей.— Я ўсё роўна болей зарабляць не буду.
— А я не для грошай вучылася,— загарачылася Іна.— Мне вучыцца было цікава. I ты паступай, убачыш, як гэта цікава...
— Добра, добра, там будзе відаць!
Не любіў Сяргей, калі з ім пачыналі гаварыць пра вучобу.
Дзень выдаўся і праўда майскі — сонца залівала горад, зелянела трава, кусты ўбраліся зялёным дробным лістам, пупышкі на дрэвах набрынялі, вось-вось палопаюцца. У Тосі ў хаце ўсё было прыбрана, халадзільнік напакаваны ядою, на шафцы, пад белым ручніком — пірагі і бісквіты. Сёння свята з вуліцы пакіруецца да яе, дзеці пасля дэманстрацыі прыйдуць да маткі, і не адны, са сваімі сябрамі, далі грошы на прадукты, папрасілі наладзіць ім стол. Тося з ахвотаю згадзілася — даўно не было ў яе кватэры музыкі, не ўгіналася падлога ад танцаў, пакуль ёсць сіла, пакуль можа напячы ды насмажыць — няхай пацешацца дзеці, і яна пры іх падвесяліцца, пры маладых і сама памаладзее.
Тэлевізар грымеў на ўсю кватэру баявымі маршамі, вясёлымі песнямі, Тося тупала з кухні ў залу, носячы на стол яду, а сама часам кідала позіркі на экран — можа, сваіх там убачыць, Іну ў калоне з заводам ці Сяргея з Маечкай на плячы, вунь колькі дзяцей на дэманстрацыі — з шарыкамі, з кветкамі ў руках.
Яны прыйшлі вясёлыя, з чырвонымі бантамі, прышпіленымі да грудзей, у Маечкі ў руцэ блакітны шарык на нітачцы.
— Бабця, а там такая машына была, з лялькамі, з мядзведзікамі, і там хлопчык быў, дык ён выступаў,— з парога пачала расказваць Маечка.
— Праўда? — цешылася бабка.— А яшчэ што там было?
I Маечка расказвала бабцы, што яна бачыла на дэманстрацыі — як ляцелі ўгору шарыкі, як выпускалі дзеці галубоў, як тыя лёталі над плошчаю, як махалі ўсе дзеці сцяжкамі і крычалі «ўра».
З Сярожам і з Інаю прыйшлі іх таварышы — хлопцы, дзяўчаты. Тося хуценька палічыла гасцей — чатыры хлопцы і чацвёра дзяўчат, усім хопіць месца, яна баялася, каб не прыйшло вельмі многа гасцей, каб усім хапіла і месца і закускі.
Пасля дэманстрацыі ўсе былі галодныя і, не вельмі забавіўшыся, селі за стол.
Тося, можна сказаць, была шчаслівая, усе хвалілі яду, што яна нагатавала, ды і хваліць не было патрэбы, гаспадыня бачыла, як падчышчалі талеркі; побач з ёю сядзела ўнучка і таксама ўсмак умінала і салатку, і халадзец, насупраць яна бачыла сына — здаровага, вясёлага, у новым гарнітуры, нават Іна здавалася ёй сёння прыгожаю, не, смех смехам, а за апошні час Іна моцна пахарашэла, нават быццам падрасла, а можа, так здавалася ад таго, што папаўнела, ужо і нос не такі востранькі, і валасы не рэдкія, зрабіла завіўку, і вунь якая харошая галоўка, толькі сёння ўбачыла Тося, што ў Іны прыгожыя сінія вочы — гэта сіняя сукенка адцяніла, паказала іх.
Потым стол адсунулі ўбок, Сяргей уключыў магнітафон, пачалі танцаваць.
Тося збірала талеркі, рэшткі яды, выносіла ў кухню. Іна ўзялася ёй памагаць.
— Ідзі, дачушка, танцуй, я сама,— сказала ёй Тося.
— А, паспею,— адказала Іна, забіраючы са стала талерку з недаедзеным халадцом.
Калі Тося, пакінуўшы талеркі ў кухні, вярнулася ў залу, каб забраць са стала астатняе, Сяргей танцаваў з высокай светлай дзяўчынай. На дзяўчыне былі модныя зялёныя штаны, шаўковая жоўтая блузка, у вушах целяпаліся вялікія залатыя завушніцы. Тося ўбачыла руку дзяўчыны, якая ляжала на Сяргеевым плячы — з доўгімі пальцамі і доўгімі пазногцямі, пакрытымі карычневым лакам.
«Няхай танцуе»,— падумала Тося пра сына.
Праз нейкі час яна зноў зайшла ў залу — прыбраць са стала нажы і відэльцы. Сяргей зноў танцаваў, ужо новы танец, але з тою самаю дзяўчынаю.
— Ідзі, Іначка, туды, я сама ўпраўлюся,— сказала яна нявестцы, вярнуўшыся ў кухню.
— Ат, паспею,— зноў адказала Іна.
Цяпер Тосі было ўжо цікава — што там робіць Сяргей, і праз каторы час яна зноў зайшла ў залу.
Госці танцавалі, і Сяргей танцаваў, з тою самаю дзяўчынаю, толькі адзін хлопец з гасцей — невысокі, у акулярах, сядзеў збоку і гартаў кніжку, быццам на свята, у гасцях, яму не было іншага занятку, як чытаць кніжку.
Тося згортвала анучкаю са стала крошкі, а сама цікавала за Сяргеем.
«Ага, канечне... Вы мяне, старую, не абдурыце, глядзі, як абдымаюцца... Шчака да шчакі танцуюць... А твар які ў Сяргея... Ну зусім дурнаваты... Сп’янеў ён, ці што... I што яго сп’яніла, гарэлка ці гэта...»
— Ану, ідзі туды, няма чаго тут пэцкацца,— вырвала Тося у Іны талерку, сама садрала з яе ручнік, якім нявестка падвязалася замест фартуха, піхнула ў плячо, выпраўляючы з кухні.
— Ой, якая вы,— засмяялася Іна,— дайце ж хоць рукі памыць.
I, памыўшы рукі, паправіўшы валасы, яна пайшла туды, дзе танцавалі.