Выбрать главу

Тося мыла, выцірала посуд, а самой нецярпелася паглядзець — што робіцца там, у залі. Ох і Сяргей, ох і зух, гэта ж трэба!.. А яна хто такая, замужняя ці дзяўчына? Прыгожая, нічога не скажаш, але сораму няма, ведае ж, што тут жонка, а вешаецЦа на шыю...

Яна выцерла рукі, вярнулася ў залу.

Маечка круцілася паміж тымі, што танцавалі, вадзіла ручкамі над галавою, падспеўвала. Іну, мусіць, запрасіў той, у акулярах, што чытаў кніжку, і яны абыякава тупалі пад музыку, па іх тварах было відаць, што танец ім зусім не прыносіць асалоды. А Сяргей зноў танцаваў з тою, у штанах, і зноў туліліся яны адно да аднаго шчокамі, цяпер тонкая рука з доўгімі пальцамі і карычневымі пазногцямі абдымала Сяргея за шыю, завушніца целяпалася каля самага Сяргеевага вуха, а Сяргей, здавалася, аж прысядаў, аж млеў, твар яго застыў з усмешкаю.

Калі танец скончыўся і кавалеры паўсаджвалі сваіх паненак, Тося падышла да сына.

— Хадзі, Сярожа, я табе нешта скажу,— паклікала яна яго ў кухню.

Сяргей паслухмяна пайшоў за маткаю, на хаду папраўляючы каўнер кашулі і галынтук.

— Табе што-небудзь памагчы? — спытаў ён, але не паспеў дагаварыць, як твар яго апякла аплявуха.

Сяргей ажно знямеў, аслупянеў, вылупіў вочы, глядзеў на матку, а тая замахнулася яшчэ і яшчэ раз пляснула яго па шчацэ.

— Чаго ты... За што? — ледзь выгаварыў Сяргей.

— Чаго?.. За што?..— шаптала Тося.— Я табе пакажу — за што... Ціскацца з тою дылдаю?.. Я табе за Іну галаву адарву!..

Здаецца, толькі цяпер пачынаў разумець Сяргей, чаго так узлавалася матка, і зарагатаў.

— Што ты, мама, ды я... Гэта ж так, жарты...

— Жарты? — шаптала Тося.— Я табе дам жарты... Ідзі туды і каб не смеў!..

I зусім невядома, чаму раптам скрывілася, пачала шукаць у кішэнях фартуха насоўку, знайшла, прыклала да вачэй.

— Ну што ты, мама,— смяяўся Сяргей,— кінь... Ой, якая ты смешная... Дай я цябе пацалую,— і Сяргей абняў матку, цмокнуў недзе каля вуха.

З залі прыбегла ў кухню Маечка, стала ў дзвярах — наструненая, узбуджаная, у кароткай чырвонай сукеначцы, з чырвоным бантам у валасах.

— Тата, бабця, хадзем танцаваць,— аж падскоквала ад нецярпення.

Тося пагладзіла сына па плячы, праз слёзы ўсміхнулася ўнучцы.

— Зараз прыйдзем, Маечка... Зараз прыйдзем танцаваць...— Глядзі мне,— яшчэ раз прыгразіла яна сыну.

ДЗЕ КАНЧАЕЦЦА ЖЫЦЦЁ

Вера спускалася ўніз па лесвіцы, быццам ішла з аднаго свету ў другі, з аднаго жыцця ў другое. У тым, першым свеце, у яе быў Косця, была яна сама, Вера, былі яе вочы, якія бачылі свет, рукі, якія ўмелі рабіць усякую работу, быў інтэрнат, дзе стаяў яе ложак, скручаная спяцоўка пад ложкам, кельма, драўляны чамаданчык, з якім яна прыехала з вёскі ў горад.

У другім свеце, у тым, куды ішла Вера, прасціралася чорная цемната ночы, там канчалася жыццё.

На вуліцы яна здзівілася, што ўсё тут так, як было паўгадзіны таму назад — машыны, людзі. Куды адсюль? Каб застацца адной, каб нікога не чуць, не бачыць, каб ніхто не бачыў яе. Ёй раптам здалося, што яна стаіць перад усімі гэтымі людзьмі голая, як у страшным сне, калі сніцца, што ты голая на людзях і табе няма чым прыкрыцца.

I Вера, трымаючыся сцяны, бокам, бокам падалася да брамы, якая вяла ў чужы двор, кінулася ў яе.

У двары вісела памытая бялізна, на лавачцы сядзела старая жанчына, каля яе катаўся хлопчык на дзіцячым веласіпедзе.

Вера перабегла гэты двор, ускочыла ў другі. Тут пры сцяне дома грувасціліся драўляныя скрынкі ад бутэлек. Затуліўшыся за дзверы пад’езда, няголеныя мужчыны ў пакамечаным нясвежым адзенні пілі па чарзе з рыльца цёмнае, як чарніла, віно.

За трэцім ці чацвёртым дваром аказалася ціхая вуліца — драўляныя дамы, зялёныя садкі за платамі, дашчаныя тратуары.

Вера пайшла па гэтай вуліцы, не ведаючы, куды ідзе, абы далей ад тых слоў, ад таго позірку, якія ў адзін міг зрабілі ўсё навокал чорным.

Як ён сказаў? Ага... «Нам няма больш пра што гаварыць... Ты не тая, за каго сябе выдавала...»

Ён гаварыў гэта і спачатку глядзеў убок, у акно, і твар яго быў як незнаёмы, быдта гэта гаварыў не Косця, а нейкі чалавек, якога Вера бачыла першы раз.

У пакоі нікога не было. Хлопцы, як толькі прыйшла Вера, адзін за адным падаліся за дзверы. I хлопцы былі нейкія не такія, нават Вася не ўсміхнуўся Веры, па-добраму не прывітаўся.

Яна ішла да Косці, паднімалася па лесвіцы, і ногі ў яе падгіналіся, не хапала дыхання. Што скажуць людзі — яна сама ідзе ў інтэрнат да хлопца... Але яна не ведала, чаму так доўга не прыходзіць Косця, раней жа амаль кожны вечар стукаўся да іх у пакой. Яна думала, можа, Косця захварэў, можа, у яго бяда якая. I яна адважылася, пайшла сама да яго, бо не магла больш жыць, не ведаючы, чаму не прыходзіць.