Выбрать главу

Аказваецца, Косця быў здаровы, гуляў з хлопцамі ў карты. Убачыў яе — не ўзрадаваўся, наадварот, быццам засаромеўся, што яна прыйшла, вочы зрабіліся халодныя, чужыя.

I Вера зразумела, што здарылася бяда. Косця больш не прыходзіць, бо не хоча яе бачыць, яна яму больш непатрэбная. Але чаму?

Яна яшчэ ратавалася, хапалася, як тапелец за саломінку: «А можа, гэта мне здаецца? Можа, хлопцы зараз пойдуць, і Косця ўсміхнецца, зноў зробіцца свой... Можа, мне здаецца?»

Але хлопцы пайшлі, а Косця не ўсміхнуўся, не абняў яе. Адышоў да акна, заклаў за спіну рукі. У акне быў відаць дом з рыштаваннямі. Яго адбудоўвалі са спаленай каробкі, яшчэ і цяпер відаць закураныя кавалкі сцяны, асабліва пад вокнамі. Усярэдзіне дом гатовы, толькі звонку трэба пафарбаваць. Вера ўспомніла, як і яны працавалі на гэтай каробцы, як Косця распілоўваў агнём электразваркі вялізную жалезную бэльку. Там яны і пазнаёміліся. Здаецца, аж цяпер запахла Веры электразваркаю.

— Я думала... Ты не прыходзіў... думала,— як апраўдвалася Вера.

Косця маўчаў, глядзеў у акно звужанымі вачыма.

— Ты за што-небудзь злуешся на мяне? Я што-небудзь не так зрабіла? Давай пагаворым...

I тады ён сказаў:

— Нам няма пра што гаварыць... Ты не тая, за каго сябе выдавала.

Веру здзівілі не столькі словы, як тон, голас, якім сказаў гэта Косця. Голас у Косці быў чужы і хрыплы, нібы моцна прастуджаны, нібы яму было цяжка гаварыць. А словы Вера нават не адразу зразумела. Як гэта — яна не такая...

— Як выдавала? За каго? — глядзела Вера на Косцю і дзівілася, што ён можа быць такі — зусім чужы.

— Не прыкідвайся,— рэзка павярнуўся да яе Косця.— «Як выдавала, за каго выдавала!» — перакрывіў ён Веру.— Свенту-недаткненту з сябе строіла! А сама! З немцамі! Тут, у акупацыю, з немцамі гуляла!

Косця ўжо не гаварыў, а крычаў, Веры здавалася, што ён зараз замахнецца і ўдарыць яе, можа, нават будзе біць, моцна і доўга.

Няхай бы ён ударыў яе... Няхай бы забіў, каб толькі не гаварыў такога. А ён наступаў на Веру і зноў гаварыў, быццам біў, і сябе, і Веру:

— Я табе ўсё... Я, можа, жаніцца з табою хацеў... А ты... Мне цяпер хлопцы праходу не даюць... Смяюцца з мяне, а на цябе кажуць — падсцілка нямецкая!..

У Веры ўсё паплыло перад вачыма — сцяна, паклееная зялёнымі шпалерамі, чорны круг рэпрадуктара на сцяне, стол з графінам і картамі, раскіданымі па цыраце.

— Але гэта няпраўда! — ледзь выгаварыла Вера.— Гэта няпраўда, хто табе нагаварыў?

— «Няпраўда»? — зноў перакрывіў Косця Веру.— Усе вы ўмееце адпірацца. Твая зямлячка сказала, Манька, твая сяброўка!

— Няпраўда, гэта няпраўда,— гаварыла Вера і сама дзівілася свайму голасу. Ён быў такі слабы, як у моцна хворай, такому голасу можна і не паверыць. I Вера змоўкла. Хацела загаварыць інакш, сказаць нейкія словы, каб Косця адразу паверыў, але не магла больш сказаць нічога. Усярэдзіне нешта душыла, нешта вялізнае, цяжкае ціснула на грудзі, на галаву, на вочы.

— Ідзі адсюль, ідзі,— адвярнуўся ад яе Косця.

I Вера павярнулася, пайшла, пайшла ўніз па лесвіцы, з аднаго жыцця ў другое.

Зялёная вуліца з дашчанымі тратуарамі скора скончылася, за ёю была пустка — згарэлі ў вайну дамы. Фунтаменты зараслі травою, дзе-нідзе ўздымаліся бугаркі прысыпанай зямлёю цэглы, друзу. Цераз пустку вяла вытаптаная ў траве чорная сцежка, і Вера пайшла па гэтай сцежцы, зноў не ведаючы, куды ідзе і чаго.

Над гарызонтам вісела доўгае тонкае воблака, пераразаючы жоўты круг сонца, якое апускалася за яго. Воблака здавалася чорным пасярэдзіне і залацістым па краях. А неба — шэра-сіняе, святлейшае ў тым баку, дзе сонца, і цямнейшае там, адкуль яно даўно сышло.

Перад Вераю ківаўся твар Манькі — чырвоны, як абвараны, з доўгім, быццам злепленым з гліны, носам, з маленькімі, як у парасяці, светлымі вочкамі.

«Манька, Манька, ну што я табе зрабіла, за што ты так... Я ж прыняла цябе, як родную, за стол пасадзіла, грошай перад палучкаю не было, дык пазычыла...»

Абрыўкамі ўставала перад Вераю, як сядзелі яны ў інтэрнаце за сталом, як перажывала яна — ці ўсё добра, ці хопіць закускі, віна на кампанію. Дзяўчат было пяцёра — Вера з Манькаю ды яшчэ трое з іхняй брыгады, жылі ў адным пакоі. З хлопцаў — Косця і Васіль, Косцеў таварыш. Косця сядзеў каля яе, і рука яго ўвесь час ляжала на яе плячы, і, здаецца, нікога не бачыў Косця, акрамя яе, толькі з ёю і гаварыў. Яна бачыла, як касавурылася Манька на Косцеву руку, як касавурылася на Косцю. Веры было, можа, крыху і сорамна, што Косця так, пры ўсіх, яе абдымае, але ёй было так добра ад таго, што Косцева рука ляжала на яе плячы... Ёй хацелася, каб усім было добра, і яна гаварыла пра Маньку, што вельмі любіць яе, што Манька — лепшая яе сяброўка, хоць вялікімі сяброўкамі дома і не былі.