Усё цішэй лязгат, усё далей цягнік, вось і зусім знік з вачэй, паехаў у сваю далёкую дарогу.
Набіраючы ў басаножкі жвіру, Вера пайшла па насыпе. Яна чаплялася нагамі за шпалы, некалькі разоў паслізнулася, выцяла нагу аб рэйку, але болю зусім не пачула. Яна ішла ў той бок, куды паехаў цягнік, куды толькі што зайшло сонца. У грудзях душыла, калола, не было чым дыхаць, і само сабою вырывалася:
— Гы... гы...
Яна спынілася, не выпускаючы сумачкі, прыціснула да грудзей кулакі. Ёй здалося, што яна зараз задыхнецца.
— О-о-о! — застагнала Вера.
Ногі самі павялі яе з насыпу, яна не сышла, а спаўзла пад адхон, чапляючыся рукамі за калючую траву. З хвіліну стаяла на каленях, упіраючыся рукамі ў зямлю, потым упала тварам уніз і загаласіла.
Цямнела, горад запальваў агні, яны ўспыхвалі, як свечкі на навагодняй ёлцы, і кожны з іх здаваўся вясёлым, шчаслівым. Узышоў месяц, ён быў вялізны, круглы і чырвоны, быццам толькі што ўстаў з пасцелі, дзе добра выспаўся за дзень і цяпер вось ідзе на вечаровы абход паглядзець, што робіцца ўнізе, на зямлі.
Вера ляжала на бруднай калючай траве ўніз тварам, плечы яе хадзілі ад моцнага плачу, слёзы цяклі па руках. Што рабіць, як жыць далей, Вера не ведала.
ГУЛЬНЯ
У пакоі стаяла шаснаццаць ложкаў і восем тумбачак, па адной на дваіх. Пры ложках, завешаныя прасцінамі, віселі сукенкі, паліто. Амаль што кожнай на ўвесь гардэроб хапала адной вешалкі, каторым не хапала, лічыліся багатымі.
Пры дзвярах месцілася мажная, прыземістая, абмазаная глінаю, пліта, на ёй стаялі закураныя чыгункі, каструлі, чайнік. Палілася пліта дрывамі, іх дзяўчаты дабывалі дзе маглі і як маглі. Удзень, бывала, прыглядалі, а вечарам, ідучы з заняткаў, цягнулі дошку ці бервяно, што «нядобра ляжала». Часам валаклі палена і з будаўніцтва, што вялося тут жа, вакол інтэрната. I тады ў пакоі шоргала піла, гакала сякера, а потым на пліце булькала каша, закіпаў чайнік. Іншым разам, як язычкі таго полымя, што вырывалася з камфорак, успыхвалі і невялічкія спрэчкі — каму ставіць на агонь свой чыгунок. Спрачаліся больш тыя, у каторых сукенкі і паліто не месціліся на адной вешалцы, у тых і ў чыгунок было што класці. Выручалі чаёўніцы, яны рэдка ставілі на агонь чыгункі, снедалі і вячэралі хлебам з чаем.
Чай з хлебам! Ого-го! Толькі сёлета і есць яго Шура ўволю, як адмянілі картачкі і зрабілі рэформу. А тыя гады... Лепей іх і не ўспамінаць. Ды як не ўспамінаць, як забыць — вайну, тры гады акупацыі, смерці, што давялося пабачыць сваімі вачмі.
Але ўсё, дзякуй богу, мінулася, прагналі немцаў, вайна скончылася, цяпер толькі жыць ды жыць. Цяпер яна такая шчаслівая — паступіла ва універсітэт! Каб гады тры таму назад наваражылі ёй такога — век бы не паверыла.
Згаладалая за вайну па вучобе, Шура накінулася на кнігі, усе сесіі здавала на «выдатна» і не паважала тых, у кім не бачыла старання, сур’ёзнасці. Яе абурала, што даўганогая Верка, якая не ведала страху акупацыі, жыла на Урале, вучылася і ў тыя страшныя гады, цяпер не вельмі налягае на падручнікі і ўжо мае два хвасты. Што легкадумная Наташка вечна круціцца перад люстэркам — хіба пасля такой вайны можна заставацца легкадумнай? Што сытая Алка, якой бацькі кожны месяц прысылаюць па тысячы рублёў, сяброўкам і капейкі ніколі не пазычыць.
Аднойчы, яшчэ на першым курсе, яна моцна пасварылася з Лінкаю. Іх курс паслалі выбіраць бульбу. Шура гнала баразну побач з Лінкаю. I раптам убачыла, што тая толькі зверху бульбачку збірае, а ўсярэдзіне зямлю і не калупне.
— Ты што гэта робіш, як гэта ты робіш! — накінулася Шура на Лінку.
Тая вачыма заплюскала — не адразу зразумела, чаго на яе навалілася.
— Гора ты не ведала, голаду! Бульбу ў зямлі пакідаеш!
— Пс-с,— пагардліва прасіпела Лінка.— А табе што? Старшыніха калгаса знайшлася!..
— Старшыніха ці не, але гадка глядзець на тваю работу!
— А ты не глядзі!
Пайшла Лінка іншую баразну шукаць, каб не рабіць побач з Шураю.
Той вечар, здаецца, была субота. Але нейкая ціхая субота. У клубе не было танцаў. I Грыша Буліцкі не выходзіў са сваім акардэонам на пляцоўку. Дзяўчаты займаліся кожная сваім. Вера, нацягнуўшы панчоху на шклянку, накладала на пяту штопку. Наташка, трымаючы ў адной руцэ маленькае люстэрка, пінцэтам вышчыпвала бровы. Кожны раз, як вырываўся валасок, Наташка моршчылася ад болю, лоб у яе над броўкамі паружавеў, але яна цярпліва трывала экзекуцыю. Таня шкрэбла лыжкаю па дне каструлі — даядала кашу, якая крыху падгарэла, і ад гэтага ў пакоі стаяў гаркаваты чад. Іншыя дзяўчаты таксама — каторая чытала, лежачы ў ложку, каторая поркалася ў тумбачцы. Шура вучыла англійскую мову. У яе быў закон — кожны дзень, хоць каменні на галаву валіцеся, яна павінна вывучыць не менш чым дзесяць слоў.