— Ньюспэйпа — газета... Мэгэзін — часопіс... Фэкторі — завод... Вэкэйшын — канікулы... Клоўз — вопратка,— шаптала яна.
Нехта з дзяўчат, яўна нудзячыся, сказаў:
— Дзевачкі, давайце гуляць у ісціну...
Існавала такая гульня — у ісціну. Усе садзіліся колам, аднаго чалавека выпраўлялі за дзверы, другога ставілі ў сярэдзіну кола. Той, хто стаяў у сярэдзіне кола — вадзіў гульню: збіраў думкі ўсіх іншых пра таго, каго выправілі ў калідор. А той, вярнуўшыся з калідора, павінен быў угадаць, хто і што пра яго тут сказаў.
— Давайце...
— Пайшлі,— жыва адазваліся дзяўчаты і застукалі зэдлікамі, крэсламі, збіраючыся пасярод пакоя ў кружок.
Знуджаныя сумным вечарам, дзяўчаты ажывіліся, чакаючы ад гульні хоць якой забаўкі.
I Шура, яшчэ раз паўтарыўшы,— Фэкторі... Клоўз...— адклала ўбок падручнік, узяла расхістаную табурэтку, што стаяла пры ложку, панесла ў круг.
Вадзіць гульню, збіраць ісціну ўзялася Маша — невысокая, светлавалосая, у якой, як і ў Шуры, увесь гардэроб месціўся на адной вешалцы, бо не было каму памагаць, усе блізкія загінулі ў вайну.
За дзверы выправілі Наташку, якая скончыла ўжо апрацоўку сваіх бровак, пакінуўшы адны вузенькія дужкі, не забыўшыся іх тут жа падмаляваць.
I пачалі збіраць ісціну пра Наташку.
— Прыгожая,— сказала пра яе Маша.
— Разумная,— сказала Таня.
— Харошы чалавек,— дадала Вера.
Шура слухала і думала: «Прыгожая? Разумная? Харошы чалавек? Ну, можа, і так... Але калі разумная, то чаму на тройкі вучыцца?..»
Маша збірала ісціну далей.
— Выдатная сяброўка,— заявіла Люда.
— Таленавітая,— дала сваю атэстацыю Ала.
Шура бачыла, што малююць дзяўчаты Наташку аднымі ружовымі фарбамі. Але не з аднаго ж ружовага зроблена Наташка, нават на сонцы ёсць плямы... Чаму ж і на плямку не паказаць? Можа, чалавек убачыць сябе збоку і выправіцца? I потым, усе ў адну дуду... Не, не цікава было Шуры дабаўляць сіропу ў гэту і без таго перасалоджаную вадзіцу... Павінен жа нехта... Гуляюць жа ў ісціну...
— Занадта круціцца перад люстэркам,— сказала Шура, калі падышла яе чарга.
— Усё, думкі сабраныя, ісціна ў маіх руках, гукайце Наташку,— запляскала ў ладкі Маша.
Наташка ўвайшла — крыху паружавелая ад хвалявання. Гульня-то гульня, але цікава, мусіць, што пра цябе сяброўкі думаюць.
— Прыгожая...
— Разумная...
— Харошы чалавек...
Наташка расцвітала. I ўгадвала, хто і што пра яе сказаў. Толькі раз задумалася, не магла здагадацца, хто пра яе сказаў — таленавітая. Але потым ткнула пальцам у Алу.
— Ты!
Наташкіны вочы пад вышчыпанымі броўкамі струменілі радасць, шчокі румянелі, ружовыя губкі ўсміхаліся, паказваючы роўныя белыя зубкі, і Шура не магла не пагадзіцца з Машаю, што Наташка сапраўды прыгожая. Радасць на хвіліну сышла з яе твару, калі пачула Шурыну думку. I, як ні дзіўна, угадала, што сказала гэта іменна Шура. Але адзін камарыны ўкус не мог сапсаваць настрою, не мог засціць зіхацення бліскучых прызнанняў, і Наташка, шчаслівая, апусцілася на свой табурэт.
За дзверы выправілі Алу.
I зноў пайшло тое самае:
— Разумная...
— Харошая сяброўка...
— Прыгожыя вочы...
Зноў пасыпаліся кампліменты, зноў паліўся сіроп, і Шуры зноў захацелася сказаць сваё. Сказаць нешта іншае хаця б для весялосці, для гумару, ці што, і каб не патрапляць усім, не страціць, так сказаць, самастойнасці.
— Талеркі пасля сябе мыць не любіць...
I Ала здагадалася. хто і што пра яе сказаў, і яна была задаволена сваёй атэстацыяй, толькі на Шуру кінула косы позірк.
Не, гульню гэту можна было назваць як хочаш, толькі не гульнёю ў ісціну. Дзяўчаты наперабой прыдумлялі найлепшыя словы, каб сказаць іх пра тую, што стаяла за дзвярыма. Усе былі разумныя, верныя сяброўкі, таленавітыя, у адной былі прыгожыя вочы, у другой ногі, у трэцяй валасы, у чацвёртай уся фігура. Усе былі ласкавыя, добрыя, пяшчотныя. I толькі Шура вяла сваё:
— Не мае ўласнай думкі,— сказала яна пра Таню, якая заўсёды з усімі пагаджалася.
— Любіць паспаць, абняўшыся з кніжкаю,— гэта пра Нэлку, якая клалася ў ложак з кніжкаю, быдта пачытаць, і тут жа засынала.