Выбрать главу

Аднойчы адзін хлопчык стрэліў у класе з рагаткі і выбіў шыбу. Прыйшоў дырэктар школы, спыніўся за настаўніцкім сталом, абвёў клас позіркам.

— Хто?

Клас маўчаў.

Дырэктар паўтарыў пытанне:

— Хто выбіў шыбу?

Зноў ніхто не адказаў, а бачылі ж усе, і Таня бачыла. «Чаму ж яны маўчаць? — дзівілася Таня.— Хіба можна пакрываць такія кепскія ўчынкі, маўчаць, калі пытае сам дырэктар школы?..»

— Няўжо сярод вас не знойдзецца ніводнага смелага, сумленнага вучня? — дапытваўся дырэктар.

I Таня не вытрывала, сказала:

— Гэта Колька Драчык...

Дырэктар пахваліў яе, а хлопчыкі пасля ўрокаў падпільнавалі і набілі.

I потым яшчэ некалькі разоў давалі ёй урокі таварыскасці.

Таня і цяпер, дарослая, не ведае, як правільна было павесці сябе ў той сітуацыі — ці выдаць Кольку Драчыка, ці змоўчаць, як усе. Мусіць, трэба было ўсё-такі змоўчаць, не адрывацца, так сказаць, ад калектыву. Але і такая філасофія можа завесці ў балота, будзеш бачыць несправядлівасць, але ўсе будуць маўчаць — і ты змоўчыш... А колькі такіх сітуацый падкідае жыццё... I як вучыць Сашку?..

Задумалася, ледзь не праехала свой прыпынак. Калі прабіралася да выхаду, нейкі мужчына, і не стары яшчэ, замест таго каб даць дарогу, пачаў бурчаць:

— Спала дасюль, а цяпер прэцца...

Нічога не адказала.

На работу прыйшла ў час, амаль разам з Любаю, толькі Таня задыханая, распараная, а Люба — акуратненькая, праз павелічальнае шкло ў акулярах былі відаць падмаляваныя вейкі, пакрытыя блакітнымі ценямі павекі.

Аддыхалася і Таня, прычасалася, села за стол, паклала перад сабою паперы.

Люба папоркалася ў сваёй вялікай скураной сумцы з замком-маланкаю, якая нагадвала пашчу акулы, выняла з той пашчы кнігу, прынесла Тані на стол.

— Што гэта? — спытала Таня, беручы ў рукі невялікі томік.

— Грошы на штраф,— адказала Люба. Потым растлумачыла: — Мяне даўно просяць напісаць рэцэнзію для часопіса, а я ўсё не выберу часу. Напішы ты. Я пазваню ў рэдакцыю, дамоўлюся.

Гэта з боку Любы было самаахвярнасцю, і Таня не магла прыняць такога яе жэсту.

— Дамаўляліся з табою, можа, яны хочуць, каб іменна ты напісала,— адклала яна ўбок кніжку.

— Ведаеш што,— не то роблена, не то сур’ёзна ўзлавалася Люба.— Гэта гнілая інтэлігентнасць...— Яна паправіла на носе акуляры.— Мы, па-мойму, з табою ў такіх адносінах, што няма чаго... Вазьмі і напішы, я табе не адкідаю абы-што, кніга харошая.

Яны сапраўды з Любаю былі сяброўкі. Люба старалася не падкрэсліваць свайго начальніцтва, і Таня была ёй за гэта ўдзячная. Але нешта ў адносінах Любы да Тані было падобнае на апякунства, у нечым Люба прызнавала сваё большае права. Яна, напрыклад, магла дазволіць сабе купіць дарагія модныя боцікі, а калі да такіх боцікаў прыцэньвалася Таня, Любе яўна не падабалася такая яе замашка. Часам Тані здавалася, што каб у яе крышку лепей склалася жыццё, то яны з Любаю былі б не столькі сяброўкі, як саперніцы. А можа, Таня ў нечым і памылялася, ва ўсякім разе, яна даражыла добрымі адносінамі Любы.

— Я бачу, што кніга харошая,— сказала яна,— тым болей сама напішы.

— Давай не будзем таргавацца, не возьмеш ты, я скажу ў рэдакцыі, што адмаўляюся пісаць, дадуць на рэцэнзію абы-каму, шкода аўтара,— заключыла Люба.

Аўтара было шкода, яго не вельмі песціла крытыка, хоць пісаў ён, магчыма, лепей за тых, чые імёны не сыходзілі з газетных палос. Талент аўтара быў някідкі. Ён пісаў пра вайну, але не столькі пісаў пра гераізм, як пра пакуты, якія яна прынесла людзям, ды быў там і гераізм, але не лабавы, не бяздумны, як у некаторых творах, а цярплівы і пакутлівы. Акрамя таго, аўтар не круціўся навідавоку ў начальства, сядзеў ціхенька. дома і пісаў. Калі трапіць яго кніга неразумнаму крытыку, рэцэнзія можа аказацца адпіскаю, незаўважанымі застануцца перлы, параскіданыя па апавяданнях, чаго добрага, папракнуць і за вузкае бачанне свету.

— Калі ты і праўда... I калі ў часопісе пагодзяцца,— сказала Таня.

— Усё, дамовіліся,— адрэзала Люба.

Таня паклала кнігу ў сумку, каб дома ўважліва прачытаць, падсунула да сябе рукапіс даволі вядомага аўтара — урыўкі з рамана. Пачала чытаць і толькі цяпер адчула, што недаспала — галава цяжкая, усярэдзіне нядобра, і вочы зліпаюцца. Трэба было перамагаць кепскае адчуванне. Каб рукапіс быў цікавы, то, мусіць, сам па сабе рассеяўся б і сон, але рукапіс уганяў яшчэ ў большую дрымоту. Хто яго ведае, гэтага аўтара, здаецца, і таленавіты пісьменнік, а нешта як гоніць яго, гоніць, быццам хоча ўсіх абскакаць, над усімі праславіцца, і ў гэтай пагоні губляе той талент, які мае, збіваецца на прымітыў, на дэтэктыў у горшым яго сэнсе. Але ў сэнсе сацыяльным, палітычным усё ў яго правільна, камар носа не падточыць, заўсёды ў святле апошніх рашэнняў.