Выбрать главу

Таня ніяк не магла засяродзіцца, паміж чытаннем думала, што трэба зайсці да рэдактара і папрасіць наконт тэлефона... Успамінала школу і голас хлопчыка за дзвярыма — «Мой родны кут, як ты мне мілы...». I яшчэ думала, што трэба пазваніць аўтару рэцэнзіі, якую забракаваў рэдактар, але гэта было непрыемна рабіць, і яна вырашыла, што пазвоніць, можа, заўтра ці паслязаўтра. Потым учыталася, некаторыя старонкі былі яркія, цікавыя, прарываўся талент аўтара.

Зайшоў сакратар рэдакцыі — Віктар Паўлавіч — худы, з глыбока запалымі вачмі, крыху сутулы. Прафесія часта накладае адбітак на твар, на постаць, на рухі, на голас, нездарма мы можам пазнаць у чалавек-настаўніка, доктара, мастака. Доўгая работа журналіста таксама накладвае свой адбітак, вось і ў Віктару Паўлавічу лёгка было ўгадаць старога газетчыка. Ён перажыў ці не пяцёх рэдактараў, работнік быў вопытны і чалавек харошы, заўсёды стараўся згладжваць неразумныя канфлікты, а ў важным заставаўся прынцыповым да канца.

— Ну, дзевачкі, што здасцё ў сакратарыят? — назваў ён дзевачкамі Таню з Любаю, якім падбіралася ўжо кожнай пад пяцьдзесят.

Люба, як загадчыца аддзела, пачала дакладваць, вымаючы са стала матэрыялы, змацаваныя ў левым баку канторскімі шпількамі.

— Можам даць тры рэцэнзіі, на выбар — гэту, гэту і гэту,— назвала Люба аўтараў і кніг, і рэцэнзій.— I яшчэ — Таццяна Максімаўна чытае ўрыўкі з рамана.

Віктар Паўлавіч павярнуўся да Тані.

— Рэцэнзіі мы даем часта, рыхтуйце ўрыўкі з рамана, як яны, цікавыя?

— Н-нішто,— заікнулася Таня.

Віктар Паўлавіч яшчэ крышку пастаяў, падумаў, пайшоў. Узяўся ўжо за ручку дзвярэй, ды азірнуўся, сказаў Тані:

— Падайце ў мясцком заяву, там прыйшлі пуцёўкі ў піянерскі лагер.

— Праўда? — узрадавалася Таня, ды тут жа астудзіла сваго радасць.— Ці дадуць, мне летась давалі.

— Падайце заяву, там будзе відаць... Я буду падтрымліваць...

I пайшоў.

Таня паклала аловак, з якім чытала рукапіс, уздыхнула.

— Залаты чалавек.

Люба складвала ў стосік рэцэнзіі.

— Залаты,— згадзілася яна.— Кепска будзе, калі ён пакіне рэдакцыю.

— А чаму ён павінен пакінуць? — здзівілася Таня.

— Ну, гады... На пенсію пойдзе... Здароўе кепскае.

— Божа мой,— уздыхнула Таня.— Няхай бы добрыя людзі жылі вечна!

Дома Саша папрасіў:

— Мама, я ўключу тэлевізар, там футбол...

— Футбол! — узвысіла голас Таня.— Ніякага футбола! Садзіся вучы ўрокі! Ад троек не можаш адчапіцца! Настаўніца казала, што мог бы і без троек! I я павінна працаваць, трэба зарабляць грошы, думала сабе новае паліто справіць, у старым лісіца ўжо на сабаку падобна, дык грошы прыйдзецца на штраф аддаць!

Саша паслухмяна выцягваў са свайго партфеля падручнікі, клаў на стол — збіраўся рабіць урокі. Разгарнуў кнігу, сшытак, узяў ручку, падпёр шчаку рукою, задумаўся. I раптам сказаў:

— Я вырасту, буду атрымліваць палучкі і куплю табе паліто... I боцікі куплю, як у цёці Любы...

У душы ў Тані ўсё перавярнулася, але пастаралася не паказаць сыну сваёй узрушанасці, спытала крыху з насмешкаю:

— Дык мне што, да тваіх палучак хадзіць у старым паліто?

А сама падумала: «I ўбачыў жа ён у Любы тыя боцікі...»

5

Машына ехала берагам мора, якое ўставала справа, нібы сцяна. Пад самае неба ўскідаліся хвалі, абвальваліся на бераг, і ёй было страшна, што хвалі зараз затопяць іх. Але іх не затапіла, хваля падхапіла машыну, і яны паплылі ў ёй па моры, як у чаўне. I Тані зноў было страшна, бо яна ведала, што плывуць яны не ў чаўне, а на машыне, што машына не можа плаваць па моры, што яны хутчэй за ўсё загінуць. А далёка ў моры стаяў вялізны белы карабель, і трэба было да яго даплысці. Ад гэтага залежала — загінуць яны ці не загінуць, загінуць ці не... Даплывуць ці не даплывуць...

Зноў перад імі ўздыбілася вадзяная гара, абрынулася на машыну, і Таня ад жаху прачнулася. Некалькі секунд ляжала, спаралізаваная страхам, не магла крануць ні рукою, ні нагою, потым скаванасць пачала праходзіць, але ясным заставалася адчуванне марской прасторы і Сяргеевай прысутнасці, нібы ён толькі што быў тут, побач з ёю.

Мінулае, перакручанае фантазіяй сну, зноў урывалася ў яе свядомасць.

Яны не ездзілі ў машыне па беразе мора, але Таня ўяўляла мора, калі ён гаварыў, што атрымаў пісьмо і сын яму піша: «Я ўжо здаровы і загарэлы, даплываю да буйка, напішы маме, каб яна не сварылася, што я плаваю да буйка, і каб не прымушала есці моркву...»