Выбрать главу

Ен любіў сына, радаваўся яго пісьмам і чытаў іх Тані. А ёй было няёмка... Няёмка гаварыць, думаць пра яго дзяцей.

Яны не ездзілі берагам мора, яны ад’язджалі на машыне кіламетраў дваццаць, трыццаць ад горада, потым збочвалі ў лес. Ён не браў з сабою ні віна, ні гарэлкі, часам толькі цукеркі, яблыкі, свежыя памідоры. Яны елі і размаўлялі. Аднойчы ён спытаў:

— Ты не была замужам?

— Не,— адказала Таня.

— Куды глядзяць мужчыны,— падзівіўся ён. Потым падумаў і сказаў: — Твой, мусіць, ляжыць пад Сталінградам? Ці пад Курскам?

— Можна суцешыць сябе і такім разважаннем,— адказала Таня.— Але не ўсе ж мае равесніцы старыя халасцячкі... I ўсё ж, мусіць, вайна... Калі і не забрала майго нарачонага, то значна звузіла для мяне выбар...

Яна ляжала на спіне, падклаўшы пад галаву рукі, глядзела на неба, па якім плылі белыя аблачынкі, і гаварыла, як спавядалася:

— Я магла выйсці замуж... Калі была студэнткаю, быў адзін... Ваня звалі... Сціплы, харошы хлопец. Мы сустракаліся з ім гады два. Ён сказаў мне: «Скончым універсітэт, паедзем разам працаваць». Я адказала: «М-угу»,— што павінна было азначаць згоду. А потым я зразумела, што не люблю яго... I ён паехаў, а я засталася... З майго боку гэта была здрада... Усё верыла, што свайго яшчэ сустрэну, а потым азірнулася — усіх хлопцаў разабралі... У нас на курсе было трыццаць дзяўчат і якіх пяць хлопцаў, ды хлопцы ўсе худыя, малыя, замораныя. Бачыла іх і не разумела — прыгожыя, разумныя дзяўчаты выходзілі замуж не вельмі перабіраючы. Праўда, цяпер і тыя, малыя ды замораныя, павылюднелі — той кандыдат, той дацэнт, той міністр, у капелюшах ходзяць, з партфелямі, адзін дык нават вядомы пісьменнік. Праўду кажуць, што, каб стаць генеральшай, трэба выйсці замуж за лейтэнанта... Я пра генерала не марыла... Не магла без кахання...

Памаўчала крышку, зноў загаварыла:

— Потым было два раманы, але абодва... Адным словам... Там нічога добрага і не магло атрымацца. Адзін быў жанаты, другі — стары халасцяк. Жанаты вярнуўся да жонкі, а стары халасцяк захацеў застацца халасцяком.

Яна сарвала травінку, адкусіла раз, другі, зняла пальцамі з губы зялёную дробачку.

— Потым той, стары халасцяк, гады цераз два хацеў зноў... пачаць усё спачатку... Але я адмовілася.

Яна расказвала яму ўсё шчыра, не стараючыся выставіць сябе ў выгадным святле, нібы нават кідаючы яму нейкі выклік.

Наогул яны былі вельмі шчырыя і адкрытыя адно перад адным, разумелі, што хлусіць ім зусім не патрэбна, хлусня ім нічога не дасць, самая маленькая можа толькі ўсё сапсаваць.

— Ну, а ты? Раскажы і пра сябе... Часта возіш вось так, як мяне, жанчын на палянкі?

Падзьмуў ветрык, здаецца, шпарчэй паплылі па небе воблакі, зашумелі вакол паляны бярозы, сосны. Надрывалася зязюля:

— Ку-ку, ку-ку, ку-ку...

— Ці часта важу? — перапытаў ён.— Зусім не вазіў... Да цябе... Вайна пачалася — я пацаном быў... Потым падрос і пайшоў дабравольцам. Там сустрэўся з Валюшаю, яна была медыцынская сястра, зусім дзяўчынка, таксама дабраволка... А пасля вайны вучыліся — і я, і яна. А потым я пісаў дысертацыю. Дзяцей гадавалі... Некалі было раманы вадзіць.

— Можа, таму і пасівеў рана, жыццё меў нялёгкае,— дакранулася яна да яго сіваватай скроні.

— Пасівеў,— усміхнуўся ён, прытуліў яе далонь да сваёй скроні.— Не, гэта не ад клопату, гэта ад генаў, у мяне бацька вельмі рана пасівеў. Калі табе нехта скажа, што пасівеў ад гора,— не вельмі вер, маладыя сівеюць ад генаў, старыя — ад гадоў.

— А хіба ж ад гора не сівеюць? — здзівілася Таня.

— Можна сказаць — не.

Ён расказваў ёй пра свае клопаты — піша доктарскую дысертацыю, але не мае добрай базы для доследаў, не мае часу ездзіць на сімпозіумы, навуковыя канферэнцыі, даўно ляжыць даклад па тэме і не можа яго прачытаць на людзях — вельмі шмат работы ў аддзяленні. Нядаўна быў усесаюзны з’езд хірургаў яго профілю, але яго не паслалі, паехаў той, каму там няма чаго рабіць.

Скардзіўся на іншыя клопаты:

— Я магу зрабіць вывалачку доктару, медыцынскай сястры, але баюся зачапіць нянечку — кіне анучу, венік, і будзь здароў. Перад міністрам не прыніжаюся, а перад нянечкаю — бывае.

— Ты мне падаў цудоўную ідэю,— смяялася Таня.— Пасваруся з рэдактарам, пайду да цябе ў бальніцу нянечкаю, калі на іх у вас такі дэфіцыт.

Ён павярнуўся да яе, абняў, пачаў цалаваць.

Бывалі вечары, калі ён, заняты сваімі клопатамі, не прыязджаў да яе і яна сядзела адна дома, думаючы толькі пра яго, кожную хвіліну чакаючы яго званка. Аднойчы ўявіла сябе яго жонкаю, нібы яна з ім, з іхнімі дзецьмі каля мора... Гэта здалося такім неверагодным шчасцем, такою нязбытнаю мараю, пра якія і думаць страшна, адагнала ад сябе насланнё.