Выбрать главу

Ну, сорам, гэта глупства, разважала Таня. Цяпер не той час, як некалі, ды яшчэ ў вёсцы, дзёгцем вароты такім жанчынам не мажуць. Вунь тая, архітэктарка, успомніла Таня адну жанчыну, замуж не выйшла, а бачыла, што старэе, і нарадзіла... А Верына сяброўка, Нэла, успомніла яшчэ адну жанчыну, якая нарадзіла без мужа. Бо кожная жанчына хоча мець дзіця... I страх адзіноты... Каб не застацца пад старасць з адной чарапахаю...

Яна ўвесь вечар праседзела ў замкнёным пакоі, то ляжала, то хадзіла, то сядзела, успершы галаву на рукі. Нехта званіў, але яна не пайшла да тэлефона, прытопала суседка, пашкрэбла ў яе дзверы:

— Танечка, вас да тэлефона...

— Мяне няма дома,— гукнула, не адчыняючы дзвярэй, не баючыся, што там, на провадзе, пачуюць, здагадаюцца — яна проста не хоча браць трубкі.

Ёй трэба было разабрацца ў тым, што з ёю здарылася, абдумаць з усіх бакоў. I яна зноў думала, ужо ў вечаровых прыцемках, не запальваючы святла.

«Ну, так, давай спакойна, без хвалявання... Што са мною здарылася? Бяда? Аперацыя — гэта, вядома, аперацыя, і ўсё можа быць, можна нават і памерці. Але памерці можна і ад грыпу, і ад ледзяша, што ўпадзе з даху на галаву. Цяпер такія аперацыі рабіць не забараняюць, хоць і не раяць, усё будзе прафесійна, так што не памру. А калі нават і так, то няхай, нядаўна ж сама хацела смерці... Толькі шкода забіваць таго... Болын ніколі, ніколі ў мяне не будзе, гэта факт... I ў перспектыве чарапаха... А так — будзе родная душа, свая крывінка... Людзі з прыютаў бяруць, да чужых душою прырастаюць, а тут будзе сваё...

Але каб была замужам, хоць які месяц, а потым разышлася, колькі цяпер разведзеных і самі гадуюць дзяцей... Усё-такі ў дзіцяці прозвішча бацькі і імя па бацьку... А так... Прыйдзе час, і яно спытае: «А дзе мой тата?»

На кожнае «за» знаходзілася дзесяць «супраць», і задачу гэту рашыць было немагчыма, тым больш што разбалелася галава, агарнула слабасць. «Ну вось, куды табе дзіця заводзіць, не ў твае гады, дзяцей трэба раджаць у маладосці»,— падумала з горыччу. «Але арганізм, мусіць, ведае, што робіць, калі выкінуў такую штуку, то, мусіць, спадзяецца на свае сілы...» I на кожнае «супраць» знаходзілася «за».

Усё гэта немагчыма было перамолваць у галаве, нікому не даверыўшыся, ні з кім не параіўшыся, і назаўтра вечарам яна пайшла да Веры.

Вера была дома адна — у паркалёвым халаціку, з касою, закручанаю ззаду абаранкам, утульная, будзённая — не імянінніца і не начальніца на сваёй рабоце, звычайная жанчына. Веры таксама не вельмі пашанцавала ў жыцці — была замужам, развялася, жыла з маці і гадавала дачку — дзяўчынцы ўжо трынаццаць. Поўная жыццёвай энергіі, душэўная, добразычлівая, Вера, здаецца, зусім не перажывала сваёй сямейнай няўдачы, была шчаслівая работаю, дачкою, вельмі клапацілася пра маці, у яе было шмат родзічаў — братоў, сёстраў, і родных, і стрыечных, і ўсе грэліся каля яе дабраты — таму яна даставала дэфіцытныя лякарствы, таго аглядала дома як доктарка, таго бегла павіншаваць з днём нараджэння.

— Танечка! — узрадавалася Вера.— Сто лет, сто зім, як той казаў, прапала ты з майго гарызонта, учора я табе ўжо званіла, але цябе не было дома.

— Была я дома,— адказала Таня, праходзячы з калідорчыка ў пакой,— не хацелася ісці да тэлефона.

Круглыя Верыны вочы яшчэ больш пакруглелі.

— Гэта ўжо нешта новае, раней такога за табою не заўважала, сядай,— паказала яна на крэсла, пакрытае тканаю накрыўкаю.

Верына кватэра напомніла Тані той дзень, ці хутчэй вечар, калі тут было весела, гаварыліся тосты, сыпаліся жарты, калі яны з Сяргеем сядзелі побач і з дотыку рук, невыразных адчуванняў нараджалася тое, што цяпер абрынулася на яе такой бядой. Было дзіўна, што не стаіць пасярод пакоя доўгі стол з батарэяю бутэлек, з закускамі, што ў кватэры прасторна.

— Ну, расказвай, як жывеш, якія навіны і чаму гэта табе раптам не хочацца браць тэлефонную трубку? — спытала Вера.

Таня крышку памаўчала, паглядзела на свае пазногці з ружовым аблупленым манікюрам, сказала, стараючыся пабароць хваляванне і сорам:

— Я зацяжарала...

Бровы над круглымі Верынымі вачмі паплылі ўгору, некалькі хвілін моўчкі глядзела яна на Таню, можа, чакаючы, што тая засмяецца, скажа, што пажартавала, ды разумела — такім не жартуюць, і па Тані было відаць — ёй не да смеху.

— Гэта сапраўды навіна,— апусцілася на крэсла Вера.— Толькі... Толькі... Хто ён?..