Выбрать главу

Так і ведала Таня, гэта пытанне будзе цяпер круціцца над ёю, вакол яе, усе будуць пытацца, гадаць: хто? Але яна не скажа, яна не можа гэтага сказаць, не мае права.

— Гэта няважна, Вера, ты яго не ведаеш,— сказала назнарок, што не ведае, хто-хто, а Вера яго ведала выдатна, бачыла, мусіць, кожны дзень.

— Дык я думаю... Калі так здарылася... Ён возьме цябе замуж,— цвяроза разважыла Вера. Сумленная, наіўная сяброўка, яна не магла дапусціць, што Таня завяла раман з жанатым чалавекам.

— Ен не можа ўзяць мяне замуж, бо ён жанаты,— адказала Таня.

Абурэнне, шкадаванне, папрок — усё адбілася на Верыным твары, але ў добрай душы пераважыла, мусіць, шкадаванне. Вера паднялася, выйшла на кухню, вярнулася са шклянкаю вады, падала Тані.

— Але я не хачу піць,— сказала Таня.

Вера выпіла сама, уздыхнула, пакруціла галавою, спытала:

— I што ты думаеш рабіць?

Таня развяла рукамі.

— Не ведаю, вось прыйшла да цябе параіцца... Можа, пакладзеш у сваю бальніцу?

Таня бачыла, што Веру ўразіла яе прызнанне, разумела Таня і тое, што сяброўка цяпер хоча аднаго — памагчы ёй, як зможа і чым зможа.

— У бальніцу я цябе магу пакласці,— сказала Вера, круцячы ў руках шклянку з рэшткамі вады.— Але ты падумай...

— А што думаць, што думаць! — горача загаварыла Таня.— Каб людзі пальцамі тыкалі — без мужа нарадзіла!

Вера так махнула рукою, што рэшткі вады са шклянкі выплеснуліся на падлогу.

— Гэта глупства, мяшчанства, мы жывём не ў сярэднія вякі, цяпер шмат такіх, і жанчын гэтых паважаюць, ніхто іх не асуджае!

— А само дзіця? Ці маю я права, ці не асудзіць яно мяне потым?

Таня ставіла перад Верай пытанні, якімі перамучылася сама — што скажа Вера, а значыцца, і людзі.

— Дзіця? — Вера задумалася.— Ну, ты дасі яму жыццё... Можа, яно будзе нялёгкае, як кожнае чалавечае жыццё... Але яно ўзбагаціць свет...

— Філосаф! — засмяялася Таня. Яна магла смяяцца і здзівілася таму.

— Падумай, Таня...

Яны некалькі хвілін маўчалі, Вера паглядзела на пустую шклянку, што дасюль трымала ў руцэ, паставіла на стол. На кухні нешта зашыпела, і яна выбегла, загрукала там начыннем, вярнулася з ручніком на плячы.

— Можа, ты есці хочаш, у мяне рыба смажаная.

— Не, дзякуй,— пакруціла галавою Таня.

Зноў нейкі час маўчалі, потым Таня сказала:

— Калі ты такая разумная, маеш адказы на ўсе пытанні, то скажы мне... Ці павінна я... Ну, расказаць таму чалавеку?

Яна перамучылася і гэтым пытаннем, і тут знаходзілася на кожнае «за» сваё «супраць», яна так заблыталася ў гэтых «за» і «супраць», што і іх павінна была вынесці на людзі.

Вера задумалася.

— Ну, каб я ведала гэтага чалавека,— пачала разважліва.

— Ведаць яго не трэба, чалавек як чалавек, прыстойны сем’янін... Будзем лічыць яго абстрактным мужчынам...

— Ну, я думаю так,— Вера пачала няўпэўнена, потым усё з большым перакананнем: — Каб ты збіралася пазбавіцца, то, відаць, можна было б і не гаварыць, а калі будзеш пакідаць, то...

Прыйшлі Верыны маці з дачкою, і маці і дачка вельмі падобныя на Веру, здавалася, вось такая будзе Вера ў старасці — ахайная сівая бабулька з добрым тварам, а такая была некалі — цыбаты падлетак з пяшчотнаю акругласцю падбародка, з мяккай ружовасцю чыстых шчок.

— Вячэра на пліце, калі астыла — падагрэйце, а я пайду з цёцяй Таняю, прайдуся,— сказала ім Вера.

Канечне, цяпер, пры дачцэ ды пры мацеры, не пагаворыш.

Лета канчалася, і хоць днямі яшчэ прыгравала сонца, вечарамі наплывалі вільготныя туманы, рабілася золка і холадна. Пахла цвіллю ад гародчыкаў, якія атулялі дамы, загаралася чырванню лазіна вінаграду, што плялася з зямлі па сцяне да балкона.

Яны гаварылі пра тое, што здарылася з Таняй, і Вера нарэшце заахала, завохкала, так здзівіла яе Таня, не чакала такога ад яе — гэта ж трэба, звязацца з жанатым мужчынам. Яна то ўшчувала Таню, то зноў угаворвала пакінуць дзіця, прыводзіла довады, якія прыводзіла сама сабе і Таня — аб адзінокай старасці, аб блізкім чалавеку, якога сама сабе павінна стварыць.

— Што б я цяпер рабіла, як бы я жыла, каб не было ў мяне Ірынкі? Не было б сэнсу жыць...

— А ці не будзе гэта эгаістычным? — пыталася Таня.— Думаць пра сябе, пра сваю старасць... Можа, лепей падумаць пра дзіця, пра яго лёс?

Вера раптам спынілася, стала насупраць Тані, замахала перад яе тварам рукамі. Здаецца, ніколі не бачыла Таня ў такім гневе заўсёды дабрадушную Веру.

— Раней трэба было думаць! Тожа мне! Разважае пра эгаізм! Што лепей для дзіцяці — каб яго забілі ці каб яно ўбачыла свет? Тожа мне!

Таня толькі міргала вачыма, прагаварыла, апраўдваючыся: