Выбрать главу

— Сустрэча наша не выпадковая,— паднялася на пальчыкі, сарвала з ліпы круглы, з зубчыкамі па баках, лісток.— Я цябе чакала... Хачу з табой пагаварыць.

— Што-небудзь здарылася? — спытаў ён заклапочана.

Побач з імі шумела вуліца — ішлі людзі, з гулам праязджалі тралейбусы, з грукатам — аўтобусы, недалёка ад іх адбойным малатком збівалі асфальт з тратуара. Месца для размовы не самае лепшае.

— Давай сядзем у тралейбус, праедзем пару прыпынкаў, зойдзем у парк,— сказала Таня.

Ён, вядома, не планаваў гэтай сустрэчы і тым болей паездкі ў парк, з хвіліну маўчаў, нібы думаючы — згаджацца ці не, і Таня ўжо чакала, што ён пачне адмаўляцца — «няма часу», «спяшаюся», але ён, хоць і не вельмі ўпэўнена, сказаў:

— Давай...

Яны селі ў тралейбус. Ён купіў два білеты, але ехалі, як незнаёмыя, ні пра што не гаварылі.

Выйшлі каля парку, цераз браму зайшлі ў яго сыраватую прахалоду.

Па баках шырокай цэнтральнай алеі на лавачках сядзелі пажылыя людзі, няйнакш, пенсіянеры, стаялі калясачкі з немаўляткамі, большыя дзеці забаўляліся гульнямі, бегалі адно за адным.

Таня з Сяргеем збочылі на вытаптаную ў траве чорную сцежку, пайшлі па ёй поплеч.

— Дык што здарылася? — спытаў ён, павёўшы на яе запытальным позіркам.

Таня набіралася духу. Набралася.

— У мяне павінна быць дзіця...

Адчула гаркату ў роце, і дробненька закалола ў скроні, і аслабелі ногі, аж захацелася ўзяцца за яго руку, але не ўзялася.

Ён маўчаў. Што было ў яго маўчанні? Здзіўленне? Абурэнне? Прыкрасць?

Нарэшце ён сказаў крыху хрыплаватым голасам:

— Я б вельмі хацеў табе памагчы... Скажы, чым я магу табе памагчы?..

Яна сама не ведала, што хацела пачуць ад яго, яна вельмі баялася, каб не падумаў ён, што яна цяпер будзе нечага ад яго патрабаваць, ёй проста важна было, каб ён зразумеў — у яе жыцці гэта як бомба...

— Разумееш... У мяне да цябе... Я да цябе,— пачала яна збіўчыва,— не маю ніякіх прэтэнзій... Я сама вінавата, і я думала — гаварыць табе ці не, вырашыла, што павінна сказаць, ці, можа, я не павінна была гаварыць?..

— Добра, што сказала, але чым я магу табе памагчы?..

— Я не чакаю ніякай дапамогі, я проста табе сказала...

Яе крыўдзіла гэта пытанне пра дапамогу, быццам яна, як жабрачка, прыйшла прасіць у яго міласціны. Зноў доўга ішлі моўчкі, потым ён сказаў, не вельмі ўпэўнена:

— Я магу арганізаваць... Ну, будзе прафесійна, без рызыкі, на самым высокім узроўні, праз тры дні будзеш здаровая, і ведаць ніхто не будзе...

Усё, што пакутліва ціснула ў грудзях, быццам абарвалася, абвалілася, і там утварылася пустата, быццам яна нечага чакала, на нешта спадзявалася, а яе ашукалі, паперка была складзена пад цукерку, а ўсярэдзіне — пуста.

Яны зайшлі ўжо глыбока ў парк, рудыя голыя камлі хвой з абламанымі сукамі ўскідалі ў неба калючыя парасоны кронаў, праз іх прасвечвала шэрае неба, а ўнізе сцежку ўкрывала ржавая хваёвая ігліца. На кустах каліны, што расла справа ад сцежкі, ярка спелі чырвоныя ягады.

— А калі я вырашу пакінуць? — спытала Таня.

Цяпер ён спыніўся, стаў насупраць яе — высокі, шырокі ў плячах, і блізкі ёй, і далёкі, і свой, і чужы. Бровы яго хмурыліся, вочы шукалі яе позірку і быццам прасілі зразумець яго, зразумець і дараваць.

— Пры нашым развітанні... Я папярэджваў... Нічым не змагу памагчы... Танюша, у мяне сям’я,— ён узяў яе за руку, і Таня здзівілася, якая яго рука халодная,— і я не магу яе пакінуць... I я не магу пакрыўдзіць жонку, а калі яна даведаецца пра гэта, то цяжкі ўдар... Я не змагу памагаць табе нават матэрыяльна, бо ўсе грошы аддаю жонцы... Калі я вінаваты перад табою — даруй мне, але...

Яна не адбірала ў яго рукі, хоць тое, што ён гаварыў, абражала, крыўдзіла. Гэты дотык вяртаў у мінулае, у тое, што было, ад чаго ён цяпер адракаецца і ад чаго ніяк не можа адрачыся яна.

— Сярожа, няўжо ты падумаў, што я прыйшла прасіць цябе пакінуць жонку... Ці шантажыраваць цябе... Ці прасіць матэрыяльнай дапамогі... Барані божа...

Мне нічога гэтага не трэба, я сама не дазволіла б табе кінуць сям’ю... I зарабляю я сама няблага... Я прыйшла да цябе, бо гэта і тваё... Каб ты ведаў... Я, хутчэй за ўсё, яго пакіну, бо...

Ён выпусціў яе руку, стаяў, пазіраў сабе пад ногі, і твар у яго быў вінаваты.

— Не крыўдзіся на мяне... Далібог, я не нягоднік... Але часта бываюць сітуацыі... Ну што, што я магу зрабіць для цябе?