Выбрать главу

Таня ўздыхнула.

— Самае лепшае, што ты мог бы зрабіць, гэта сказаць мне, што ты мяне яшчэ хоць крышку любіш...

Ён усміхнуўся, абняў яе, але тут жа апусціў руку.

— Я цябе яшчэ люблю... I часта ўспамінаю... Але я нічога не магу зрабіць... Я табе ўжо казаў — не магу разрывацца паміж жонкаю і каханкаю, хлусіць адной і другой, я прымусіў сябе адрэзаць раз і назаўсёды...

— Ці прывыкаць табе рэзаць...— усміхнулася Таня.— Але прабач... Твая праўда... Жыві шчасліва... Больш я цябе не патрывожу.

Ёй трэба было набрацца сілы, каб апошні раз глянуць яму ў твар, павярнуцца і пайсці, пакінуўшы яго на дарожцы, усланай іржавай хваёвай ігліцай. Пайсці, ведаючы, што ён там стаіць і пазірае ёй услед, і стрымаць сябе, не азірнуцца, і пастарацца ўкласці ў паходку як мага больш незалежнасці.

Дома яна не плакала, а неяк уся сцялася. Зноў хадзіла па пакоі, як ваўчыца, і на злосць яму, на злосць яшчэ невядома каму вырашыла пакінуць дзіця. Няхай прыйдзе на свет, няхай гадуецца, будуць удваіх, не адзінокія.

6

Прыняўшы рашэнне, Таня паспакайнела, хадзіла на работу, заказвала і рыхтавала да друку рэцэнзіі, артыкулы, часам цэлыя літаратурныя старонкі, адказвала на пісьмы. Гэта была, бадай, самая цяжкая работа ў аддзеле, і выконвала яе Таня, Люба як загадчыца толькі падпісвала лісты.

Рэдакцыю завальвалі вершамі, але толькі іх наіўныя аўтары маглі лічыць, што гэта вершы, з паэзіяй рыфмаваныя радкі, што грудзіліся на Таніным стале, не мелі нічога супольнага.

I трэба было цярпліва, не абражаючы найлепшых намераў і пачуццяў аўтараў, растлумачваць, чаму гэтыя вершы нельга надрукаваць, а растлумачыць было цяжка. У адказ на свае пісьмы яна часта атрымлівала гнеўныя папрокі — «А вы навучыце мяне пісаць так, каб можна было друкаваць!». Іншыя скардзіліся ў вышэйшыя інстанцыі, былі ўпэўнены, што вершы іх не горшыя за тыя, што друкуюцца ў газеце, рэдакцыя проста зацірае невядомых аўтараў.

Рэдактар выклікаў Таню, паказваў такія скаргі, патрабаваў, каб яна пісала аўтарам больш падрабязныя лісты, з падрабязным разборам вершаў, больш аргументаваныя.

— Міхаіл Арсенавіч,— гаварыла Таня,— пераканаць каторага з іх проста немагчыма, ёсць такія графаманы, што ў іх хоць кол на галаве чашы.

— А вы тлумачце, тлумачце,— гаварыў рэдактар.— Гэта ваша работа, на тое вас ва універсітэце вучылі.

Таня абяцала:

— Добра.

Яна, як і да гэтага часу, сумленна, шчыра працавала, але ад усяго іншага быццам адгарадзілася, быццам стварыла вакол сябе паветраную падушку, якая павінна была абараняць ад непатрэбнага. Прыходзячы дадому, яна пагружалася ў сябе, нібы прыслухоўвалася да таго, што адбывалася ў ёй самой.

«Няхай бы была дзяўчынка... Ах, няхай бы была дзяўчынка»,— думала Таня. Яна так хацела, каб нарадзілася дзяўчынка, што нават імя ёй прыдумала — Даша. Ёй падабалася гэта імя — Даша.

У рэдакцыі пакуль нічога не заўважалі, а Таня нікому нічога не расказвала, нават Любе. I ўсё ж — шыла ў мяшку не схаваеш. Першая зноў-такі заўважыла Люба. Яна сядзела за сталом, праз свае круглыя акуляры ўважліва сачыла, як Таня падыходзіла да тэлефона, вярталася на сваё месца. Таня адчувала на сабе гэты дапытлівы позірк і думала: «Няхай сабе... Усё роўна ўсе даведаюцца».

— Слухай, дзеўка,— загаварыла Люба,— гляджу я на цябе, гляджу і гатова аб заклад пабіцца, што ты цяжарная.

Таня пераклала паперы з аднаго боку на другі, памаўчала.

— I выйграла б заклад,— сказала спакойна.

Люба адкінулася на спінку крэсла.

— Ад каго?

Невядома, чаго больш было ў Любіных вачах — ашаламлення, цікаўнасці, спагады.

Таня чакала гэтага пытання.

— Ты яго не ведаеш.

— Разумею, хаваеш... Тваё дзела... Не буду дапытвацца. Да-а...

Люба кінула аловак, адсунула ад сябе рукапіс, было ясна, што працаваць яна больш не можа, так уразіла яе навіна.

I Таню ўзрушыла размова, круціла ў руках аловак, стукала ім па стосіку чыстай паперы, што ляжаў перад ёю,— збіралася пісаць адказ чарговаму паэту.

— Значыцца, думаеш адна гадаваць дзіця... А ты ведаеш, як цяжка гадаваць дзяцей, у мяне мама, муж і то...

Канечне, Люба была адна са шчаслівых жанчын, яна мела клапатлівага мужа — ідучы з работы ён заходзіў ва ўсе магазіны, што былі па яго дарозе, і прыносіў дадому цэлы партфель прадуктаў, ён па начах уставаў да дзіцяці, мяняў пялёнкі і падаваў малое Любе ў пасцель — толькі пакарміць, ён ніколі не сказаў Любе грубага слова. З імі жыла Любіна маці, якая вяла ўсю гаспадарку, і то Люба гаварыла, што другое дзіця нарадзіла зусім выпадкова, а болей, прабачце, ні за што на свеце.