Выбрать главу

— Цяпер ужо нічога не зробіш, буду гадаваць,— сказала Таня.

Люба сашчапіла рукі.

— Танька, ты гераіня... Канечне, вырасце дзіця, нідзе не дзенецца, я ведаю такіх кабет, родзяць сабе дзяцей і гадуюць... Ты — гераіня!

Яны доўга гаварылі. Люба то пужала Таню цяжкасцямі, то захаплялася яе смеласцю, абяцала і маральную, а калі спатрэбіцца, і матэрыяльную падтрымку.

Таня была ўдзячная Любе за тое, што не асудзіла, не пачала выпытваць лішняга, што прыняла блізка да сэрца.

Хутка даведаліся ўсе супрацоўнікі рэдакцыі. Здаецца, ніхто не асуджаў яе, наадварот, людзі зрабіліся больш уважлівыя, мужчыны на лятучках наперабой падстаўлялі крэслы, жанчыны частавалі цукеркамі, яблыкамі.

Хіба адзін Кулік часам паглядаў з яхідствам, з маслянаю ўсмешачкаю, але Таня рабіла выгляд, што не заўважае ні таго яхідства, ні ўсмешачак, ні самога Куліка.

А хутка яна пайшла ў дэкрэт і два месяцы адпачынку была спакойная, чытала, напісала тры рэцэнзіі, каб мець грошай у запас. Люба дамовілася з некім у выдавецтве, і ёй далі на пераклад некалькі апавяданняў — таксама будзе капейка. Хадзіла па магазінах, купляла пялёнкі, кашулькі. Ложак, каляску вырашыла купіць потым, кажуць, нядобрая прыкмета, калі купляць малому ўсё загадзя. Пра Сяргея старалася не думаць, ды і ён не падаваў пра сябе знаку, толькі месяцы тры таму назад адзін раз пазваніў. Таня зразумела, што звоніць ён з аўтамата — блізка гудзела машынамі вуліца. Спытаў, як яна жыве. Таня адказала, што жыве добра. Абодва памаўчалі ў трубку. Ён сказаў, што рады пачуць яе бадзёры голас. I яна адказала нешта падобнае. Развіталіся. Той званок усё-такі выбіў яе з раўнавагі, успаміналіся іх спатканні і апошняе, як хадзілі яны па дарожцы, усыпанай іржаваю ігліцаю хвоі. Успамін выклікаў шкадаванне, тугу, але старалася ні ў чым не вінаваціць Сяргея, старалася пераканаць сябе, што павінна быць яму нават удзячная — як-ніяк, ён даў ёй магчымасць зведаць невядомае. Ці ж ведае сам, што яна пакінула дзіця, можа, думаў, што яна яго там, на той дарожцы ў парку, толькі пужала?

А ў красавіку, калі па-вясноваму звонка заціўкалі пад акном вераб’і, забуркавалі на балконе галубы, калі прадаваліся ўжо перніыя, звязаныя ніткамі, букецікі пралесак, Таня нарадзіла сына. Яна так чакала дзяўчынку, так пераканала сябе, што будзе дачка, што сын здаўся нечаканым. Яго прынеслі ёй — маленькі белы скрутачак, з якога вытыркаўся ружовы тварык з носікам, нібы абсыпаным маннымі крупамі, з прыпухлымі зажмуранымі вочкамі, з маленькім роцікам, які крывіўся, моршчыўся, і Таня ніяк не магла паверыць, што гэта яе дзіця, яе сын. Шукала падабенства — на Сяргея ці на сябе — і не знаходзіла. Можа, пераблыталі ў бальніцы? На ўсякай рабоце бываюць памылкі, чаму не можа быць і тут, але доктарка пераканала, што памылкі быць не можа.

У палаце было чацвёра парадзіх, яна сярод іх — самая старэйшая, тры іншыя — зусім маладыя жанчыны. Тым траім мужы прыносілі кветкі, запіскі, перадачы. I на Танінай тумбачцы ў бутэльцы з-пад кефіру стаялі чырвоныя цюльпаны, і ёй прысылалі запіскі, перадачы, але ўсё гэта было ад жанчын з рэдакцыі, ад Веры, ад Ларысы Пятроўны. Яна ведала, што будзе толькі так, і старалася не зайздросціць тым траім жанчынам, хаця нешта падобнае на зайздрасць часам падступала да сэрца. Як ні дзіўна, але першыя дні тры да дзіцяці была амаль раўнадушная, не выклікала яно ніякага асаблівага пачуцця, акрамя хіба здзіўлення, што вось яно, новае жыццё, з’явілася на свет. А на трэці ці чацвёрты дзень хлопчыка з раніцы прынеслі карміць, і ён раптам каля яе грудзей заплакаў. I Таню разануў па сэрцы такі жаль. Яна села на ложку, пачала гушкаць дзіця, даваць яму грудзі. Хлопчык нібы папярхнуўся плачам і сціх. I Таня ледзь не заплакала ад вялікага да яго шкадавання. «Бедны мой, маленькі,— шаптала яна ў думках,— я цябе буду любіць, буду моцна любіць...» Потым ёй здавалася, што хлопчык заплакаў тым разам ад крыўды на яе.

Увайшла нянечка — пажылая поўная жанчына ў белым халаце, у белай марлевай хустачцы, завязанай пад падбародкам, збірала з тумбачак, з падаконнікаў парожнія бутэлькі з-пад малака і гаварыла:

— Каб яны пагарэлі, такія маткі, каб іх зямля не насіла, народзяць дзіця, а потым кідаюць, браць не хочуць...

— А хто кідае, хто браць не хоча? — спытала маладая жанчына, што ляжала насупраць Тані.

— Ды вунь, у пятай палаце,— кіўнула нянечка на дзверы.— Выпісваецца, а дзіця браць не хоча... Дактары ўгаварваюць, угаварваюць, а яна — што сцяна...

Нянечка сабрала бутэлькі, прыціснула іх да грудзей, панесла з палаты, а жанчыны сядзелі на сваіх ложках як знямелыя.