Выбрать главу

— Як гэта — браць не хоча, хіба так можна? — спытала жанчына, што ляжала каля акна.

— Мусіць, можна,— сказала тая, што ляжала насупраць Тані.

— Мусіць, нагуляла,— падтрымала размову трэцяя.

Парадзіхі загаварылі наперабой, асуджаючы такую матку, яны не выбіралі слоў і выразаў, вочы іх гарэлі абурэннем, твары расчырванеліся ад гневу і хвалявання.

— Гэта пайсці ды валасы ёй павыдзіраць,— гаварыла тая, што ляжала каля акна.

— Судзіць такіх трэба... Гэта ж і бацька недзе ёсць, і матка, а дзіця будзе з пялёнак сіратою расці,— падтрымала тая, што ляжала насупраць Тані.

Потым гнеў з жанчыны, якая не хоча браць дзіця, перакінуўся на бацьку таго дзіцяці, лаялі ўвесь мужчынскі род. I такія яны і сякія, гэтыя мужчыны, ім хоць бы што, з іх як з гусі вада, а па справядлівасці, дык і яго судзіць трэба, бо і ён вінаваты, скалечыў жыццё і дзяўчыне, і дзіцяці, а сам недзе хвастом накрыўся.

Кіпела ўся бальніца — парадзіхі, нянечкі, сёстры, дактары. Не часта бывае такое — дзіця для кожнай мацеры шчасце, радасць, а тут раптам знайшлася такая — вылюдак.

Вельмі хацелася Тані паглядзець на тую кабету, уяўляла яе брыдкаю, ледзь не з рагамі. Яна магла ўжо хадзіць і папрасіла нянечку, каб тая паказала ёй гэту страшную жанчыну. Дзверы ў пятую палату былі адчынены, і нянечка паказала:

— Вунь, у куце, коўдраю прыкрылася...

Таня глянула і як спужалася. Не магла адарваць вачэй ад таго кутка, хоць і разумела — няёмка так стаяць і разглядаць. Ды жанчына гэтага, здаецца, і не заўважала, а можа, прывыкла ўжо да такіх і недаўменных, і поўных асуджэння позіркаў.

На ложку ляжала нават не жанчына, а дзяўчынка, дзіця, гадоў не болей як семнаццаці, яна ўтулілася ў кут, прыкрыўшыся да падбародка коўдраю, нібы хаваючыся пад ёю ад балючых, як удары камянёў, позіркаў. Твар у яе быў зусім белы, у вялікіх цёмных вачах застыў не то страх, не то адчай, тонкія сіняватыя вусны шчыльна стулены і апушчаны куточкамі ўніз. Яна была падобна на звярка, загнанага ў кут і гатовага прыняць удар. «Божа мой,— жахнулася Таня,— няўжо ў яе няма маткі, сястры, каб памагчы... Божа мой...»

Яна вярнулася ў палату, лягла на свой ложак. З вачэй не сыходзіў твар маладзенькай парадзіхі. «Колькі трагедый схавана ў жыцці,— думала Таня.— I чаму так несправядліва... Кожная жанчына за шчасце лічыць выйсці замуж, гадаваць дзіця, чаму адным так проста ўсё даецца, а другая ў жыцці павінна прайсці праз усе кругі пекла... Што гэта, як хвароба, перадаецца разам з генамі? Можа, гэта і няправільнае назіранне, але Таня часта заўважала, што ў няшчасных матак і дочкі няшчасныя, часта дочкі нібы паўтараюць лёс сваіх матак. Вядома, тут не гены, а ўмовы жыцця... Кепская матка дабру не навучыць, а добрая матка, разумная паможа свайму дзіцяці і з пекла выбрацца».

У душу Тані зноў лінула пяшчота да свайго дзіцяці, не магла дачакацца, калі зноў прынясуць карміць.

З бальніцы выпісвалася напярэдадні мая. Горад быў як вымыты на свята, чырванню гарэлі сцягі, пупышкі на ліпах набрынялі ліпкім сокам, кроны бяроз агортваў жаўтаваты празрысты пух, і неба было як вымытае, празрыста-блакітнае, ляжала на ім адно белае воблачка, як анучка, якою яго толькі што старанна выцерлі.

З бальніцы яе забіралі Люба, Вера і Клава — худзенькая ціхая кабетка, стылістка з іх рэдакцыі, з якою Люба і Таня сябравалі. Жанчыны адна за другою адхіналі рог коўдры, глядзелі на дзіцятка і хвалілі — які прыгожы хлопчык і як падобны ён на Таню. Вера пабегла па таксі.

Таня пасля бальнічнай палаты ледзь не на смак адчувала свежае паветра. Незвычайна лёгкая пасля цяжарнасці і крыху няўпэўненая ад слабасці, якая яшчэ не зусім пакінула яе, яна адчувала сябе нібыта ў іншым свеце. I сябе адчувала іншаю, нібыта абноўленаю, і замірала сэрца: чаго больш чакае яе ў гэтым новым свеце — радасці ці гора...

7

На свята Першамая Таня не магла ўжо пайсці куды-небудзь у госці, сядзела з малым дома. Званілі Вера, Люба, Клава, Ларыса Пятроўна, жадалі ёй і сыну здароўя, шчасця. Кожны раз, як званіў тэлефон, Таня ў душы спадзявалася — а раптам Сяргей, можа, як даведаўся? Але ён не званіў з той далёкай зімы. Ведае ён ці не ведае, што ў яго нарадзіўся сын? Адкуль яму ведаць...

Хлопчык, якому яшчэ так і не прыдумалі імя, спаў у калясачцы, падоранай супрацоўнікамі рэдакцыі. Ён ляжаў ва ўсім беленькім, чысценькім, сам чысценькі, толькі што выкупаны з дапамогаю суседкі. Таня і не ведала, што гэта такі радасны занятак — купаць дзіцятка, паліваць яго, загорнутага ў пялёнку, прыгаршчамі цёплай вады, намыльваць кволыя, растапыраныя ва ўсе бакі ручкі, ножкі, глядзець, як ён недаўменна лыпае вачанятамі, разяўляе раток, зусім не разумеючы, што з ім робяць. Увогуле ўражвала бездапаможнасць дзіцяці — як хочаш яго загарні, куды хочаш пакладзі — нічым, ніяк не можа абараніцца.