Выбрать главу

Як крышку палепшала, купіла цукерак, пірожных — паехала да Сашы.

Дача стаяла на ўскраі хваёвага лесу — свежа пафарбаваны ў зялёны колер дом з вялікімі, чыста памытымі вокнамі. У двары, у скрынцы з пяском, валяліся цацкі — лялька без нагі, жоўтае пластмасавае гусянё, мячык, напалову сіні, напалову чырвоны. Па драўляным ганку паднялася да дзвярэй, адчыніла, увайшла ў цемнаваты вестыбюль. З калідора ў гэты вестыбюль выбегла некалькі нагола стрыжаных дзяцей, уставіліся на яе, потым выйшла нянечка — маладая жанчына ў белым халаце, з-пад якога была відаць квяцістая шаўковая сукенка.

Таня павіталася. Нянечка ветліва адказала на прывітанне.

— А дзе мой Саша? — абводзячы позіркам дзяцей з аднолькава стрыжанымі галоўкамі, спытала Таня.

— А які Саша, у нас некалькі Сашаў,— сказала нянечка.

— Саша Каштанаў.

Нянечка павяла вачыма па стрыжаных галоўках.

— А во ён... Во,— нянечка паказала на хлопчыка, які стаяў у куточку і глядзеў на госцю.

— Гэта?.. Саша Каштанаў?..— заікнулася Таня.

— Ну канечне,— упэўнена сказала нянечка.

Таня нясмела пайшла да хлопчыка.

— Саша... Сашачка,— паклікала слабым голасам.— Ідзі сюды...

Хлопчык недаверліва глядзеў на яе.

— Саша... Сашачка...

Ён падрос, паправіўся, загарэў, яго сапраўды было цяжка пазнаць. Ды і ён, мусіць, забыў яе, не кінуўся ж з радасцю, з плачам, як некалі дома ў яслях.

Таня ўзяла хлопчыка на рукі — і пахла ад яго ўжо не пялёнкамі, не кашаю, пахла чалавечкам — Сашам Каштанавым.

Яна выйшла з ім у двор, на святло, на сонца, дастала з сваёй сумачкі пірожнае, дала яму. Хлопчык узяў пірожнае дзвюма ручкамі, пачаў есці, але без усялякай радасці і без усялякай спробы хоць што-небудзь сказаць, на сваёй, дзіцячай мове, як звычайна робяць гэта дзеці.

Яна гладзіла яго стрыжаную галоўку, туліла да сябе, цалавала, а ён сядзеў у яе на руках абыякавы, безудзельны, маўчаў. У Тані балюча, трывожна сціскалася сэрца.

На двор выйшла нянечка, сказала, што зараз у іх абед, а потым будзе «мёртвая» гадзіна, яна мусіць забраць Сашу.

I Таня аддала сына, разумеючы, што гэта нянечка тут мае большае права на яго, чым яна, маці.

Не магла адразу пайсці на станцыю, вярнуцца ў горад, вырашыла пачакаць, пакуль дзеці адбудуць і абед, і «мёртвую» гадзіну.

Выйшла з двара дачы, пакіравалася да ўзлеску. Вакол расла густая высокая трава, у якой цвілі рамонкі, чырвоныя пеўнікі. Сярод зеляніны мільганула чырвоная суніца, адна, другая. Таня нахілілася, сарвала. Чым бліжэй падыходзіла да лесу, тым больш было ў траве суніц.

«Назбіраю Сашу»,— падумала Таня.

Яна выняла з сумкі папяровы пакецік, у якім было пірожнае, пачала ў гэты пакецік збіраць суніцы.

Дзень выдаўся вельмі гарачы, няшчадна паліла сонца, і пасля хваробы Тані пад яго пякучымі праменнямі рабілася аж млосна, але яна хадзіла па ўзлеску, збірала ягады, ніводнай не паклаўшы сабе ў рот. Сэрца сціскала туга — чаму Саша такі маўклівы, ціхі, дома быў не такі. Не пазнала яго — і ён не пазнаў, адвык... Кінула дзіця, як адраклася, можа, ён пакрыўдзіўся на матку, таму гэтакі маўклівы.

Скора яна адчула, што абпаліла ногі, абгарэлі рукі ў сукенцы з кароткімі рукавамі.

Суніц было многа, яна назбірала ледзь не поўны пакецік, і ўсё буйныя, сакавітыя. Тым часам павінна была скончыцца «мёртвая» гадзіна.

Дзеці сапраўды паўставалі ўжо, хадзілі па двары, і тут Таня заўважыла, што ўсе яны, як і Саша, маўклівыя, не бегаюць, не крычаць, не смяюцца, кожны корпаецца сам сабе, сам з сабою забаўляецца.

Знайшла Сашу, пасадзіла сабе на калені, трымала перад ім пакецік з суніцамі. Хлопчык двума пальчыкамі браў з пакеціка ягады, клаў у рот, еў, прыжмурваючы вачаняты,— і зноў маўклівы, абыякавы.

Гэтыя адведкі засталіся ў душы, у сэрцы Тані на ўсё жыццё як дакор сумленню, як вялікая яе віна перад сынам. Толькі потым яна зразумела, чаму Саша, чаму ўсе дзеці былі ў тых яслях маўклівыя. Яны проста не ўмелі яшчэ гаварыць. Дзяцей вучаць гаварыць тыя, хто ўвесь час побач з імі, гудзе і гудзе над вухам дзіцяці, як матка, з самага маленства. А тым нянечкам у яслях хапала работы абмыць дзяцей, накарміць, яны не гаварылі з дзецьмі, і дзеці між сабою не гаварылі, бо яшчэ не ўмелі.

На ўсё жыццё запомніла Таня, як не пазнала яна ўласнага сына і як ён яе не пазнаў, як моўчкі сядзеў у яе на каленях, браў двума пальчыкамі ягады з пакеціка і клаў у рот. I потым, калі Саша ўчыняў якую прыкрасць, калі свярбела рука пляснуць па азадку, успамінала тую дачу на ўзлеску, маўклівага стрыжанага хлопчыка, і рука не ўзнімалася, і Таня ішла на кухню, каб супакоіцца.