А колькі адабралі ў яе здароўя Сашавы хваробы — адзёр, кохлік, свінка, колькі папасядзела на бюлетэнях, колькі папанасілася з ім па дактарах.
Але як ні было цяжка, Таня ніколі не пашкадавала, што нарадзіла дзіця. Калі Саша, зусім яшчэ маленькі, абвіваў яе шыю мяккімі цёплымі ручанятамі, слінявіў ёй твар — цалаваў — для гэтай хвіліны варта было жыць на свеце; калі ён зрабіў першы крок, а потым са страхам, растапырыўшы пальчыкі, пратопаў да яе і ўпаў на яе далоні — дзеля гэтай хвіліны варта было жыць; калі ён вырываўся з гурбы дзяцей у садзіку і з крыкам «мама!» бег ёй насустрач — дзеля гэтай хвіліны варта было жыць; калі яна купляла яму новую цацку і ўяўляла, як ён будзе скакаць ад радасці, а потым засяроджана, ціхенька з ёю забаўляцца — дзеля гэтай хвіліны варта было жыць на свеце. Ды ці мала іх было яшчэ, хвілін, дзеля якіх варта было жыць на свеце, варта было ісці вёрсты па сыпучым пяску, несці на сабе пуды жалеза, стаяць, як тая блудніца, пад градам камення. Яна часам успамінала тую дзяўчынку-маці, укрытую да падбародка коўдраю, і думала — гэта ж тая пазбавіла сябе такога шчасця... Хаця... Маладая, яшчэ, можа, выйдзе замуж, народзіць дзяцей, будзе жыць, як людзі... Але жыццё жорсткае, можа і пакараць, можа, і той было наканавана толькі адно дзіця... Ды і як жыць з такою ношкаю, кожную хвіліну памятаючы, што недзе па зямлі ходзіць тваё дзіця, а ты не можаш яго нават і ўбачыць.
8
Час ішоў, Саша ўсё цвярдзей станавіўся на ногі, усё больш сур’ёзна і разумна разважаў, задаваў тысячы пытанняў, на якія Таня павінна была адказваць. Аднойчы ён прыйшоў з пытаннем, якога і чакала і баялася Таня.
— А чаму гэта ў Колі дзве таты, а ў мяне ніводнага?
Маці таго Колі, Сашавага равесніка, разышлася з Колевым бацькам і выйшла замуж за другога. Айчыма свайго Коля называў татам, а прыходзіў да яго і родны бацька.
Чакаючы пытання «дзе мой тата?», Таня падрыхтавала і адказ: няма яго... Памёр... Што іншае магла сказаць яна чатырохгадоваму чалавечку? Але цяпер, пад шчырымі, недаўменнымі вачанятамі ёй зрабілася няёмка хлусіць. Узяла Сашу за руку, павяла ў ванную — памыць яму рукі, твар. Хацела адцягнуць той момант, калі будзе маніць. Саша падстаўляў пад яе мокрую руку твар, заплюшчваў вочы, але ўсё роўна дапытваўся:
— У Колі дзве таты... А дзе мой?
— Няма... Памёр,— Тані лягчэй было гэта сказаць, не гледзячы сыну ў вочы.
— Яго забілі фашыстьн на вайне? — пытаўся Саша.
— Не... Вайна была даўно. Ён так памёр...
— Ён быў старэнькі і хворы?
Саша шукаў тлумачэння такой бядзе ў межах свайго жыццёвага вопыту.
— Паміраюць, сынок, не толькі старыя...
— I дзеці паміраюць?
Таня памыла ўжо сыну рукі, твар, выцірала ручніком. Саша памагаў ёй, потым адвёў ручнік, глянуў на маці чыстымі, нібы таксама толькі што памытымі вачамі, чакаў адказу на пытанне.
— I дзеткі, сынок, паміраюць.
Саша правёў далоняй па шчацэ, дзе, мусіць, яшчэ заставалася вільгаць.
— Але я не памру, праўда?
— Не, сынок, ты не памрэш, ты вырасцеш вялікі, прыгожы, разумны. Хадзем на кухню, я цябе пакармлю, ты, мусіць, прагаладаўся, я табе смачных аладак напякла.
Едучы аладкі, Саша ўжо расказваў, як яны з Валеркам гушкаліся на арэлях і як Валерка гушкаў яго высока-высока, пад самыя дрэвы, а ён не баяўся.
Калі Сашу споўнілася пяць гадоў, Таня вырашыла адзначыць яго дзень нараджэння. Сказала сыну, каб паклікаў сваіх сяброў, што жывуць у іхнім двары, і прыйшоў той самы Коля, у якога «дзве таты», прыйшоў Валерка, што высока гушкаў на арэлях, дзяўчынка Іра — з пышным блакітным бантам на галаве. Коля прынёс у падарунак Сашу кнігу «Мыйдадзір», Валерык — мячык, а Ірачка — шакаладку.
Таня спякла пірог, уваткнула ў яго пяць тоненькіх свечак і паставіла на стол. Яшчэ наклала ў вазачкі пячэння, цукерак, яблыкаў, варэння, купіла ліманаду, гэтага любімага дзіцячага напітку. Дзеці пілі і елі салодкае ад пуза, павыпэцквалі варэннем твары і толькі тады адваліліся ад стала, калі ён апусцеў. Заявілі, што пойдуць гуляць на двор. Таня загадала ім памыцца, адчыніла ім дзверы, і яны з грукатам, смехам пабеглі па лесвіцы ўніз, на хаду пытаючыся ў Сашы, калі ў яго зноў будзе дзень нараджэння.
А вечарам прыйшлі Люба, Вера, Клава, Ларыса Пятроўна.
Таніны госці віншавалі, цалавалі Сашу, прынеслі яму кветкі, падарункі, Ларыса Пятроўна прысвяціла юбіляру верш: