Выбрать главу

— А ты чаму катлеты не бярэш? — спытаў у мацеры.

Таня пабоўтала скарынкаю ў сваім кубку, адказала нібы спакойна:

— Я, сынок, больш чым месяц не буду есці ні мяса, ні катлет. Трэба ж заплаціць штраф — сто рублёў... А ты ж ведаеш, колькі я зарабляю... Трэба будзе сесці на галодны паёк.

— Дык і я не буду! — Саша паклаў свой хлеб з катлетаю і адхапіў руку, быццам апёкся гэтым хлебам.

Таня падсунула хлеб сыну.

— Ты павінен есці, бо ты расцеш... I розум твой павінен расці, бо пакуль ён у цябе дурны... А мне не прывыкаць да голаду, у вайну я была такая, як ты цяпер... Масла і катлет мы ў вочы не бачылі... Шалупінне ад бульбы елі. Праўда, тады галадалі з-за фашыстаў...

— I я не буду есці! — закрычаў Саша, адпіхваючы катлету. I раптам заплакаў, першы раз за сённяшні дзень заплакаў.

Жаль агарнуў Таню, але стрымалася, спытала строга і нібы спакойна:

— Не разумею, чаго ты плачаш, я ж цябе, па-мойму, не біла, хоць цёця Люба сказала, што трэба было налупіць.

— Ну і бі, набі, а ты не будзеш есці, дык і я не буду! — праз плач гаварыў Саша.

Таня адчула, што і яна больш не можа стрымлівацца.

— Саша, Саша,— гаварыла яна, і так шмат хацелася сказаць сыну, але зноў не ведала, што гаварыць і ці трэба гаварыць. Яны абое сядзелі над сваімі кубкамі, плакалі.

2

Дзень пачаўся як звычайна: яна ўстала ў сем гадзін, зрабіла Сашу сняданне, разбудзіла, выправіла ў школу, загадаўшы, каб пасля школы абавязкова прыйшоў да яе на работу. Ёй у рэдакцыю трэба было ісці крышку пазней, і яна збольшага прыбрала ў кватэры, кінула ў каструлю кавалак мяса — зварыць булён, каб потым можна было толькі заправіць крупамі.

Рабіла ўсё гэта і на нейкія хвіліны як правальвалася ў нерэальнасць, перад вачыма ўсплываў твар Сяргея, яго амаль сівыя валасы над гладкім ілбом. Гэтыя сівыя валасы пры маладжавым твары прыцягвалі ўвагу да Сяргея, надавалі яму рамантычнай таямнічасці, а ў цвёрдых вуснах, у разумным позірку адчувалася сапраўды мужчынскае, дужае і прывабнае. Таня ў Сашу ўсё шукае гэтых рысаў — мужнасці, цвёрдасці — у твары, у характары, але не бачыць. Саша бязлітасна падобны на яе — такі самы мяккацелы кісель.

Перад Таняю ўсю раніцу ўставала аблічча Сяргея, але яна не магла разабрацца, якія пачуцці яно выклікае. Крыўду? Яна не мае права на яго крыўдаваць. Каханне? Толькі не яно, каханне даўно мінула. Шкадаванне? А чаго шкадаваць? I ўсё ж яно прыходзіла, яго аблічча, і трэба было клопатамі дня адганяць яго.

У рэдакцыі закруцілася з работаю — рыхтавала да друку артыкул, адказвала на пісьмы. Выклікаў рэдактар. Ён сядзеў за сваім вялікім паліраваным сталом нахмураны, на дне вачэй ляжалі халодныя льдзінкі. Падаў ёй рэцэнзію, якую яна падрыхтавала з месяц таму назад.

— Рэцэнзія слабая, вярніце аўтару... Калі цытаты, якія ён прыводзіць, самыя лепшыя ў кнізе, то ўяўляю, якая кніга...

У голасе рэдактара быў моцны папрок і ёй — што ж яна за работнік, калі такі матэрыял яму падсоўвае.

Гадоў дзесяць кіруе рэдактар іх газетаю, а Таня, ды і не адна Таня ў рэдакцыі ніяк не могуць знайсці дарогу да яго сэрца.

Завялікую дыстанцыю трымае ён са сваімі падначаленымі, увесь час быццам хоча падкрэсліць сваю над імі перавагу. А Таня, хоць забіце яе, ніяк не можа засвоіць закон субардынацыі, надта хочацца ёй, каб усе людзі, якія пасады яны ні займалі б, у першую чаргу заставаліся людзьмі. Яна так ненавідзіць падхалімаў, што лістам сцелюцца перад начальствам, прыніжаюцца перад ім.

Вярнуўшыся ад рэдактара — яшчэ раз перачытала рэцэнзію. Здаецца, рэдактар маю рацыю. Рэцэнзія і праўда заблытаная, і цытаты... Як яна сама гэтага не заўважыла... Але мог бы сказаць мякчэй... Не так сурова і холадна...

Паклала рэцэнзію ў шуфлядку стала.

За дзвярыма пачуўся тупат, няйначай, абедзенны перапынак, і ўсе зрушылі з месцаў. Глянула на гадзіннік — ну так, без трох мінут дзве гадзіны.

Тані ў час абеду трэба было паспець у прадуктовы магазін, і яна, праверыўшы, ці на месцы кашалёк, ці не забылася торбачку, пабегла.

Такая разумная была не адна яна, у час абедзеннага перапынку шмат жанчын кідалася ў магазін, і было тут народу аж чорна. Давалі кілбасу, і за ёю выстраілася чарга. Кілбасы трэба купіць. Саша любіць кілбасу, а гэту, вараную, посную, есць без хлеба. Стала ў хвост. Як толькі набегла людзей за ёю, папрасіла дазволу адысціся і пайшла па іншых аддзелах. У металічны магазінны кошык паклала тры пакеты малака, пачак маргарыну, булку хлеба, батон, кілаграм цукру, кілаграм проса — Саша любіць прасяную кашу. Крыўда на сына не прайшла, але крыўдуй не крыўдуй — карміць трэба.