Выбрать главу

З нагружанаю сумкаю вярнулася ў чаргу па кілбасу. Прадаўшчыца крыкнула, каб больш чаргу не займалі — кілбаса канчаецца, і Таня захвалявалася: ці хопіць ёй?

Блізка каля прылаўка разгараўся канфлікт:

— Вы тут не стаялі!

— Як не стаяла, я на хвілінку адышлася, во гэта жанчына можа пацвердзіць!

— Ніхто вас не бачыў, сорамна лезці без чаргі!

Таня нервавалася, колькі ўзяць, кілаграм ці цэлы батон? Каб не гэты штраф, то не думала б, узяла б цэлы батон... Ды не будзе ж яна цяпер марыць дзіця голадам і сама галадаць не будзе, учарашняю скарынкаю хацела даць урок. Можа, гэта быў недазволены прыём, але яна не ведае, які ўжо прыём правільны, які няправільны, Сашку, здаецца, прабрала. Яна потым таксама ўзяла катлету, галадаць яны не будуць, на штраф пойдуць грошы, што збірала сабе на паліто, яшчэ зіму ў старым паходзіць. Крыўдна, канечне, цяпер жанчыны так апранаюцца, яна вечна горшая за ўсіх... Як жа там з кілбасою, хопіць ці не хопіць, колькі яшчэ чалавек наперадзе — раз, два, тры,— чалавек дзесяць, здаецца, хопіць...

Яна падышла ўжо блізка да прылаўка, бачыла ўжо прадаўшчыцу — высокую, з гонарам на беласмятанным твары, з халодным позіркам светлых вачэй. Спрытным рухам выхоплівала яна са скрынкі кілбасу, гопала на вагі, тут жа гаварыла цану і скідала батон на паперу, што ляжала побач і каля якой стаяла маладзенькая дзяўчынка, мусіць, вучаніца, загортвала кілбасу і пісала на ражку паперы цану.

Вось і Таніна чарга падышла, і ёй выхапіла прадаўшчыца са скрынкі батон, і ёй дзяўчына загарнула ў паперу. Адышла ад прылаўка задаволеная, павярнулася да касы, і агарнула прыкрасць — да касы стаяў доўгі хвост чаргі. Але нічога не зробіш, прыйдзецца выстаяць.

Металічны кошык, напакаваны даверху, цяжкі, брала яго то ў адну руку, то ў другую. Глянула на гадзіннік — абедзенны перапынак на зыходзе, а тут, як на злосць, у касе скончылася папера, касірка пачала ўцягваць новую стужку, ды так павольна гэта рабіла, так марудна. Другая каса была пустая, і Таня раззлавалася — вечная гісторыя, у абедзенны перапынак, калі так шмат людзей у магазіне, працуе толькі адна каса. Але ў гэту хвіліну са службовага ўваходу выйшла яшчэ адна касірка, Таня ведала ўсіх работнікаў гэтага магазіна, кожны дзень сюды бегала. Другая касірка пакіравалася да другой касы, і Таня рванула туды — каб сярод першых заняць чаргу. Першай стаць не паспела, стала чацвёртая, але і гэта было добра.

Скора яна заплаціла за свае прадукты, пераклала іх з магазіннага кошыка ў сваю торбу, пабегла на работу. Сёння ёй пашанцавала — і кілбасы купіла, і на работу не спазнілася, прыйшла яшчэ раней за Любу. Некалькі хвілін аддыхвалася за сваім сталом, дастала шчотку для валасоў, пудру, губную памаду, выняла з шуфляды люстэрка, паставіла на стол, прыпёршы да кіпы паперы. Глянула на сябе і ўздыхнула. Вочы прыпухлыя, твар шэры, валасы раскіданыя, бледныя вусны. Валасы прычасала, губы падмалявала, а прыпухлыя вочы і шэры твар засталіся.

Саша прыйшоў да яе на работу ціхі, пінжачок школьнай формы зашпілены на ўсе гузікі, стаў пры дзвярах, гатовы да любога матчынага загаду.

Кальнула ў сэрца ад такой пакорлівасці. Паказала на вольны столік і наўмысля строга сказала:

— Садзіся і рабі ўрокі!

— Ты што! — навалілася на яе Люба.— Дзіця толькі са школы, галава стомленая, а ты яму ўрокі! Яму пабегаць трэба!

— Набегаўся... Цяпер будзе на прывязі!

Саша пацягнуўся рукою да партфеля, што паставіў на падлогу каля крэсла, на якое сеў. Партфель аж распірала ад напханых у яго кніжак, сшыткаў, розных школьных прычындалаў.

— Добра, пасядзі так,— згадзілася Таня. Загаварыла да Любы: — Каб хоць тэлефон дома быў, каб магла праверыць яго па тэлефоне, дома ён ці не, дык жа ніяк не магу дабіцца.

— Пагавары з рэдактарам, няхай напіша просьбу ад рэдакцыі,— параіла Люба.

— Няёмка прасіць...

— Няёмка штаны цераз галаву надзяваць,— адрэзала Люба.

Увайшоў загадчык аддзела пісем Кулік Пятро Пятровіч — нізенькі, тоўсты, з круглым тварам і жывымі цёмнымі вочкамі, якія ўмелі перадаваць самую шырокую гаму пачуццяў — ад яхідства, падхалімства да робленых дабрыні і адчаю. Цяпер яго вочкі стрэлілі ў Сашу, і Таня не магла не заўважыць у іх яхідства. Здаецца, ва ўсёй рэдакцыі адзін Кулік асуджае незаконнае з’яўленне на свет Сашы. Стрэліў у хлопчыка нядобрым позіркам і тут жа перавёў вочы на яго матку. Чуйная Таня не магла не прачытаць у іх робленай дзелавітасці.

— Пісьмы на ваш аддзел... Прашу не затрымліваць адказы...