— Сяргей, я вельмі спачуваю твайму гору, пасля тых могілак я проста не магла... Ну, гэта цяжка выказаць словамі... Я не маю на цябе ніякага зла... Вельмі спачуваю...
Нешта ў яго твары тарганулася, застыла. На чорны касцюм зноў упалі пушынкі таполі, і Таня зноў пачала іх знімаць, счышчаць далоняй.
— Дзякуй табе,— ціха сказаў ён.— За ўсё дзякуй... I няхай расце Саша... Беражы яго...
Ён раптам павярнуўся і пайшоў — высокі, з жоўтым партфелем у правай руцэ, доктар навук, прафесар, упэўнены ў сабе, моцны чалавек, якога жыццё раптам так ударыла.
I Таня павярнулася, пайшла ў свой бок, да тралейбуса, пайшла павольна, адчуваючы слабасць ва ўсім целе, жаль і пачуццё нейкай страты, нейкага канца.
16
Мусіць, каб жыццё складалася з адных толькі трывог і непрыемнасцяў, то чалавек не вытрываў бы, не вытрывалі б яго мазгі, нервы, але жыццё хітрае, яно выкруціць цябе навыварат, патаўчэ ў ступе, а потым падорыць і радасць, каб не зняверыўся ты і ў радасці, каб завабіць цябе ахвотаю — жыць далей. Так як не можа лёс дарыць і адно толькі шчасце, бо тады чалавек страціў бы здольнасць пакутаваць, гараваць, без чаго не ўтрымаўся б на той вышэйшай ступені развіцця, на якую ўзнесла яго прырода як гомо сапіенса.
Радасць выпала. гэтым летам і Тані.
Ёй на работу пазваніла Вера, загаварыла бадзёрым голасам:
— Слухай, ты не хочаш паехаць да мора?
Ад аднаго толькі слова «мора» Тані зрабілася свяжэй на сэрцы.
— Ты чаму пра гэта пытаешся?
— А таму, што хачу табе прапанаваць... Тут ёсць магчымасць... Адзін чалавек з машынаю... Я з ім наперадзе, ты з Сашам ззаду...
Таня падсунула сабе крэсла, села, бо адчувала — аслабелі ногі ад радасці. Люба з падазрэннем паглядзела на яе праз свае акуляры — ці не чарговы ўдар лёсу зваліў Таню з ног.
Але Таня ўсміхнулася Любе, паказваючы ўсмешкаю, што ўсё ў парадку.
— Ты што, анёл з неба? — усміхнулася ў трубку Таня.— Ды гэта мая мара, з Сашам — да мора... А ты не жартуеш? Што там за чалавек з машынаю?
Вера крышку памаўчала.
— Ты сёння вечарам будзеш дома?
— Буду.
— То я зайду, растлумачу.
Вечарам Вера сапраўды прыйшла, і Таня як убачыла яе — ахнула. Вера адрэзала сваю касу, і цяпер на галаве ў яе была модная прычоска, на ёй быў белы імпартны касцюм, туфлі на платформе, уся Вера выглядала як абноўленая, памаладзелая.
— Касу адрэзала! — склала перад сабою рукі Таня.— Але не шкадуй, добра зрабіла, ты цудоўна выглядаеш, божа мой, якія тояцца ў нас, у жанчынах, рэзервы, а мы пра іх і не здагадваемся!
— Праўда?
Здаецца, Веры гэта было вельмі важна, хоць раней Таня не заўважала за ёй какецтва.
— Кепска, што ў цябе няма тэлефона,— гаварыла Вера, праходзячы ў пакой.
Сашы не было дома, недзе бегаў па двары. Яны ўселіся на Таніну канапку, і Вера загаварыла:
— Я па тэлефоне з табою не жартавала, ёсць магчымасць паехаць на поўдзень... Не буду цябе інтрыгаваць, раскажу, з кім і як...
Вера, здаецца, наважылася нешта расказаць Тані, але раптам запнулася, нібы шукаючы слоў, якімі гаварыць далей, зачыніла і адчыніла белую лакавую сумачку, пакруцілася, шукаючы ёй месца, кінула на стол.
— Адным словам, адзін чалавек хоча выйсці за мяне замуж,— Вера засмяялася,— пардон, жаніцца са мною...
— Дык гэта ж здорава, Верка,— узрадавалася за сяброўку Таня.
— Разумееш?.. Слухай, як мне новая прычоска, ніяк не прывыкну, праўда хораша? — дакранулася Вера пальцамі да сваіх валасоў.
— Цудоўна, ты разам са сваёй касою скінула гадоў дзесяць!
— Значыцца, мне цяпер трыццаць сем, яшчэ можна замуж... Смех смехам,— Вера перастала ўсміхацца,— але разумееш... Гэта ў маладосці выходзяць замуж лёгка, бяздумна, мне мая сяброўка, Оля Гарадзецкая, казала, што яна за свайго Кіма некалі выйшла толькі таму, што на ўсім пляжы ў яго быў самы лепшы загар!..— I тут жа зноў зрабілася сур’ёзная.— Ён удавец, мае дзвюх дачок, адна ўжо замужам, другая жыве з ім... Ну, і ў мяне Ірына... I мая дарослая, не сёння-заўтра замуж...
— Вось бачыш,— перабіла Веру Таня,— замуж выйдзе, ты адна застанешся, так што калі знаходзіцца чалавек, то не ідзі, а бяжы...
Вера ўздыхнула, пакруціла галавою.
— Разумееш, у яго ўжо свае прывычкі, у мяне — свае... Каб на старасці гадоў не апраставалосіцца, не шкадаваць потым... Мы з табою жанчыны незалежныя, не прывыклі, каб намі камандавалі, а там — мала што...