Выбрать главу

Павярнуўся, пайшоў.

— Божа мой, колькі начальнікаў на нашу галаву,— уздыхнула Таня.

А за дзвярыма чуўся голас Куліка, бубніў некаму:

— Раней у рэдакцыі быў дзіцячы сад, цяпер школа-прадлёнка.

Гэта ўжо на тое, што ў кабінеце сядзеў Саша.

— Месца ён тваё заняў? — уголас сказала Люба.

— Сквалыга,— не стрымалася і Таня.

— Плюнь,— супакоіла яе сяброўка.— Не ведаеш Куліка?

Таня ведала Куліка. Ён мог зняважыць ніжэйшага па чыну і да агіднага падхалімнічаць перад вышэйшым. Свае ўчынкі загортваў у паперку прынцыповасці, а сам рабіў толькі тое, што самому выгадна.

Вечарам Таня зварыла абед на заўтра, памыла Сашавы кашулі, шкарпэткі, улажыла сына спаць і сама лягла. У пасцелі падумала ўжо, што, можа, і праўда зайсці да рэдактара, папрасіць паперку — каб паставілі тэлефон. I яшчэ падумала, што заўтра трэба будзе схадзіць да Сашы ў школу, як там у яго, даўно не была.

Пачынала блытацца ўжо ў галаве, адольваў сон, апошняе, што ясна ўявілася,— сіваваты німб валасоў над чыстым белым ілбом. Павярнулася да сцяны, каб адагнаць гэты німб. I праўда адагнала, як у яму правалілася.

3

Яна адчула не то трывогу, не то боль і ад гэтай трывогі ці болю прачнулася. Вакол было цёмна і ціха, нават Сашавага дыхання не чулася. Спаў дом, спала вуліца. Ага, міліцыя, штраф, успомніла Таня. Ліха з імі, неяк абыдзецца, хацела супакоіць сябе, каб зноў заснуць, але акрамя гэтага турбавала нешта яшчэ, яна не магла спрасоння зразумець — што, пакуль не ўбачыла: яно нібы выплыла з цемнаты, наблізілася да яе, застыла — тое самае аблічча — малады твар і сівыя валасы... «Адыдзі!» — ледзь не ўголас сказала Таня, але ёй здалося, што аблічча ўсміхнулася здзекліва: «Чаго ж ты гоніш, калі сама завеш...» — «Не заву я цябе, навошта ты мне, не заву!» Цела напружылася ад хвалявання, і сон зусім знік, у галаве настала яснасць, быццам і зусім не спала альбо выспалася ўжо. Палэпала ў цемнаце па крэсле, шукаючы гадзіннік, знайшла, уключыла святло, і яно разанула па вачах, доўга жмурылася, пакуль разгледзела — дзве гадзіны. Уся ноч наперадзе, трэба спаць. Яна зноў лягла, укрылася, заплюшчыла вочы. Баялася, каб зноў не падступіла тое аблічча, і ад таго, што змагалася сама з сабою, сон не прыходзіў... Яна раптам убачыла сябе ў люстэрку — такую, як была тым вечарам: сукенка вышэй каленяў — міні, па модзе, акуратна прычасаныя валасы — спецыяльна збегала ў цырульню. З люстэрка на яе пазіраў малады смуглы твар, ніхто не верыў, што ёй трыцаць шэсць. Але яна памятае, добра памятае, што іменна тады ўбачыла ў сваіх валасах першы сівы, як спіралька, валасок, ён тырчаў, выкручваўся з прычоскі, яна доўга лавіла яго пальцамі, выдрала, выкінула. Яшчэ раз агледзела сябе — можна ісці, усё ў парадку.

З Верай яны пазнаёміліся ў час турысцкай паездкі па Чэхаславакіі. Аж не верыцца, што некалі яна была такая вольная, бесклапотная, магла дазволіць сабе такі шык — махнуць у падарожжа за мяжу. Градчаны, «Злата улічка» Старой Прагі, Карлаў мост, шырокая плынь Влтавы і пах, непаўторны пах вясны, каштанаў. Гэта была паездка, якая запомнілася на ўсё жыццё. I яшчэ, як падарунак,— сяброўства з Верай, з Ларысай Пятроўнай.

Вера загадвала тэрапеўтычным аддзяленнем у клініцы, яе сябры, знаёмыя ў асноўным былі медыкі, і сёння ў Веры медыкі, і будзе, напэўна, ён... З жонкаю... Чаму яна мінулы раз звярнула на яго ўвагу? Амаль зусім сівыя валасы і малады твар? Толькі таму? Наўрад. I бачыла, што з жонкаю, і жонка сімпатычная... А можа, ён даў падетаву? Здаецца, не... А можа, даў? Той позірк, адзін толькі позірк, які ён кінуў на яе. Было ў ім нешта... I яшчэ Вера, сама не ведаючы, што робіць, падліла масла ў агонь: «Вельмі таленавіты хірург... Кандыдат навук... Піша доктарскую...»

Падабаліся разумныя мужчыны.

Яна ведала, што паміж імі абсалютна нічога не можа быць, і ў той вечар наўмысля на яго больш не глянула і на сабе позірку яго больш не адчувала.

Ён скора знік з яе памяці і выплыў толькі цераз год, тым вечарам, калі зноў збіраліся да Веры, на дзень нараджэння.

У Верынай кватэры было людна, шумна. Яе сустрэлі вясёлымі галасамі:

— А вы ўсё маладзееце, прыгажэеце!..

— А сукенка, вы паглядзіце, якая сукенка!

— Харошая мода, мне падабаецца,— гэта ўжо мужчынскі голас, рэакцыя на яе «міні».

Ёй было прыемна чуць кампліменты, яна ружавела, шукала вачыма яго і не знаходзіла.

Да дзвярэй быў прышпілены ліст паперы з фатаграфіямі Веры аж з яе маленства. З некаторых фатаграфій былі павыразаны толькі твары, да іх смешна прымаляваны рукі, ногі, пад імі — вясёлыя вершы. Госці разглядалі фатаграфіі, чыталі подпісы, смяяліся.