Выбрать главу

— Нешта ты надта цвяроза разважаеш, ну, а каханне, каханне ў вас ёсць? — спытала Таня.

Вера паціснула плячыма:

— Хто яго ведае... Не ведаю, ці гэта каханне, ці так... Прыемна, што нехта яшчэ глядзіць на цябе...

— Хто ён?

— Выкладае фізіку ў політэхнічным... Кандыдат навук... Вось ён і заве на поўдзень... Але я не хачу адразу ўдваіх, быццам ужо дала згоду... Хачу больш прыгледзецца да яго... Паедзем з намі... Возьмем дзве палаткі, я буду з табою спаць, а ён — з Сашам.

Таня весела засмяялася.

— А захоча ён? Навошта яму такі баласт — мы з Сашам?

— Захоча, я ўжо з ім гаварыла, каб не захацеў, то я точна за яго не пайшла б, бо гэта значыла б, што ён эгаіст... А так... I ты да яго прыгледзішся, скажаш мне, ці варта...

— Ну, ведаеш...

— Дык згодна?

— Я на поўдзень вельмі хачу, мяне доўга ўгаворваць не трэба, так што...

— Так што!

I яны паехалі.

Верын жаніх, Уладзімір Міхайлавіч, вёў машыну. Быў ён невысокага росту, хударлявы, з вусікамі, у якіх прабіваліся сівыя валаскі, з жывымі цёмнымі вачамі, нейкі надта зграбны — і ў фігуры, і ў вопратцы — джынсы, тэніска,— і ў энергічных, дакладных рухах. З першага знаёмства, з першай размовы Таня зразумела, што чалавек ён разумны. Яна часам задумвалася: а наогул што такое розум чалавечы? Колькі ведала мужчын і адукаваных, і нават таленавітых, відных, часам на высокіх пасадах і, далібог, не разумных. Бо калі мужчына пазёр, калі вельмі нясціплы, калі пашляк, балбатун, хлус, то цяжка назваць яго разумным пры ўсіх іншых станоўчых якасцях.

Уладзімір Міхайлавіч не гаварыў глупства, жарты яго былі прыстойныя і дасціпныя, адчувалася, што акрамя сваёй фізікі ён цікавіцца і іншымі з’явамі жыцця — калі зайшла размова пра раман вядомага пісьменніка, які апошнім часам чытала ўся інтэлігенцыя, ён выказаў пра яго і сваю думку, і, як здалося Тані, даволі арыгінальную.

Таня з Сашам сядзелі на заднім сядзенні, Вера побач з вадзіцелем. Насустрач ім бегла бясконцая стужка шашы, дзе атуленая лесам, дзе на волі адкрытага стэпу, перабягала цераз масты, пад каторымі плылі рэкі, спынялася перад шлагбаумамі, мінала вёскі, невялікія гарадкі і зноў вырывалася на прастор. Насустрач ім імчаліся «Волгі», «Жыгулі», гружаныя самазвалы, рэфрыжэратары, некаторыя машыны іх абганялі. Вера з першых кіламетраў паставіла перад Уладзімірам Міхайлавічам умову — ехаць спакойна, ні з кім не спаборнічаць у скорасці.

— Добра, буду абганяць толькі веласіпедыстаў,— згадзіўся той, але не заўсёды выконваў сваё абяцанне, часам і набіраў разгон, на радасць Сашу, які аж павіскваў ад захаплення.

Яны ехалі ў Піцунду, дзе бываў ужо Уладзімір Міхайлавіч і ведаў добрыя мясціны для «дзікага» адпачынку.

Каўказ наплываў на іх сіняватым хрыбтом далёкіх гор, водарам цёплай вільгаці, яркім сонцам, якое залаціла паласу шашы, біла ў вокны машыны. На сцежках, што беглі ўсцяж дарогі, пачалі трапляцца смуглыя мужчыны з чорнымі вусамі, у вялікіх, як рэшата, шапках, жанчыны, нягледзячы на гарачыню, апранутыя ва ўсё чорнае.

Пасля Сочы горы падступілі зусім блізка, а справа, на ўсю неабсяжную далеч, раскінулася мора. Таня смяялася, што ў Сашы скора адарвецца галава, так круціў ён ёю, пазіраючы на ўсе бакі.

Вузкая палоска шашы вывівалася серпанцінам, аббягаючы падножжа гор, якія ўзвышаліся злева пакрытымі лесам схіламі, скалістымі вяршынямі, падступаючы блізка да абрываў, парослых кустамі, пад якімі, нібы вылітая з серабра, ляжала паверхня мора, адбіваючы ў сабе чыстае сіняе неба і распалены круг сонца. Здалёк наплывала цёмная сцяна высокіх стройных кіпарысаў, пальмы з камлямі, нібы абкручанымі кудзеляю, паказвалі на прасвет свае веерныя лісты.

«Дзікі» бераг Піцунды быў забіты машынамі, застаўлены палаткамі — сінімі, жоўтымі, чырвонымі і нагадваў цыганскі табар, уплішчыцца сюды, здаецца, было немагчыма, але Уладзімір Міхайлавіч пахадзіў, пагаварыў з адным, з другім чалавекам, і нехта крышку пасунуўся, нехта нешта прыбраў — знайшлося месца і для іх «Жыгулёў», для іх дзвюх палатак.

Тэрыторыя іхняга «дзікага» берага была даволі вялікая, ад мыса, які зялёным паўвостравам выступаў у мора, да агароджы, за якою пачыналіся «культурныя» пляжы. На мысе размяшчаўся пасёлак, дамы якога хаваліся ў густой зеляніне кустоў і дрэў, сярод якіх выступала адно — высокае, з раскідзістаю кронаю. Сярод іншай зеляніны яно ўзвышалася, як Гулівер над ліліпутамі. Мусіць, шмат гадоў стаіць яно вось так, пазіраючы з сваёй вышыні на мора, слухаючы плёскат яго несціханых хваляў.

Стомленыя ад дарогі, гарачыні, потныя, запыленыя, яны ўсе першым чынам кінуліся ў мора. Вада тут была чыстая, ад самага берага глыбокая, салёная, тугая, яна вяртала целу дужасць, маладосць, і скора яны, сабраўшыся ўсе ўчацвярых на плытчэйшым месцы, смяяліся, пырскалі адно на аднаго, дурэлі, былі як дзеці, што вырваліся на свабоду, дарваліся да асалоды.