Выбрать главу

Так пачаўся іхні адпачынак. Цяпер кожную раніцу, як толькі ўзыходзіла сонца, яны беглі ў мора. Уладзімір Міхайлавіч заплываў далёка, бераг быў «дзікі», без буйкоў, і плыўца ніхто не спыняў, не вяртаў. Таня з Верай далёка плаваць баяліся, плёхаліся па-сабачы метраў за дваццаць ад берага, не пускалі і Сашу далёка адплываць, але той часта вырываўся з-пад іх апекі і сігаў за Уладзімірам Міхайлавічам. Таня сварылася на сына, гразіла, што больш ніколі не возьме з сабою на мора, калі ён такі неслух, і хлопец нейкі час слухаўся, а потым зноў як зрываўся з прывязі, плыў у адкрытае мора. Дні за тры ён загарэў, яго худзенькая, кволая постаць нібы пацвярдзела, ён бегаў на сваіх цыбатых нагах па беразе, адчайна, з галавою, кідаўся ў хвалі, плыў пад вадою, і Таніна сэрца замірала і радавалася, калі яна бачыла, як вынырвае з хваляў яго макаўка, як пачынае ён біць сажонкамі па вадзе, рады прасторы, волі, куды вырваўся з каменю горада.

I самі яны, і ўсе «дзікія», што сабраліся на гэтым беразе, цешыліся свабодаю. Мужчыны цэлыя дні хадзілі ў адных плаўках, жанчыны ў купальніках, увесь быт ва ўсіх быў на віду, кожны ведаў, што ў каго варыцца на абед, і кухні, і сталовыя ва ўсіх размяшчаліся пад адкрытым небам.

Побач з іхнім пляжам узвышаўся высокі будынак пансіяната на трынаццаць паверхаў. Таня бачыла, як выплывалі з гэтага пансіяната на свой «культурны» пляж жанчыны ў доўгіх халатах, мужчыны неслі за імі гумовыя матрацы, лежакі, подсцілкі, жанчыны ўмошчваліся на гэтых матрацах і ляжалі пад тэнтамі, пад вялікімі расквечанымі парасонамі. Вечарамі кабеты выходзілі ў доўгіх сукенках, мужчыны — у скураных пінжачках, вельветавых касцюмах, што былі ў той сезон вельмі модныя, чынна гулялі па сваім надворку. Таня не зайздросціла ім, куды мілей была ёй іхняя воля, без шыкоўных туалетаў, якіх яна і не мела, без надакучлівага распарадку дня са сняданкамі, абедамі, вячэрамі.

Уладзімір Міхайлавіч на машыне ездзіў па прадукты ў пасёлак, Таня з Вераю гатавалі яду на газавай пліце, якую прывезлі з сабою,— невялічкай, белай, з маленькімі чырвонымі балонамі. Таня старалася як мага болей прадуктаў купіць за свае грошы: мяса, вінаграду, памідораў. Уладзімір Міхайлавіч і Вера сварыліся на яе за гэта.

— Мала таго, што я ў вас наезніца, дык яшчэ хочаце, каб была і нахлебніца? — спрачалася Таня.

— Кіньце вы пра гэта,— гаварыў Уладзімір Міхайлавіч,— мы вельмі рады, што вы з намі...

Таня з кожным днём усё больш захаплялася ім. Уладзімір Міхайлавіч быў з тых мужчын, якія ўсё ўмеюць, не саромеюцца ніякай работы. Ён умеў сам гатаваць і часам вызваляў Таню і Веру ад пліты, сам неяк па-хітраму, адмыслова смажыў мяса, і яно было — хоць пальчыкі аблізвай, пазнаёміўся з мясцовымі рыбакамі і разам з імі ездзіў вудзіць рыбу і прыносіў серабрыстую кефаль, сам чысціў яе, смажыў. Ён не дазваляў ні Веры, ні Тані мыць яго кашулі, шкарпэткі, усё рабіў сам.

— I ты яшчэ думаеш, ці выходзіць за яго замуж? — гаварыла Таня сяброўцы.— Гэта скарб, табе моцна пашанцавала.

— Я сама не ведала пра такія яго здольнасці,— дзівілася Вера.

— Глядзі, бо, калі ты адкінеш, я падбяру,— жартавала Таня.

Яна жартавала, а ў душы ёй было крышку зайздросна, калі бачыла, з якою любасцю глядзеў на Веру Уладзімір Міхайлавіч, як выбіраў ёй прыгожы яблык, прыгожую ягаду з гары прывезеных з базару, зайздросна было глядзець, як яны ўдваіх вечарамі гулялі берагам мора.

Таня лічыла, і, можа, не без падстаў, што яна прыгажэйшая за Веру. У яе і праўда была прыгажэйшая фігура — стройная, без лішняй паўнаты, цяпер пакрытая роўным залацістым загарам. А Вера не магла схаваць свайго даволі поўнага жывата, была нашмат ніжэйшая за Таню, ад сонца ў яе лупіўся нос і выгаралі бровы, вейкі. Дык чаму так часта выпадае шчасце непрыгожым і абмінае тых, якім, здаецца, яно павінна належаць па праву?

Часам яны ездзілі ў пасёлак Піцунда — і на базар, і пагуляць па тым, цывілізаваным беразе, каб лішні раз пераканаць сябе, што на іхнім, «дзікім», лепей. У высокіх прыгожых пансіянатах Піцунды адпачывала шмат іншаземцаў — балгараў, палякаў, чэхаў. Часам сярод іншых моў чула Таня і нямецкую. Колькі часу прайшло з вайны, а гэту мову яна дасюль не можа чуць спакойна. Ніяк не можа прывыкнуць, што нямецкая мова можа быць моваю і жанчын, і дзяцей, здавалася, гэта мова толькі салдат... I дзіўна было ёй, і непрыемна чуць, як гаварыла па-нямецку пажылая кабета з акуратнаю сівою прычоскаю, у шортах, што агалялі яе рыхлыя, з сінімі венамі ногі, як гаварыла гэтаю моваю цыбатая дзяўчына з распушчанымі па плячах валасамі, у джынсах, што шчыльна аблягалі яе круглыя маладыя ягадзіцы, як балбатаў па-нямецку хлопчык, меншы за Сашу — у вяснушках, з рудымі валасамі, акуратна зачэсанымі набок. Разумела, што гэта не тыя ўжо немцы, што гэта нашы сябры, і не магла пераадолець таго, што запала ў душу з маленства.