Выбрать главу

Пансіянаты стаялі на ўскраі хваёвага рэліктавага лесу, цяпер абгароджанага сеткаю, каб захаваць яго ў першабытным стане. Водар хвоі змешваўся з водарам мора, утвараючы тут непаўторны мікраклімат.

Пры ўваходзе на тэрыторыю пансіянатаў стаяла арка са скульптураю мужчыны, які ныраў у ваду, побач з ім застыў у палёце дэльфін, увасабляючы сілу, маладосць, прыгажосць, спрыт, рамантыку мора.

Усё ўзбярэжжа да самага пляжа было забрана ў бетон і служыла месцам прагулак, вечарамі тут густа гуляў прыбраны натоўп, водар мора і хвоі перабіваўся пахам дарагой парфумы.

Пакідаючы гэты райскі куток, хто-небудзь з іх чатырох кожны раз гаварыў:

— У нас усё роўна лепей.

Яны вярталіся да сваіх палатак, чакалі заходу сонца, каб палюбавацца, як будзе апускацца і большаць, налівацца чырванню яго круг, як дакранецца распалены дыск да роўнай, нібы шкляной, паверхні мора, як пачне пунсавець неба і задрыжаць, замітусяцца, быццам залатыя рыбкі, малінавыя сполахі на вадзе. Сонца апускаецца вельмі скора — вось ужо да паловы ўтапіла свой каравай у ваду, вось ужо адзін маленькі акрайчык застаўся, адна дробачка, вугельчык, і той патух, толькі большая, большая чырвань залівае неба, ваду. Пачынала цямнець, але не тухла чырвань, мора доўга ляжала сярод чорных абрысаў берага, як вялізная міса, поўная ружовай вады. Усе жыхары «дзікага» берага кідаліся ў гэту ружовую місу, лічылася, што найпрыемней купацца іменна цяпер, у цёплай, як сырадой, нагрэтай за дзень, спакойнай, без хваль, густой і тугой, як ртуць, вадзе, лавіць у ёй водбліскі сонца, якое ўжо недзе там, за гарызонтам, і бачыць яго цяпер можна хіба з вялікай вышыні, хіба з таго вунь самалёціка, што ляціць у недасяжнай вышыні, яшчэ пазалочаны яго праменнямі.

Пазіраючы на ўсё гэта, Таня хацела верыць, што ўсё ў жыцці падпарадкуецца самым лепшым законам, гармоніі, логіцы, усё, што мучыць нас — выпадковае, не вартае ўвагі, ёсць найвышэйшы сэнс жыцця, і ўсе яны ідуць да гэтага найвышэйшага сэнсу, і некалі дойдуць, а раней за ўсіх, напэўна, той, хто здолее ўзняцца над дробным, нікчэмным. З высокай вышыні сонца відаць нават тады, калі на зямлі ўжо цёмна.

Яна абірала бульбу на абед, Вера ляпіла катлеты з купленага фаршу, Уладзімір Міхайлавіч рыхтаваў свае рыбацкія прычындалы — зноў збіраўся ісці ў мора з рыбакамі, як да іх падбег хлопчык гадоў пяці, у квяцістых трусіках, аб’явіў Тані задыхана:

— Цёця, вашага Сашку б’юць!

Яна кінула нож, падхапілася, пабегла за малым у бок зялёнага мыса. Чула, што і Уладзімір Міхайлавіч бяжыць за ёю. Скора ён перагнаў яе, раней, чым яна, апынуўся на пустым беразе і ўжо хапаў, лавіў за рукі высокага бамбізу, які выкідаў наперад кулакі, стараючыся дастаць імі Сашку. Саша не кідаўся на свайго ворага, а толькі ўхіляўся ад удараў, засланяючы локцямі твар. Пакуль Таня падбегла, Уладзімір Міхайлавіч ужо моцна трымаў бамбізу, не даючы вырвацца і ўцячы, а Саша размазваў па твары кроў, якая цякла з носа.

— За што, чаго, за што ты яго! — крычала Таня ў твар высокаму хлопцу, якога трымаў Уладзімір Міхайлавіч. Хлопцу было гадоў шаснаццаць, ён быў на галаву вышэй за Сашу, у сініх плаўках, загарэлы, з непатухлай яшчэ злосцю ў зялёных вачах. Ён задыхана вырываўся з моцных рук Уладзіміра Міхайлавіча, але той не выпускаў яго.

— За што пабіліся? — напусцілася Таня на Сашу, думаючы, што зрабіў ён нешта кепскае, калі ўвёў у такую злосць бамбізу.

— Ён згубіў ласту,— паслужліва растлумачыў хлопчык, які паведаміў Тані, што б’юць Сашу, і прывёў іх на месца бойкі.

— Якую ласту? — павярнулася да хлопчыка Таня.

— Во такую,— паказаў той на зялёную, як у жабы, гумавую лапу, што ляжала на камянях.

Скора Таня і Уладзімір Міхайлавіч высветлілі прычыну бойкі.

Гэты вялікі хлопец меў ласты і маску, Сашу вельмі хацелася паплаваць з гэтаю маскаю і ластамі, хлопец даў яму сплаваць, і вось Саша згубіў ласту.

— Дык ты за гуму! Біць чалавека! — Уладзімір Міхайлавіч выпусціў рукі хлопца, нібы яму агідна зрабілася да іх дакранацца.

Прыбег бацька гаспадара ластаў — у майцы і шараварах, якія звісалі ніжэй тоўстага круглага жывата.

— Што такое, што такое,— накінуўся ён на Уладзіміра Міхайлавіча.— Сталы мужчына і біць хлапца.