— Ніхто не біў вашага хлапца, гэта ён... вунь, меншага за сябе скрывяніў,— стрымліваючы гнеў, адказаў Уладзімір Міхайлавіч.
— За што, чаго біўся? — напусціўся бацька на сына, але той толькі шморгаў носам.
— Саша ласту яго згубіў, ён за ласту біў Сашу,— зноў ахвотна растлумачыў пяцігадовы сведка ў квяцістых трусіках.
Толькі цяпер, здаецца, убачыў бацька высокага хлапца маску і адну ласту, якая ляжала на камянях.
— Забірай,— загадаў ён і замахнуўся на сына. Хлопец адхіліўся, сагнутаю ў локці рукою закрыў твар, абараняючыся ад удару, але бацька не ўдарыў, і сын хуценька падняў з камянёў сваё дабро.
— Марш дадому!
Хлопец патупаў у бок сваёй палаткі, бацька — за ім.
— Колькі гаварыў — не давай нікому,— пачулі яны злосны голас гаспадара шаравараў і майкі.
— За гуму!.. Біць чалавека!..— не мог супакоіцца Уладзімір Міхайлавіч. Ён абняў Сашу, які ўсё яшчэ размазваў кроў па твары.— Ідзі ўмыйся,— павёў яго да мора.— I пакажы, дзе ты плаваў.
Больш чым гадзіну ныраў Уладзімір Міхайлавіч там, дзе плаваў Саша, і знайшоў тую ласту, занёс гаспадару. А назаўтра паехаў на машыне ў Піцунду і прывёз Сашу маску і ласты — новенькія, прысыпаныя нечым белым, як талькам.
У Тані ўсё перавярнулася ўсярэдзіне.
— Уладзімір Міхайлавіч, колькі гэта каштуе, я заплачу,— палезла яна ў свой кашалёк.
— Кіньце,— узяў яе за руку Уладзімір Міхайлавіч.— Гэта мой падарунак Сашу.
Таня стрымлівалася, каб не заплакаць. Яна бачыла, як радаваўся Саша, як вачыма, поўнымі любові і адданасці, глядзеў на Уладзіміра Міхайлавіча. Здаецца, яна толькі цяпер зразумела, чаго пазбаўлены яе сын,— вось такой мужчынскай абароны, такой мужчынскай увагі, ласкі, адчувала сваю віну перад сынам, што сама не магла як след яго абараніць, даць яму ўсё, што неабходна хлопчыку ў яго ўзросце.
— Чаму ты мне не сказаў, што табе так хочацца тыя ласты, хіба я табе не купіла б? — папракала яна Сашу, абсалютна ўпэўненая цяпер у тым, што каб сын папрасіў, то і купіла б.
— Ага, у цябе заўсёды няма грошай,— сказаў Саша.
Таня і праўда ўспомніла, як часта на розныя просьбы сына адказвала — «няма грошай», як папракала апошнім часам за той штраф, што давялося заплаціць.
А Саша, схапіўшы ласты, маску, бег ужо да мора.
— Калі хто будзе прасіць — не шкадуй! — кінуў яму наўздагон Уладзімір Міхайлавіч.
Таня паглядзела на яго вачыма, поўнымі ўдзячнасці і любові. I тут жа спалохалася, спалохалася таго, што адчула яе сэрца да гэтага чалавека. Яна ўстала, пайшла, нібы за Сашам, да мора, а на самай справе, каб пабыць адной, адной з тым, што заліло сэрца.
Тое новае, што з’явілася ў яе да Уладзіміра Міхайлавіча, спалохала, ашаламіла. Падумала: можа, і ён да мяне... Але тут жа адагнала такое падазрэнне. Ён шчаслівы каханнем да Веры і хоча, каб усе былі шчаслівыя...
Але што б ні адчуваў ён, Таня спужалася таго, што адчула яна. Вера — яе сяброўка, і яна не можа, не можа зрабіць ёй прыкрасці. Яе ўзялі з сабою, без іх яна ні за што не трапіла б сёлета на мора, ёй не прыйшлося плаціць за дарогу, за жыллё, а яна... Не, яна не можа нічога сабе дазволіць. Яна не будзе скідаць цёмных акуляраў, каб не выдалі яе вочы, яна будзе стараніцца яго, засталося якіх дзесяць дзён... Хутчэй бы яны мінулі... Не, няхай бы цягнуліся бясконца... Кінь, дурная, вазьмі сябе ў рукі...
Калі вечарам Вера і Уладзімір Міхайлавіч паклікалі яе разам пагуляць па беразе, яна адмовілася. За імі хацеў увязацца Саша, але і Сашу Таня не пусціла.
— Няхай яны ўдваіх,— сказала сыну.
Саша з недаўменнем паглядзеў на маці, ён зусім не быў упэўнены, што Уладзіміру Міхайлавічу будзе весялей хадзіць з адною цёцяй Вераю, быў перакананы, што з ім гуляць было б куды весялей.
Некалькі дзён у іхнім, нядаўна такім дружным, лагеры панавала разгубленасць. Таня больш не смяялася, была змрочная, увесь час старалася застацца адна. I ў Верыных круглых вачах з’явілася нешта новае. Зніклі радасць ад прысутнасці іх аднаго пры адным, непрымушаны смех. Уладзімір Міхайлавіч заўважыў, што іхні карабель даў трэшчыну, пацёк, але ніяк не мог разабрацца, у якім месцы тая аварыя. А можа, і здагадваўся, ды не ведаў, як рамантаваць. I роспытамі не надакучаў, не лез у душы — ні адной, ні другой жанчыне. Адзін Саша нічога не бачыў, купаўся, плаваў са сваімі ластамі і маскаю, а потым з захапленнем расказваў:
— Плывеш так і не бачыш, якая пад табою глыбіня, а як глянеш цераз маску, во здорава! Прорва! Падводнае царства! Як у кіно! Горы там, горы, а на іх — зялёныя водарасці, гайдаюцца пад вадою, як ад ветру. I рыбы плаваюць, і медузы — сінія, як з кісяля. I светла там, сонца зайчыкамі, зайчыкамі. Ты, мама, сплавай, сплавай, паглядзі!