Чамусьці супакоеная, як скінуўшы цяжкую ношу, вярнулася яна ў палатку, зноў лягла на сваю пасцель, але ўжо хацелася ёй не стагнаць, а ўсміхацца.
Скора вярнулася і Вера. Крадком заходзіла ў палатку, старалася нічым не грукнуць, не разбудзіць Тані.
— Хадзі смялей, я не сплю,— сказала Таня.
— Не спіш? — у Верыным голасе чулася радасць. Шапацела сукенкаю, распранаючыся, потым па шоргату Таня здагадалася, што пачала закручваць бігудзі.
— Ну, дык што... Прыгледзелася да свайго Уладзіміра Міхайлавіча? — з ноткамі нейкага папроку сказала Таня.
Вера ўздыхнула, перастала накручваць валасы.
— Я закаханая ў яго, як дзяўчынка, я не ведала, што ў нашы гады яшчэ можна так кахаць,— прызналася Вера.
— Значыцца, у вас усё нармальна?
— Ага... Пра ўсё дамовіліся... Вернемся дадому, і я пераеду да яго, сваю кватэру пакіну Ірынцы...
— Ну вось, бачыш,— Таня старалася надаць голасу радасці і раптам адчула, што сапраўды радуецца, радуецца, што ўсё займае сваё месца, што ёй не трэба будзе пакутаваць, што зноў будзе адчуваць сябе чыстаю перад сяброўкаю, і перад ёю, і перад ім, і перад самою сабою...
Прабоіна ў караблі залаталася, ён шчасліва даплыў да канца свайго падарожжа, развіталіся ў горадзе, як найлепшыя сябры.
17
I вось — зноў шумныя вуліцы горада, перапоўненыя тралейбусы, аўтобусы, натоўп на скрыжаванні перад светафорам — вярнуліся студэнты, настаўнікі, скончыўся сезон адпачынку. На схіле быў жнівень, і хоць халады з дажджамі яшчэ не абрынуліся на зямлю, у паветры ўжо адчувалася набліжэнне восені — жаўцелі ліпы на праспекце, вецер прыносіў з палёў пах сухой травы, ускапанай зямлі, вітрыны магазінаў упрыгожвалі дары прыроды — пірамідкі чырвоных памідораў, белакачаннай капусты, яблыкаў.
У Тані заставалася яшчэ тры дні адпачынку, і яны аказаліся вельмі патрэбныя дома. Па-першае, пераканалася, што ўсю Сашаву адзежу можна выкінуць на сметнік — усё не лезла на яго, трашчала па швах — так ён вырас за гэта лета, а праз некалькі дзён у школу, і Таня кінулася па магазінах. А там, здаецца, і забіты паліцы рознымі таварамі, і адзежы поўна, а як прыйдзецца нешта купіць, то таго, што трэба, і не знойдзеш — то памерам не падыходзіць, то цаною, то Сашку, такому кавалеру, не падабаецца. Цягала хлопца па магазінах, чапляла на яго, як на манекен, адзін касцюм, другі. Нарэшце выбралі. Не меншы клопат быў і з чаравікамі. Паліто вырашыла пакуль не купляць, адпусціць рукавы, унізе, можа, яшчэ зіму праносіць. Ды і Саша новага паліто не хоча, падавай яму куртку. Трэба будзе прыглядацца, шукаць тую куртку. Сама, дзякуй богу, са сваіх сукенак не вырасла, не патаўсцела і не пахудзела, абыдзецца пакуль тым, што мае, хоць і хацелася б набыць якую абнову. Ды ліха з імі, з абновамі.
Пасля адпачынку трэба было яшчэ і прыбраць кватэру, і сябе дагледзець — пастрыгчыся, зрабіць прычоску, скончылася «дзікае» існаванне. Так і пракруцілася тры дні, часам на міг спынялася — не магла паверыць, што зусім нядаўна была каля мора, здавалася, яшчэ пахлі морам валасы.
Але вось скончыўся і апошні дзень адпачынку.
— Таццяна Максімаўна, віншую з выхадам на работу!
— А памаладзелі, а папрыгажэлі!
— О, каго я бачу! А загар! Загар! — так сустракалі яе ў калідоры супрацоўнікі, і Таня радавалася, адчувала — тут яе дом, яе сваякі, людзі, без якіх яна не магла б жыць.
Люба сядзела ў кабінеце адна, за сталом, заваленым паперамі,— такі заўсёды аказваўся яе стол падчас вяртання Тані з адпачынку.
— О-о! Нарэшце! — бліснула яна сваімі акулярамі.
Таня села за свой, вольны ад папер, стол, паклала на яго сумку.
— Ну, як гулялася-адпачывалася? — узлакацілася Люба на паперы, аглядала Таню, нібы па выгляду яе хацела атрымаць адказ на сваё пытанне.
— Ды ведаеш, добра, з мора, можна сказаць, не вылазіла, у адным купальніку ўвесь месяц прахадзіла.
— Па табе бачу, што добра... Так што... З новымі сіламі,— Люба паляпала рукою па стосе папер.
— Ды ўжо ж... Бачу,— усміхнулася Таня. Але не кінулася пераносіць тыя паперы з Любінага стала на свой, адхінулася на спінку крэсла.— Расказвай, якія тут навіны.
Люба паціснула плячыма.
— А якія навіны... Ніякіх навін...
— З’едзеш з горада на месяц, здаецца, тут ужо ўсё дагары нагамі, навін поўна, а вернешся — усё так, як і было,— сказала Таня нібы са шкадаваннем, што ўсё тут так, як і было.— А хто на месцы Віктара Паўлавіча? Яшчэ не знайшлі?
Загадчыца аддзела хітра памаўчала, прыжмурылася. Потым адказала: