— Во бесталковая, не можа зразумець — з нашага дому, з нашай кватэры, прыйшоў дзядзька з чамаданчыкам і паставіў нам тэлефон, чырвоненькі... Ты мяне чуеш?
— Чую, чую,— адказала Таня.— Дык ты не смяешся з мяне, у нас тэлефон?
— Добрыя смешачкі, адкуль жа я табе званіў бы... Слухай, мама, цяпер ты мне пазвані, я паслухаю, ці добра ён працуе, мояса, толькі ў адзін канец звоніць?
— Пазваніць табе? А які наш нумар?
Саша на тым канцы дроту засоп, трубка звякнула аб нешта, але скора зноў зазвінеў сынаў голас.
— Во тут напісана...
Саша назваў нумар тэлефона, Таня набрала яго і пачула поўнае захаплення:
— Алё! Мама! Гэта ты?
— Я...
— Калі ты прыйдзеш дадому?
Таня паглядзела на гадзіннік.
— Скора ўжо, яшчэ гадзіна засталася.
— Скарэй прыходзь!
— Добра, сынок, а ты пакуль будзь дома, нікуды не бяжы, я скора прыйду, і мы з табою сходзім да цёці Веры і дзядзі Валодзі.
— Ага, добра,— ахвотна згадзіўся сын.
Таня паклала трубку, паглядзела на Любу, якая слухала размову па тэлефоне.
— Павінны ж быць у нашым жыцці хоць маленькія радасці,— сказала яна.
— Павінны,— згадзілася Люба.
I пайшло далей жыццё — дзень за днём, дзень за днём, паскараючы і паскараючы свой бег. Не агледзелася Таня, як мінуў верасень, надышоў кастрычнік, часцей зацерусіў дождж, вецер агаляў гарадскія скверы, паркі, усцілаючы дол жоўтым лісцем бярозы, клёнаў, раніцою над зямлёй падоўгу віселі белыя туманы, карацейшым і карацейшым рабіўся дзень, работу цяпер канчалі пры электрычным святле, дадому Таня ішла цёмначы і ўставала, на работу ехала цемнатою, уціскаючыся ў перапоўнены, яшчэ не адышоўшы ад сну тралейбус.
У рэдакцыі ў яе ўсё было нібыта нармальна, Кулік не чапіўся да яе матэрыялаў, але яна не магла слухаць яго выступленняў на лятучках, такія яны былі напышчаныя і няшчырыя. I іншыя ў рэдакцыі пасмейваліся, але маўчалі.
Яе неяк сцішвала, супакойвала сёлетняя восень з гэтымі кароткімі днямі, здавалася, цемната затуляе ад нечаканай прыкрасці, цясней звязвае з сынам — болей трымае яго пры доме. Яна кіравала цяпер Сашам па тэлефоне, правярала, ці ў час вярнуўся ён са школы, казала, што вымаць з халадзільніка на абед, давала яму гадзіну часу на гульню ў двары і праз гадзіну правярала па тэлефоне — ці дома ўжо, ці сеў за ўрокі. Вельмі баялася, каб зноў не ўлез у якую бяду, не нарабіў шкоды і ёй, і сабе, а галоўнае — сабе. Яна старалася падсоўваць яму цікавыя кнігі, каб прывіць любоў да чытання, каб менш вабіла вуліца, а больш кніга, запісала яго ў гурток малявання пры Доме піянераў.
Жыццё ўступіла ў тую паласу, калі ўсё ідзе нармальна, роўна, калі нішто не выбівае з каляіны, калі здаецца, што так ужо будзе бясконца, бо як ні ўглядайся ўдаль, у будучае, нічога там не ўбачыш, нічога не ўгадаеш. Што тоіцца там, як сыходзяцца абставіны, падзеі, што снуюць са сваіх нябачаных ніцяў — новую радасць? Новую бяду? Здаецца, усё перадумаеш, што з табою можа здарыцца, але таго, што здарыцца, ніколі не ўгадаеш, бо жыццё не кепскае і не добрае, як сказаў адзін пісьменнік,— яно арыгінальнае.
Мінуў лістапад з халоднай морассю, вільготным ветрам, надышоў снежань. Белым пухам пасыпаўся з неба першы снег, укрыў зямлю сляпучаю беллю, а назаўтра растаў, ператварыўся ў балота. Потым зноў падаў снег, і зноў раставаў. У канцы месяца падмарозіла, зямля застыла цвёрдымі грудамі, лужыны зацягнула белым лядком.
I зноў нясмела ўпала сняжынка, нібы прыляцела ў разведку — як сустрэне яе зямля, ці не знішчыць, не праглыне, як праглынула раней яе сёстраў? Але зямля ўжо спала, і сняжынка апусцілася ёй на грудзі. Нібы гукнула сваіх сябровак — ляціце, усё ў парадку! I тыя пасыпаліся на зямлю, укрываючы яе пухам — каб цяплей спалася.
Прыбіраўся горад. На вітрынах універмага з’явіліся выразаныя з фольгі сняжынкі, са столяў звісалі залатыя, сярэбраныя ніці «дожджыку», на паліцах, апранутыя ў аднолькавыя чырвоныя зіпуны, з аднолькавымі белымі бародамі, стаялі адзін пры адным дзяды-марозы, дзяўчаткі, прыбраныя пад снягурачак, прадавалі ёлачныя цацкі. Гусцей, шумней зрабілася на вуліцах, людзі неслі спавітыя вяроўкамі елкі — горад рыхтаваўся сустракаць Новы год.
Фімка
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
1
Матылёк рабіў кругі над рамонкам, то ўзлятаў, то апускаўся, нарэшце зачапіўся тонкімі і моцнымі лапкамі за жоўтую сярэдзінку, стуліў крылцы, упіўся ў кветку доўгім тонкім хабатком. Смактаў салодкі сок і то складаў крылцы, то расхінаў, быццам даючы палюбавацца яркім узорам з аранжавых, жоўтых і чорных крапінак. Ён стаяў на рамонку, ледзь дакранаючыся да яго лапкамі, быдта балерына на кончыках пальцаў, якую Фімка бачыла на малюнку ў кніжцы, і крылцы ў яго былі падобныя на сукенку ў той балерыны.