Выбрать главу

Матыль пасядзеў, паківаўся разам з рамонкам на тонкім сцябле і паляцеў, а на кветку з гулам апусціўся, закруціўся па ёй тоўсты паласаты чмель. Ён поўзаў, гудзеў, быдта бурчаў, што мала тут яму яды пакінулі. А потым узняўся і таксама паляцеў. Фімка глядзела яму ўслед, дзе ж ён сядзе, але чмель знік, як растаў у празрыстай сіні дня, і Фімка пайшла па высокай траве, шоргаючы па ёй пагнутым, з дзіркамі ў дне, вядзерцам. Скора яна ступіла ў халадок лесу, на доле зарослага папараццю. У гэты лес рэдка хто хадзіў і з вёсак, і з лагера, не відаць тут было ніводнай сцежкі, і Фімка церабілася цераз папаратнік, які даставаў ёй ледзь не да пояса. Нарэшце выбралася з той гушчэчы, убачыла пакрытую чарніцамі лапіну, прысела на кукішкі, паставіла каля сябе вядзерца.

Спачатку збірала ягады адной рукой, потым пачала дзвюма. Пераходзіла з адной лапіны на другую, з другой на трэцюю. Праўду казала цётка Вера, што ягад у гэтым лесе аж чорна, вядро можна назбіраць раз-два. Каб гэта цукру яшчэ, то кісялю б наварыць, з хлебам можна і наесціся.

Збірала ягады, і аж спяваць хацелася, і не было страшна адной. А чаго баяцца — немцы сюды не патыкаюцца, партызанская зона, ваўкоў тут, мусібыць, няма, колькі вясною па лесе пабрындала, ніводнага не спаткала. I ўсё ж не загалёкала на ўвесь голас, заспявала ціхенька, сама сабе. Не разумела, не ведала, што цягнула з душы той спеў, ён выплываў сам, ці недзе чуты, ці самою выдуманы. А пад той спеў яшчэ і мроілася — як прынясе яна чарніц, як паядуць іх параненыя і ўсе адразу ачуняюць. I камандзір скажа — вось вам і Фімка, а вы думалі, што яна так, абы...

Альбо не... Пашлюць яе ў разведку, і дабярэцца яна да самага галоўнага немца, наставіць на яго пісталет і скажа: «Выпускай, гад, з турмы нашых!..» I немец спалохаецца, выпусціць, і хлопцы вернуцца ў атрад, і камандзір скажа: «Вось вам і Фімка, а вы думалі, што яна так, абы...»

Потым сама з сябе смяялася. Не дзіця ж, семнаццаць нядаўна стукнула, а выдумляе...

Але ўсё роўна мроілася, і паціху спявалася, і чарніц у вядры прыбывала.

Пачала адчувацца стома — забалела спіна, зацяклі ногі ад сядзення на кукішках. Каля лапінкі, спрэс чорнай, села на дол. Падумала, што можа спадніцу ўрабіць чарніцамі, але махнула рукой — на гэтай спадніцы ўжо нічога не ўбачыш, цяжка ўспомніць, якога колеру была яна некалі. I мыла яе, і шаравала, але не адмываецца. Новую спадніцу трэба, але дзе ты яе возьмеш — новую.

Заказытала нагу, потым моцна апякло лытку. Лясь рукою па назе, глянула — божачка, па нагах мурашкі бегаюць, ды вялізныя, як коні. Азірнулася, а гэта яна каля самага мурашніка прысела. Падскочыла, пачала абтрасаць спадніцу, ногі, адна мурашка аж на шыю ўспаўзла, скінула і тую. I як гэта яна мурашніку не ўбачыла, а мурашкі, мурашкі... Забылася Фімка і пра кусачы іх нораў, уставілася на гару ігліцы. А мурашкі туды-сюды, адна валачэ сухую травінку, другая — мушынае крыло, трэцяя так бяжыць. Во дзе праца, во работа, і хто іх навучыў?

Загледзелася Фімка на мурашак — не адразу пачула трэск сучкоў пад нагамі, а як пачула — сцялася. Гэтак анямела з жаху, што не дадумалася затуліцца за якое дрэва ці куст, стаяла, як разява, каля мурашніка, а крокі — шах, шах, шах — бліжэй, бліжэй і выйшаў проста на яе — а каб ты спрах, як напалохаў — Ромка-падрыўнік. У чорнай касаваротцы наросхрыст, штаны ў боты запраўленыя, дручок у руцэ, светлая, даўно не стрыжаная грыва над ілбом кучаравіцца, вочы...

Няйнакш і Ромка спалохаўся, на Фімку наткнуўшыся, але тут жа быдта ўзрадаваўся, што Фімку ўбачыў. Канечне, лепей яму было ўбачыць дзяўчыну ў лесе, чым якога немца ці паліцая.

— Ты што тут робіш? — уставіўся на Фімку сінімі вачмі.

— А во... Мурашкі,— паказала Фімка на мурашнік.

— Што — мурашкі? — спытаў Ромка, падышоў бліжэй, глянуў туды, куды паказвала Фімка.

— Поўзаюць,— засмяялася Фімка.

— Ну і што?

— Цікава...

— Тожа мне, цікава,— хмыкнуў Ромка і калупнуў сваім дручком мурашнік, вывернуўшы з яго кавалак зляжалай ігліцы, пад якою аказаліся белыя дробачкі — мурашыныя яйкі.

I што тут толькі пачалося — замітусіліся, забегалі мурашкі, пачалі хапаць яйкі, валачы іх у лапках, на спіне, каб схаваць ад бяды, уратаваць сваё патомства.

— Нашто ты,— з папрокам сказала Фімка.

Ромка зарагатаў.

— Мурашак пашкадавала... Людзі гінуць... Сёння жывы, а заўтра галаву складзеш...

Тут ён убачыў амаль поўнае вядро чарніц. Запусціў у яго жменю, усыпаў у рот, пачаў жаваць, чэрнячы моцныя белыя зубы ружовым сокам.