Выбрать главу

Сама Фімка, пакуль збірала, можна сказаць, і ягадкі ў рот не ўкінула, але Ромку чарніц не пашкадавала, наадварот, прыемна было глядзець, як ён есць.

А той запусціў яшчэ руку ў вядро і яшчэ.

— Піць, халера, хочацца,— нібы апраўдваўся ён.

— Ты еш, еш,— сказала Фімка.— Я яшчэ назбіраю.

I Ромка яшчэ раз усунуў у вядро руку, яшчэ выцягнуў жменго ягад, і іх цяпер у вядры добра паменшала.

— Куды ты хадзіў? — спытала Фімка.

Ромка памаўчаў, потым ухмыльнуўся.

— Куды хадзіў? — перакрывіў ён.— На кудыкіну гору... Ваенная тайна.

Ваенная дык ваенная, на гэта нічога не скажаш.

А Ромка раптам сеў на дол, правёў далоняю па твары, па расшпіленай грудзіне, паглядзеў на Фімку, быдта толькі цяпер яе ўбачыў, быдта наогул бачыў першы раз. Абвёў яе позіркам з ног да галавы, і Фімка ад гэтага позірку засаромелася, падумала, што, мусіць, яна брыдкая — у доўгай спадніцы невядома якога колеру, у блузцы з чужога пляча, з носам, падобным на бульбіну.

Але Ромка раптам усміхнуўся ёй, і ўсмешка гэта абдала Фімку цяплом.

— Сядзь пасядзі,— паляпаў Ромка рукою па доле каля сябе.

I як жа захацелася Фімцы сесці каля Ромкі, але...

— Дык жа во,— паказала на вядро.— Чарніцы трэба збіраць.

— Ды назбіраеш яшчэ, чарніц, вунь, як гразі.

— Ага, многа,— згадзілася Фімка.

— Дык сядзь,— яшчэ раз ляпнуў Ромка па траве.

I Фімка села, падкурчыўшы ногі і прыкрыўшы іх спадніцаю аж да чаравікаў.

Сядзелі, маўчалі, слухалі, як ціўкае ў лесе сініца, як раптам пачыналі шумець пад ветрам хвоі.

— Як гэта ты ў наш атрад папала? — спытаў Ромка, быдта і праўда ўбачыў Фімку першы раз.

Фімка пазірала на белыя, аблупленыя наскі сваіх чаравікаў, адзін зашнураваны сінім матузком, другі чорным шнурком. Сарвала галінку чарнічніку, узяла ў зубы, адкусіла.

— Як папала... Як усе пападаюць... Каб немцаў лупіць...

Адказ быў кароткі і ясны, як і Ромкава — «ваенная тайна». I сама Фімка была ўпэўнена, што ўсё так і было, што прыйшла яна ў атрад, каб лупіць немцаў, хоць дарога яе ў лес была не такая і простая.

Да вайны Фімка жыла ў горадзе, з маткаю і меншымі братамі, сёстрамі. I перад вайною сям’я іх жыла ў беднасці — бацька хварэў, адна матка на сям’ю зарабляла, а як немцы наваліліся, і зусім з голаду пачалі пухнуць. Вось тады і выправіла маці Фімку ў Заходнюю — там нейкая сваячка аб’явілася, бацькава стрыечная сястра, ці што. Паслала маці Фімку да яе — бульбу выбіраць. Было гэта восенню сорак першага года.

Выбірала тую бульбу Фімка шчыра, і пад дажджамі, і пад вятрамі, і прымаразкам. Не толькі цётцы памагала, і да чужых наймалася. Зарабіла чатыры мяхі бульбы, завезла на падводзе мацеры ў горад. Тою бульбаю і перазімавалі. А вясною сорак другога зноў паслала маці Фімку да цёткі, яшчэ чаго зарабіць.

Раскідала Фімка гной, капала агарод, засявала грады. Змалку прывучаная да работы — старэйшая з дзяцей. Лепшы кавалачак — меншым, большая работа — большай. Не бачыла Фімка ў гэтым несправядлівасці, ні на кога не наракала.

Усё лета сорак другога цётчыну карову пасвіла, а восенню зноў бульбу выбірала. Так і засталася ў цёткі — не то сваячкаю, не то парабчанкаю. Хоць цётка ў вёсцы суседзям і казала: «Во, пляменніцу гадую». I ў голасе такая жаласць — бачыце, людцы, якая я добрая, сваіх дзяцей поўна, а яшчэ ўзяла, памагаю.

«Дабрата», мусібыць, давала цётцы права, калі што не так, і пляснуць Фімку па шчацэ, і кухталёў надаваць — «як свайму дзіцяці», а што ўжо да языка, то чаго Фімка ад яе ні чула — увесь набор сялянскай бабскай лаянкі. Але жыла ў цёткі, рабіла — за яду ды за некалькі мяхоў бульбы, што мацеры завозіла.

Вясною сорак трэцяга зноў пагнала Фімка карову на пашу. Стаяла пад морассю, накінуўшы на галаву торбу, складзеную рогам угару. А тут немцы, двое, з аўтаматамі. Адзін худы, высокі, другі ніжэйшы. Каскі пры баках целяпаюцца. Убачылі немцы Фімку з кароваю.

— А, паненка, мільх, мільх...

Ніжэйшы абышоў карову, паляпаў па хрыбце. Потым прысеў, памацаў вымя. Пацягнуў за цыцку, і малако струменьчыкам цыркнула ў траву.

— Што ты робіш, пан, так няможна,— напусцілася на яго Фімка.

А той адчапіў ад рэменя каску і давай даіць малако, ды так спрытна, быдта век такую работу рабіў. Надаіў поўную каску, сам напіўся і другому немцу даў. А потым хоп з Фімкавай рукі пугу, лясь карову па спіне — пагнаў перад сабою.

Фімка падумала, што немец жарты строіць, паганяе карову ды пусціць, але той гнаў і гнаў скаціну перад сабою.

Фімка бегла за кароваю, за немцам.

— Пан, што ты робіш... Пан, аддай карову,— прасіла яна.