Выбрать главу

— Гэта, няйнакш, работа Ларысы Пятроўны,— сказала Таня.

— А што, не падабаецца? — адазвалася тая з балкона, дзе стаяла ў гурце мужчын і курыла.

— Наадварот, вельмі падабаецца, цудоўна!

Там, на балконе, сярод мужчын, быў і ён... А жонкі яго не відаць... Цікава, чаму няма жонкі?

Адзін за другім чуліся званкі ў дзверы, прыходзілі новыя госці, Вера прымала віншаванні, падарункі, ставіла кветкі ў вазы.

Людзей назбіралася ўжо вельмі многа, па кватэры было ўжо не прайсці, прабіраліся бокам, просячы адзін у аднаго прабачэння.

— Здаецца, нас ужо хопіць, калі хто спазніўся — зачынім дзверы і не пусцім, няхай ведаюць дысцыпліну, прашу за стол! — аб’явіла Вера.

— Правільна, трэба заводзіць сяброў з разліку кватэрнай плошчы, не больш як пяць сяброў на квадратны метр! — звонка сказала Ларыса Пятроўна.

— Пяць сяброў на квадратны метр — замнога, не сядзем, стаяць прыйдзецца,— адазваўся нізенькі лысы тэрапеўт з Верынага аддзялення.

— Дзе ты набярэшся пяць сяброў на квадратны метр, цяпер на сяброў дэфіцыт,— гудзеў нехта з калідора.

— Вам, Барыс Платонавіч, канечне, цяжка, у вас кватэра, па-мойму, ці не сто квадратных метраў,— крыкнула яму Ларыса Пятроўна.

— Калі хочаш мець правераных сяброў, не заводзь вялікую кватэру, на вялікую плошчу пад маскаю сябра можа пралезці і закадычны вораг! — уставіла сваё і Таня.

Вера — з чорнаю касою, закручанаю ззаду абаранкам (класічная жаночая прычоска, ад якой сёння адмовіліся амаль усе маладыя жанчыны і ад якой не хацела адмаўляцца Вера), пазірала на ўсіх жывымі цёмнымі вачыма, усміхалася, паказваючы свежыя белыя зубы. Узяла Таню за руку, павяла ў тарэц стала, дзе на канапе сядзеў ужо ён. Гукнула да яго:

— Сяргей Кірылавіч, вы сёння саламяны ўдавец, прашу ўзяць пад апеку маю сяброўку, яна — літаратар, вы — кнігалюб, побач вам не будзе сумна!

— Я не літаратар, я падручны ў літаратараў,— удакладніла Таня.

Сяргей Кірылавіч пасунуўся, даючы ёй месца.

— Па-мойму, не такая ўжо і сціплая ваша прафесія,— сказаў ён.— Хто, як не вы, робіце пагоду ў літаратуры?

— Пагоду! — засмяялася Таня.— Гром і маланкі ляцяць на нашы галовы!

Нехта застукаў нажом па графіне, патрабуючы ўвагі, госці прыціхлі, тамада-самазванец — высокі поўны мужчына ў сінім касцюме і белай кашулі, манжэты якой высоўваліся з рукавоў,— Таня не памятала — хто ён, як яго імя,— загадаў усім наліць чаркі.

— Што будзем піць? — спытаў у Тані Сяргей Кірылавіч.

Яна паглядзела на батарэю бутэлек, што стаяла пасярод стала. Там былі каньяк, шампанскае, сухое віно, гарэлка.

— Я лепш за ўсё вып’ю гарэлкі... Крышку...

— Паважаю ваш густ,— узяў яшчэ не адкаркаваную бутэльку Сяргей Кірылавіч.— Я таксама больш за ўсё люблю гарэлку,— зняў ён з рыльца жоўтую бляшаную «бесказырку».

— Во п’яніцы сабраліся,— засмяялася Таня.

Тамада-самазванец гаварыў ужо тост:

— За дарагую Веру Мікалаеўну, якая, нібы магніт, прыцягвае да сябе людзей, у якой многа сяброў, бо яна ўмее любіць людзей. А людзі згаладаліся па любові, па таварыскасці, па шчырасці, і кожны з радасцю адгукаецца на дабро, якое сам рабіць развучыўся. За вас, Вера Мікалаеўна, ад усяго сэрца! Гамбэй, як кажуць кітайцы, да дна!

Госці дружна выпілі, пачалі закусваць, і ў цішыні, якая наступіла і ў якой чуўся толькі бразгат відэльцаў, нажоў, прагучаў голас:

— Адразу відаць, што пабываў у Кітаі...

— I пабываў... Тры гады працаваў у Шанхаі ў бальніцы... Некалі мы ім былі патрэбныя, увесь час дзякавалі за дапамогу.

— Народ не вінаваты, якую палітыку вядзе яго ўрад, а кітайскі народ працавіты, таленавіты,— сказала Ларыса Пятроўна, якая таксама некалі, у пяцідзесятых, працавала ў Кітаі.

— Ну так, кітайская медыцына,— падтрымаў нехта Ларысу Пятроўну.

— Во-о, павялі, на імянінах Веры Мікалаеўны пра кітайцаў павялі,— незадаволена сказала жонка тамады, як і ён — поўная, ружовая, у светлым парыку — тады былі модныя парыкі,— з дарагімі пярсцёнкамі на пальцах.— А ты таксама,— павярнулася яна да мужа,— гамбэй, гамбэй...

— Даю слова чарговаму прамоўцу,— падняў руку тамада.— Можа, у яго лепш атрымаецца, Барыс Платонавіч, прашу!

I пацякло застолле — з прамовамі, чоканнем, закускамі — спачатку халоднымі, потым гарачымі. Ларыса Пятроўна чытала верш, які напісала да Верынага дня нараджэння. З каго можна падзівіцца, дык гэта з Ларысы Пятроўны — ёй ужо за пяцьдзесят, а стройная, заўсёды дагледжаная, апранутая па модзе — і гарачы тэмперамент, нястрымная жыццярадаснасць. Да кожнага дня нараджэння ўсім сябрам, знаёмым і нават сама сабе яна піша вершы, клеіць і сценгазеты з фатаграфіямі імянінніка, як сёння Веры, прыдумляе розныя гульні. Тані наогул падабаліся Верыны госці, былі яны дасціпныя, разумныя, вясёлыя. Яна часам бывае сярод літаратараў, каму б, здаецца, як не ім, быць разумнымі і дасціпнымі, але тыя як падап’юць, дык усё спрачаюцца, хто з іх больш таленавіты, а гэтыя, дактары, больш адкрытыя шчырасці і весялосці. Можа, часта бачаць смерць, дык умеюць цешыцца жыццём, здароўем.