Але немец быдта і не чуў яе і не бачыў.
— Пан! Аддай карову! — памкнулася Фімка вырваць у немца дубец.
— Вэк! Цюрік! — схапіўся немец за аўтамат.
Не збаялася Фімка і аўтамата — хапала за рукі немца, хапала за рогі карову, прасіла, крычала.
I раз стукнуў яе немец прыкладам па спіне, і другі раз, а яна чаплялася за яго цвёрдыя, чужыя рукі, вырывала пугу, заступала карове дарогу. Высокі глядзеў, як бароліся Фімка з малым немцам, і пасмейваўся.
Трэці ўдар зваліў Фімку на зямлю. Завалакло туманам вочы, зазвінела ў галаве. Ляжала на зямлі, раскінуўшы рукі, а калі прыйшла да памяці, то ні немцаў, ні каровы нідзе не было.
Страх Фімку ахапіў. Як вернецца дадому? Немцы не дабілі, дык цётка даб’е. I то сказаць — карову не ўберагла...
Заплакала, загаласіла. I не дадому пайшла — у лес. Няхай яе ваўкі з’ядуць... Усё роўна ёй не жыць... Хадзіла па лесе, блудзіла і дзень, і два. Згаладалася. На партызан натрапіла. У іх і засталася.
Дык хіба раскажаш гэта Ромку? Выйдзе, быццам яна за карову, хоць Фімка зусім не за карову, яна даўно да партызан хацела, даўно хацела нешта рабіць, каб памагаць сваім.
А Ромка глядзеў на яе, усміхаўся, і сінелі яго вочы, у нячэсанай чупрыне заблытаўся сухі лісток.
— Ваяка,— засмяяўся ён і адкінуўся, лёг на спіну, зажмурыў вочы.— А сама ты адкуль, мясцовая ці прыблудная? Я дык прыблудны, родам з Палесся, а сюды вайна загнала, з акружэння выходзіў, ды тут і асеў.
Ромка, мусіць, пытаўся і тут жа забываў, пра што пытаўся, бо толькі сабралася Фімка расказаць, адкуль яна і хто, як Ромка зноў запытаўся:
— А колькі табе гадоў? — і павярнуўся, успёрся на локаць.
Фімка прамаўчала, думаючы, што і пра гэта пытанне Ромка скора забудзе, але той прыгледзеўся да яе.
— Пятнаццаць? Шаснаццаць?
— Во! — пакрыўдзілася Фімка. Ёй заўсёды не падабалася, калі думалі, што яна яшчэ дзіця. Праўда, ростам яна невялічкая і тое, што ў другіх дзяўчат у такія гады пышна расцвітае, у Фімкі толькі завязваецца, але не дзіця ж яна.— Мне скора васемнаццаць! — знарок набавіла сабе, хоць папраўдзе ёй толькі нядаўна мінула семнаццаць.
— Го-о! — ледзь не на ўвесь лес загалёкаў Ромка.— Дык ты ж ужо дзеўка, з табою ж гуляць ужо можна! — I падхапіўся, сеў, аблапіў Фімку, паваліў на зямлю.
Ледзь не задыхнулася Фімка ад такой нечаканасці, ад сораму, уперлася ў Ромкавы грудзі рукамі, пачала адбівацца, выкручвацца, але ён, дужы, як конь, усё навальваўся на яе грудзьмі, цягнуўся губамі да яе шчакі.
Неяк выкруцілася, выслабанілася, падхапілася на ногі, шукала вядро, каб схапіць ды ўцячы, але Ромка ўчапіўся за руку:
— Чаго ты, дурная, не бойся, не ўцякай.
Тузанула Фімка руку, але Ромка трымаў моцна, і вочы сінелі, і было ў іх нешта такое, што супакоіла Фімку, абліло нават нязнанай дагэтуль радасцю.
— Садзіся, дурная,— зноў паказаў Ромка каля сябе на траву.
Але Фімка стаяла, не садзілася.
— Садзіся,— пацягнуў ён за руку, і Фімка плюхнулася, села. Нібы баючыся, каб яна зноў не ўцякла, Ромка абняў яе за плечы. Фімка зноў тузанулася, але Ромка прыціснуў далонь мацней, загаварыў, як да малога дзіцяці:
— Ну чаго ты, чаго? Ці адбудзе цябе, калі я вось так патрымаю? Пасядзі.
— А ты... А мне ягады трэба збіраць,— задыхана адказала Фімка.
— Згараць твае ягады, я табе памагу дазбіраць, пасядзі вось.
I Фімка сцішылася. Ромкава рука абдымала плечы, і яна адчувала яе цяпло, і адчувала цяпло Ромкавага пляча, да якога той прытуліў яе, і чула пах яго валасоў, яго кашулі, яго цела, незнаёмы ёй дасюль пах здаровага маладога хлопца, і нешта рабілася з Фімкаю — не было ўжо ні сораму, ні крыўды, ужо хацелася так сядзець і сядзець. I Ромка прыціх. Каля іх стаяла няпоўнае вядзерца чарніц, сярод якіх круглелі зялёныя лісткі ягадніку, зверху па ягадах поўзала мурашка, мусіць, шукаючы выйсця з такой прорвы і ніяк не знаходзячы. I калі Ромка асцярожна пацалаваў Фімку ў шчаку, яна ўжо не адбівалася. Потым ён пацалаваў яе вусны, і Фімка зноў не адбівалася, але калі той пасягаў на нешта большае — пачынала бараніцца. I ён зноў супакойваўся, сядзеў сцішаны, а Фімка ўжо хацела, каб ён яе цалаваў.
Нарэшце спахапілася:
— А ягады... Там чакаюць...
Ромка спрабаваў затрымаць Фімку яшчэ, але яна падхапілася, падчапіла вядро за дужку.
Ромка, як і абяцаў, памог ёй дазбіраць ягад. А потым яны пайшлі ў лагер, і Ромка нёс вядро, а Фімка ішла побач, і радасць, трывога, сорам мяшаліся ў душы, але над усім была радасць, і сама сабе здавалася лёгкаю, нават прыгожаю.
2
Параненых было трое, ды Святлана, ды доктар, ды цётка Вера, так што яе вядзерца скора апусцела. I сама Фімка з усімі трохі пакіслілася, а што ў лесе ягад не ела, дык было відаць па белых, непачэрненых, зубах. Ягады ўсім спадабаліся, і доктар сказаў, што заўтра Фімка зноў пойдзе па чарніцы, яны карысныя, у іх вітаміны і проста грэх, што ягады побач, дармовыя, пад нагамі, а параненыя іх не ядуць.