Выбрать главу

Пакуль Фімка збірала ў лесе чарніцы, доктар парабіў хлопцам перавязкі і ў пагнутым тазіку, што стаяў каля шпітальнай зямлянкі, грудзілася куча брудных, зробленых з палатна бінтоў. Трэба было іх памыць, ды яшчэ пакіпяціць — так загадваў доктар — і Фімка ўзялася за работу. Святлана падкінула ёй яшчэ пару мужчынскіх кашуль, пару ручнікоў, так што выйшла, як у той прымаўцы — узялася памыць анучу, а назбірала цэлую кучу.

Фімка мыла, кіпяціла, паласкала, і ўсё рабіць было ёй у радасць, у радасць было ёй потым абіраць бульбу, цягаць ваду ў кацёл. Бегала, бегала, рабіла работу, потым на хвіліначку спынялася, а па сэрцы, па грудзях — галубіным крылом, галубіным крылом... I Ромкавы сінія вочы, і кудлатая грыва, у якой заблытаўся сухі лісток. I не магла дачакацца заўтра — а можа, Ромка зноў на тое месца прыйдзе?..

Па праўдзе сказаць, то яна чакала Ромку ўжо сёння. А можа, у яе з Ромкам будзе так, як у Святланы з Толікам? Той кожны вечар падыходзіць да шпітальнай зямлянкі, кліча Святлану і яны ўдваіх гуляюць па лагеры.

Пачынала цямнець, загулі, завялі сваю песню камары, а яна сядзела на бервяне каля шпітальнай зямлянкі і чакала. Чарнелі камлі хвой, чарнелі іх парасоны пад яшчэ светлаватым небам, нясмела выплывалі першыя драбнюткія зоркі. У тым баку лагера, дзе быў Ромкаў будан, пачуўся гучны мужчынскі смех. Потым рыпнуў баян — яшчэ раз, яшчэ, а далей нібы выдыхнуў з грудзей, завёў мелодыю. Яшчэ ад першага рыпу баяна Фімчына сэрца тарганулася, бо ведала ўжо, ведала, што будзе далей — будуць перакотвацца амурскія хвалі, гуляць вецер у сопках Маньчжурыі, будзе адлятаць у далёкі край, развітваючыся са сваім любімым горадам, сама Фімка.

А ўсё гэта — Роза. Ну і дзяўчына! Высокая, фігурыстая, тонкія чорныя бровы, ружовыя вусны і ўсё сваё, не намаляванае, не завітое, тут, у лагеры, не навядзеш фальшу на твар, на фігуру, тут цябе бачаць з ранку да вечара, ты тут уся перад усімі. А да прыгажосці сваёй, і вясёлая Роза, і добрая. У партызаны прыйшла з баянам. Колькі хлопцаў па ёй сохне, але Роза строгая, нікога да сябе не падпускае, усім кажа: «Маё сэрца занятае, люблю аднаго чалавека, але ён не ў нашым атрадзе».

I чаму ўсё так няроўна на свеце? Адным і прыгажосць, і ўмелыя рукі, а другім — нічога, нават імя нейкае дурное прыдумалі — Фімка. Увогуле-то зваць яе Серафіма, але хто гэта будзе яе так называць, як пайшло змалку — Фімка — так і коціцца.

А Роза і праўда выводзіла ўжо вальс «На сопках Маньчжурыі», і ўжо акрамя яе грання нічога не чулася ў лагеры, і ўсё больш чарнелі, чарнелі сосны, і цямнела неба, і ярчэй, ярчэй загараліся зоры, апускаючыся ўсё ніжэй, ніжэй, ледзь не на самыя вяршыні соснаў.

А потым музыка сціхла, і зноў чуваць былі галасы, і Фімка спадзявалася пачуць сярод іх Ромкаў, і часам здавалася нават, што вылучае яго сярод далёкіх, прыкрытых цемнатою, мужчынскіх галасоў, а потым зноў губляла.

З неба на чорныя верхавіны хвой ліў ужо святло месяц, як начышчаныя на свята, гарэлі зоркі, асабліва ярка зіхацела адна, у прагале паміж елкаю і высокай бярозай, мігцела, пералівалася жоўтымі, сінімі іскрамі, дробным пылам курыўся праз увесь небасхіл Млечны Шлях. I не верылася, што заўтра зноў раскінецца над галавою блакіт, засвеціць сонца; нібы чорная посцілка, расшытая залацістым узорам, вісела над лесам, над прыціхлым лагерам неба, толькі зрэдку чуўся прыглушаны чалавечы голас, конскае ржанне, клацаў затвор вінтоўкі. Паветра сцюдзянела, набірала ўсё больш сырасці, недзе блізка нудзеў камар. Змерзла, марыў ужо сон, вярнулася Святлана з гуляння, і Фімка паднялася з бервяна, пайшла ў зямлянку, залезла пад посцілку, прытулілася да гарачага пляча цёткі Веры. Тая на міг прачнулася, павярнулася да Фімкі спіною і зноў заснула. I Фімка заплюшчыла вочы. I распасцерся перад ёю лясны дол, зарослы чарнічнікам, і ягады, ягады, буйныя, чорныя, на кожнай галінцы, вакол, вакол... Лыпнула вачмі, каб адагнаць насланнё, а як заплюшчыла — зноў ягады, ягады і Фімка збірае іх, збірае. I Ромкава аблічча... Зусім блізка каля яе вачэй... I ягады, ягады... «Заўтра зноў пайду»,— падумала перад тым, як заснуць.

А прачнулася ад галасоў, ад стуку ўгары, каля зямлянкі. Падумала, што праспала, што дзень ужо, прачнуўся лагер. Падхапілася, усунула ногі ў чаравікі, адчыніла дзверы.