— Што гэта, цётачка, што гэта? — шаптала Фімка.
— Бамбяць! Лагер бамбяць! Усё, прапала жызня! А сыночкі ж мае! — стагнала цётка Вера.
А бомбы рваліся наверсе, і трашчаў лес, і падалі, гопаліся дрэвы, і выў натужна самалёт, нібыта з радасцю і ненажэрствам. Потым бомбы перасталі рвацца, аддаляўся і цішэў гул самалёта, зусім сціх, і Фімка, не верачы, што засталася жыць, адплюшчыла вочы.
У маленькае, пад самаю столлю, акенца зямлянкі цадзілася світанне. Цётка Вера сядзела на нарах — расхрыстаная, бледная. I Святлана, якая спала каля сцяны, тулілася да бярвення, шырока расплюшчыўшы спалоханыя вочы. Наверсе, у лагеры, загулі галасы, пачуліся крыкі, каманда. Нехта і каля іхняй зямлянкі закрычаў — «Вылазь!». I Фімка, цётка Вера, Святлана пачалі таропка абувацца — спалі заўсёды апранутыя. Выбеглі наверх.
Было падобна, што над лесам прайшла бура і пакалечыла, паламала дрэвы, пазразала вяршыні, абламала галіны, і яны абвіслі, павыстаўляўшы белыя косці. На сцежцы, што кіравалася да іх зямлянкі, ляжала вывернутая з карэннем бяроза, ад яе наадломвалася сучкоў, насыпалася жоўтага лісця. Там і тут відаць былі варонкі, з якіх яшчэ клубіўся чорны дом. Моцна ржаў, мусіць, паранены конь. За лесам, у тым баку, куды паляцеў самалёт, чуліся частыя стрэлы. Яны білі кароткімі чэргамі, захліпаліся і зноў ажывалі. I загучала, паляцела над лагерам — з нянавісцю, з трывогай, са страхам:
— Немцы!
Рабілася ясна, што лагер вынюхалі немцы і цяпер ідуць на іх сілаю.
Фімка стаяла каля зямлянкі і калацілася — ці ад ранішняга холаду, ці ад страху. Яна не ведала — што рабіць, чакала каманды, загаду. I скора пачула голас доктара:
— Выносьце параненых! Усіх наверх!
Загад нібы абудзіў яе, даў задачу, работу рукам, нагам.
У зямлянцы, цёмнай пасля светлага ўжо неба, белымі плямамі свяціліся перавязкі на параненых. Падбегла да першага, што сядзеў на нарах, звесіўшы тоўстую, перавязаную белым, нагу. Гэта быў Колька Верацень. Схапіла яго пад паху, пачала валачыць, прыгаворваючы:
— Наверх... Загадалі ўсіх наверх... Немцы...
Спахапілася, што Колька не абуты, пачала таропка шукаць і памагаць уздзець на адну нагу чаравік. Штаны былі нацягнены толькі на адну нагу, на другую калашына не налазіла. Трымаючы адной рукой пустую штаніну, другою ўспіраючыся на Фімку, Колька паскакаў на адной назе да выхаду. Каля іншых параненых завіхаліся ўжо Святлана і цётка Вера. Партызаны — з кулямётамі, аўтаматамі, вінтоўкамі беглі ў той бок, дзе стралялі.
Да яе з Колькам падбег доктар — без шапкі, валасы скалмачаныя, світка наросхрыст, вочы цвёрдыя, такія, як бывалі падчас аперацый.
— Раненых на падводу! I далей, далей ад лагера! Туды! — махнуў ён рукою напроціў таго боку, у які беглі са зброяй партызаны.
Фімка цягнула Кольку, той паслухмяна скакаў на адной назе туды, дзе ў лагеры на прывязі стаялі коні. Адзін конь, руды, са светлаю і быдта апаленаю на канцах грываю, ляжаў на зямлі, сучыў нагамі, нібыта спрабуючы падняцца, і голасна ржаў. З храпы яго пухірамі ўздувалася ружовая пена. Усплыло ў памяці, як Ромка з гэтым канём ішоў проста на яе. Працяло жалем да каня, і жаль застаўся ўсярэдзіне ўжо, здаецца, не да аднаго каня, а да ўсіх і да ўсяго — да дрэў, што так пасеклі бомбы, да Колькі з перавязанай нагою, да ўсіх, што пабеглі з кулямётамі, аўтаматамі, вінтоўкамі ў той бок, дзе стралялі.
Параненых было ў лагеры чатыры, і іх прыладзілі на адну павозку. Колька і яшчэ адзін, Жэнька, маглі сядзець. А Стась і Павел ляжалі, абодва збялелыя, ці то ад страху, ці ад страчанай крыві, з пацямнелымі, як у гарачцы, вуснамі. Да параненых на воз ускочыла цётка Вера, за ёю і Святлана. Цётка Вера крыкнула і Фімцы:
— Садзіся! Скарэй!
I Фімка памкнулася да падводы, але забегла з аднаго боку, з другога — месца не было. Яна махнула рукою, паказваючы — едзьце, скарэй! На што сама спадзявалася? Што будзе яшчэ адна падвода? Што ёй не спатрэбіцца пакідаць лагер? Ды ні на што не спадзявалася, бачыла, што на падводзе няма месца, не сядзе ж яна на параненых. I цётка Вера сцебанула лейцамі каня, пагнала павозку — далей, далей ад лагера.
Над лесам зноў загудзеў, закружыў самалёт, усё ніжэй, ніжэй апускаючыся над лагерам, і Фімка абхапіла галаву рукамі, прысела, прытулілася да камля хвоі. Зноў засвісталі, завухалі бомбы, крышачы лес, узнімаючы груды зямлі, раскідаючы, як гразь, калі ў яе кідаюць каменем. Ляцела ўгару бярвенне ад зямлянак, кавалкі дзёрну, паднялося і закруцілася над зямлёю бляшанае вядро, кавалкі нейкай вопраткі.
Самалёт высыпаў са свайго чэрава груз і зноў узняўся высока ў неба, схаваўся за воблакамі. Цяпер ацішэла вакол, толькі здалёк даляталі ўсё тыя ж то кароткія, то доўгія чэргі стрэлаў, і яшчэ мільгалі паміж дрэў, беглі ў той бок партызаны, што забавіліся ў лагеры.