Выбрать главу

Фімка сядзела на кукішках пад хвояй, не ведаючы, што рабіць, ці бегчы за павозкаю з параненымі, ці туды, дзе страляюць. Яна прывыкла да каманды, да загадаў, кожны раз ускідалася, калі нешта камандаваў рабіць доктар, і яна скоранька рабіла. Цяпер доктара блізка няма, схапіўшы аўтамат, ён пабег з партызанамі, а што ёй рабіць?

— А-а! — пачула Фімка чалавечы стогн.

Сцялася ўся, прыслухалася.

— Памажыце! — прасіў нехта.

Павяла наўкруг вачыма, але не ўбачыла таго, хто стагнаў. Тады паднялася. Але і з росту свайго нікога не ўбачыла. А чалавек стагнаў, стагнаў і клікаў. Фімка памалу пайшла на голас. Яна пераступала цераз груды зямлі, цераз абламаныя галіны, цераз раскіданае бярвенне ад зямлянак. Нарэшце ўбачыла. Ляжаў на зямлі і стагнаў рабы Мурмонь, што некалі смяяўся з Фімкі, калі яны з Ромкам з лесу выходзілі. «Што, наеліся чарніц?» — успомніла Фімка, як тады шчэрыў зубы Мурмонь.

Цяпер ён ляжаў збялелы, нават рабацінне яго пабялела, і стагнаў. Вочы з адчаем, з маленнем глядзелі на Фімку.

— Сястрыца... Памажы...

Фімка прыгнулася.

Мурмонь трымаўся рукою за жывот, і рука яго была ўся ў крыві. Бачыла Фімка, як, бывала, рэзаў доктар на параненых адзежу, як абмываў рану, потым перавязваў. Але сама ніколі не рабіла. Страшна было дакранацца да крыві, да балючага цела, баялася, каб не зрабіць яшчэ бальней. Але тут не было нікога, хто памог бы, а Мурмонь стагнаў.

— Сястрыца...

— Ага,— заківала галавою Фімка.

Яе калаціла. Не мінуў яшчэ страх ад самалётаў, ад бомбаў, і гэта — кроў, збялелы Мурмонь і стрэлы, якія, здалося Фімцы, набліжаліся, ці забабахалі ўжо і з другога боку?

Яна разумела — параненага трэба перавязаць, але чым? У шпітальнай зямлянцы засталіся бінты, вата, нават моцны самагон, якім доктар прамываў раны. Фімка глянула ў бок іхняй зямлянкі. Здалёк, за дрэвамі, не было відаць, ці стаіць яна, ці яе заваліла.

— Я зараз... Пачакай, пачакай, я зараз...

Яна глянула на неба — ці не ляціць зноў самалёт, больш за ўсё яна баялася цяпер самалёта, але ў небе было ціха, і яна падскочыла, бягом кінулася туды, дзе стаяла іхняя зямлянка. На шчасце, зямлянка была цэлая, толькі зверху, на зроблены з дзёрна, дах, насыпалася зямлі, збітага з дрэў жоўтага лісця, хваёвых галін. Па крутых сходках, складзеных з бярвенцаў, спусцілася ўніз, адчыніла дзверы. Уразіла непрывычная пустата. У шпітальнай зямлянцы ніколі не бывала пуста, хоць адзін паранены ды ляжаў на палку. I пахла ў зямлянцы спёртым чалавечым духам, лякарствам. Цяпер і пах быў іншы, хоць зямлянка апусцела зусім нядаўна. Плаваў пах сырой зямлі, тлену, пораху. На земляной падлозе бязладна валяліся кінутыя ў спешцы адзежа, посцілка, падушка.

Фімка ведала, дзе ляжаць бінты, сама іх мыла, скручвала ў трубкі. I цяпер кінулася да шафкі. Шафка была ледзь не поўная гэтых белых скруткаў — і сапраўдных бінтоў, і зробленых з палатна, але памытых, чыстых.

Фімка схапіла два скруткі, крутнулася яшчэ па зямлянцы, шукаючы бутэльку з самагонам, але яе не было відаць, а шукаць доўга не магла — у вачах стаяў збялелы Мурмонь, скрываўленая рука на жываце. I Фімка выскачыла з зямлянкі.

Мурмонь ляжаў там, дзе Фімка яго пакінула, здаецца, яшчэ больш збялелы. Яна дасюль ніколі не перавязвала параненых, але цяпер разумела, што апрача яе ніхто гэтага не зробіць, і, перамогшы сорам, страх, пэцкаючы рукі ліпкаю крывёю, пачала адшпіляць у Мурмоня набрынялыя крывёю і ўжо нават зацвярдзелыя нагавіцы.

Жывот быў увесь у крыві, не відаць, дзе рана, і Фімка, адарваўшы ад скрутка кавалак бінту, пачала выціраць кроў. Кроў не выціралася, прыліпала да бінту, але скора Фімка ўбачыла, што ў адным месцы яна выпінае, успучваецца бурбалкай, і здагадалася, што рана тут. Спехам пачала перавязваць, падсоўваючы скрутак бінту пад спіну, паварочваючы цяжкое цела. Бінт тут жа намакаў крывёю, і яна ад другога скрутка ададрала вялікі кавалак, зрабіла з яго падушачку, паклала туды, адкуль сачылася кроў. Зноў пачала перавязваць, скарыстала ўсё, што прынесла з сабою.

Мурмонь ляжаў цяпер сцішаны, а Фімка сядзела пры ім, зноў не ведаючы, што рабіць. Яна раз-пораз пазірала ў неба, ці не відаць там самалёта, ці не ляціць зноў, але самалёта не было відаць, толькі ў тым баку, куды пабеглі ўсе партызаны, нарасталі і нарасталі, гусцелі стрэлы.

Фімка разумела, што там нашы б’юцца з немцамі, а калі немцы страляюць па нашых, то і там могуць быць параненыя. Мурмоня тут, мусібыць, як і каня з абпаленаю грываю, параніла асколкам бомбы. А там кулі. I, можа, таксама ляжаць параненыя, і няма каму іх нават перавязаць. Туды, праўда, пабег доктар, але доктар не ўзяў з сабою ні бінтоў, ні ваты, пабег туды з аўтаматам, гэта добра бачыла Фімка. Ёй трэба туды. Дзе страляюць. Нікога са шпіталя не засталося, толькі яна, доктар пабег з аўтаматам. Можа, хоць бінтоў набраць ды доктару занесці.