Выбрать главу

Мурмонь ляжаў, заплюшчыўшы вочы, і часта дыхаў. Фімка не ведала, што ёй рабіць, не было нікога са старэйшых, каб сказаць ёй: «Рабі гэта!» Каб нехта сказаў ёй такое, яна падскочыла б і пачала рабіць. Хаця нехта як крычаў ёй, як загадваў — бяжы туды, дзе страляюць, бяры бінты і бяжы... Нешта як крычала гэта ёй, як з сярэдзіны, як з душы.

А Мурмонь? Пакінуць? А што яна можа яшчэ зрабіць Мурмоню? Адаб’юць нашы немцаў, вернуцца ў лагер, тады доктар скажа, што рабіць Мурмоню. Мусіць, прыйдзецца яшчэ паляжаць на Мурмоневых нагах, пакуль доктар будзе вымаць асколак. Парабіўшы ў шпітальнай зямлянцы, яна разумела ўжо крыху, што робіць доктар параненым.

Але і пакінуць Мурмоня проста так, на сырой зямлі, Фімка не магла. Азірнулася — можа, куды зацягнуць, схаваць? Але падумала, што цягнуць цяпер параненага, то яму будзе надта балюча і можа зноў пайсці кроў.

Недалёка ад іх, з расчыненымі насцеж дзвярыма, стаяла цэлая, не разбітая бомбамі, зямлянка. Фімка пабегла туды. Пасля святла і тут здалося цёмна, толькі агарнуў пах тытуню, махоркі — пракурылі мужчыны і сцены, і пасцелі. Праз хвіліну вачам зрабілася відней, і Фімка ўбачыла раскіданыя на нарах пасцелі, падушкі, набітыя сенам. Не доўга думаючы, сцягнула дзве клятчатыя посцілкі, падушку, цяжкую і цвёрдую, выскачыла з гэтым усім назад у лес, падбегла да Мурмоня.

Пад слабую галаву, якая хісталася пад рукамі, падклала падушку. Укрыла дзвюма посцілкамі. Рабіла гэта і прыгаворвала:

— Ты тут паляжы, пацярпі... А я туды...

Мурмонь нічога не адказваў, можа, ён і не чуў, што казала яму дзяўчына. Толькі раз расплюшчыў вочы, павёў позіркам наўкола, ні на чым не затрымаўшы вока. Фімцы здалося, што ён хоць і паглядзеў, але нічога не ўбачыў.

Пасядзеўшы яшчэ з хвіліну каля Мурмоня, Фімка скоранька паднялася, глянула ў неба. Па ім спакойна і безудзельна плылі аблокі, паміж аблокаў раскрывалася глыбокая сінь, не верылася, што нядаўна адтуль, з гэтага неба, чуліся выццё і свіст, сыпалася на галовы смерць.

Прыслухалася да страляніны. Яна не сціхала, чулася то мацней, то слабей, сыпала густымі чэргамі. Крыху прыгнуўшыся, нібы баючыся, што гэтыя стрэлы далятуць і сюды, Фімка пабегла да шпітальнай зямлянкі. Заскочыла ўсярэдзіну, пакруцілася, шукаючы, у што набраць бінтоў. Пад рукі трапіў мяшок, чысты мяшок, збіраліся набіць яго сенам ды зрабіць падушку, свежую вялікую падушку, каб можна было спаць утраіх. Пачала піхаць з шафкі бінты ў мяшок. Зноў успомніла пра самагонку, але бутэлькі зноў не знайшла, доктар надта хаваў самагонку, ды і не трэба ёй тая бутэлька, яшчэ паб’е.

Трымаючы перад сабою мяшок, выскачыла з зямлянкі, пабегла па сцежцы і твар у твар сутыкнулася з Зінай Патапавай, якая з’явілася невядома адкуль — у сваім белым кажушку, у квяцістай хустцы, задыханая, з поўнымі страху вачмі. Фімка міжволі павяла позіркам наўкол — ці няма паблізу і Ромкі, апошнім часам вакол гэтага кажушка неадступна круцілася і яго куртка. Але Ромкі нідзе не было відаць, і ў далёкай падсвядомасці ў Фімкі гэта адазвалася быдта радасцю.

Фімка і Зіна Патапава стаялі адна перад адной, глядзелі адна адной у вочы. Фімка ўжо хацела абмінуць той кажушок, каб пабегчы туды, куды намерылася, але дзяўчына схапіла яе за рукаў.

— Бомбы, самалёт,— з жахам сказала яна.

— Можа, ён ужо не прыляціць? — паспадзявалася Фімка.

— А ты куды?.. I дзе ўсе вашы? Я тут бегаю... Святланку шукаю...

— Нашы з параненымі, з падводай паехалі... А мне месца не хапіла... I тут адзін... Паранены...

Зіна прыслухоўвалася да стрэлаў. З твару яе не сыходзілі трывога, страх. Паглядзела на неба. Яно было ўсё такое ж безудзельнае, спакойнае.

Фімка зноў намерылася бегчы, але Зіна зноў яе запыніла.

— Пачакай...

Фімка спынілася. Здаецца, яны з Зінаю засталіся ў лагеры адны, ну і яшчэ паранены Мурмонь. Усе партызаны пабеглі адбіваць навалу, нават Роза пабегла, Фімка бачыла, як пабегла з хлопцамі Роза, трымаючы ў руцэ вінтоўку. Але побач з сабою і Зінай Патапавай Фімка адчувала і Ромку. Быдта і той быў побач, паміж імі, хоць Фімка ведала — Ромка там, дзе ўсе, дзе страляюць.

— А што, як немцы забяруць лагер? — са страхам спыталася Зіна Патапава.

Фімка пра гэта не думала. Не магла дапусцідь такога. Там жа нашы, адаб’юць немцаў.