— Не пусцяць нашы,— сказала Фімка.
— У немцаў сіла... I самалёты...
— Не пусцяць нашы...
— А параненых вывезлі... Значыць, баяліся...
Не хацелася так думаць, верыць у такое, але на хвілінку ўявілася, як і праўда ў лагер урываюцца гэтыя — у шэра-зялёных шынялях, з аўтаматамі.
— Не,— упарта паўтарыла Фімка.
— Можа, і не... Але давай пабяжым адсюль...
Фімка не зразумела, куды кажа бегчы Зіна Патапава, чаму бегчы, перапытала:
— Куды бегчы?
— Туды,— паказала Зіна ў той бок, куды нядаўна паехала падвода з параненымі.— Бо калі немцы ўварвуцца, нас застрэляць...
Гэта Фімка разумела, калі ўварвуцца ўжо немцы, то адною чаргою іх абедзвюх... Прыбяжыць Ромка і ўбачыць, як яны абедзве тут... Во здзівіцца, што ляжаць разам... Але ўцякаць?..
— Як гэта — мы туды? А ўсе нашы? Там, можа, параненыя?..
— А што мы зробім, што мы зробім,— з адчаем загаварыла Зіна Патапава.— Калі партызаны немцаў не затрымаюць, то хіба мы затрымаем? Там і без нас... Мужчыны...
Праўду казала Зіна Патапава, там мужчыны... I калі яны не затрымаюць, не адаб’юць немцаў... Але Зініна праўда чамусьці не падабалася Фімцы, не хацелася верыць гэтай праўдзе.
— А я ж туды... Во, бінты,— паказала Фімка.
— Заб’юць,— калацілася Зіна Патапава.— Калі нашы адгоняць немцаў, тады можна будзе і параненых падабраць... А калі не адаб’юць?
Зноў праўду казала гэта дзяўчына, але зноў нешта не дало пагадзіцца і кінуцца ўцякаць. А каб гэта кожны партызан спалохаўся і пабег? Немцы даўно былі б тут...
— Не, я туды,— пакруціла галавою Фімка.
— Не ідзі,— схапіла яе за крысо Зіна Патапава.— Я адна баюся...
I невядома, што зрабілася з Фімкаю, век жа была паслухмяная, была як авечка — што загадаюць. А тут адвяла руку Зіны Патапавай, ямчэй узяла мяшок. Пераступіла цераз паваленую бярозу, можа, гэта бяроза прыняла на сябе бомбу, абараніла каго з партызанаў і цяпер звалілася, лягла на зямлю — паміраць.
5
Спачатку Фімка баялася таго бабахання, прыгіналася, а потым убачыла, што стрэлы сюды не трапляюць, і ішла на ўвесь рост, спяшалася. Сцежак пад нагамі не было, і яна то абмінала камлі высокіх хвой, голых, без лісця, бяроз, то церабілася цераз калючы, засохлы ельнік, цераз высокі, пачарнелы, быдта апалены, папаратнік, ішла туды, дзе стралялі.
Першая куля дзінкнула каля вуха, праляцела, Фімка нават не адразу здагадалася, што гэта куля. Толькі калі прасвістала яшчэ адна і стукнула ў камель асіны, прысела, шукаючы вачмі, адкуль мецяць кулі, хто страляе, але нідзе нікога не бачыла, ні сваіх, ні немцаў.
Наперадзе між дрэў пачалі адкрывацца прагалы, няйначай там, за лесам, ляжала поле. Фімка крыху ведала гэтыя мясціны, пацягалася па лясах ды палях, як карову забралі немцы, і ведала, што лес тут скончыцца не можа, лясы тут на шмат кіламетраў, але між лясамі ляжаць плешынамі то палі, то шырокія паляны. Мусібыць, такое поле ці паляна і за гэтым лесам.
I раптам моцна, ледзь не над вухам у Фімкі, засакатаў кулямёт. Густа-густа — та-та-та, та-та-та...
Прыпала да зямлі. Лавіла вухам — куды ляцяць кулі? Здаецца, не сюды, здаецца, у той бок... Значыцца, наш кулямёт страляе, не нямецкі.
I тут жа, у адказ на гэтае та-та-та, пасыпалася, як гарох, крышачы, ссякаючы лісты, галіны.
Фімка прыкрыла галаву мяшком з бінтамі, ляжала, як нежывая, чакаючы, пакуль скончыцца гэты град, гэта бясконцае та-та-та. Апякла нават думка — ці не падхапіцца ды не пабегчы назад, далей ад гэтага страху.
Але нешта не дало падхапіцца і пабегчы, нават тады, калі сціхлі стрэлы, што былі так блізка — як пад вухам.
Цяпер ляскала з бакоў — і справа, і злева, недзе вухнула граната, але тое здалося ўжо нястрашным, бо было далей.
Фімка падняла галаву. I ўбачыла, як наперадзе, паміж кустоў з пачарнелымі лістамі, што віселі на іх, быдта анучкі, мільганулі, перабягаючы, людзі і цягнучы за сабой кулямёт. Адзін, два, тры чалавекі. Двое ў ватоўках, адзін у кажушку. Здалёк не пазнала, хто, але факт, што нашы. Ды ў немцаў, здаецца, і няма кулямётаў, у немцаў усё аўтаматы. Партызаны беглі з тых кустоў, дзе нядаўна так моцна сакатаў кулямёт, беглі справа налева, мусіць, мяняючы месца, адкуль страляць. I правільна зрабілі, бо скора там, адкуль нядаўна яны выскачылі, вухнула, разарваўшыся, граната.
Фімка зноў уткнула галаву ў сыры дол, а калі ўзняла, то партызан, якія перабягалі, ужо не бачыла, толькі пачула ўжо злева, тое самае — та-та-та...
Цяпер яна зноў не ведала, куды бегчы і што рабіць. Там, у лагеры, здавалася, як прыбяжыць туды, дзе страляюць, так адразу і пабачыць доктара, і перадасць яму мяшок з бінтамі, і будзе сама рабіць — што доктар загадае, а тут не відаць ні доктара, нікога, толькі тыя, што перабягалі, ды кулі, кулі...