Зноў папаўзла да купкі, што чарнела на ржышчы. Больш не засланяла галавы, вачэй мяшком. Яшчэ зноў на немца напорацца... Дзіўна, немец, а як Мурмонь... I просіць жаласна.
Далей, далей ад той жаласці... Яшчэ павернецца ды стрэліць... I праўда, каля яго ж аўтамат... Во дурная, трэба было схапіць аўтамат, забраць... I Фімка баязліва азіраецца на немца. Той ляжыць, як і ляжаў, дагары.
Калі дапаўзла да свайго, то не адразу назнала, хто гэта. Белы твар, шкляныя вочы, у якіх адбіваецца хмурнае неба, разяўлены, як у крыку, рот. З усяго гэтага праяўляліся, як на даўняй фотакартцы, знаёмыя рысы. Не хацелася верыць. Страшна было паверыць. Святланін Толік... Божа, божа... А Святлана недзе і не ведае... Пакратала Толіка за плячо, быдта будзячы ад сну. Галава хіснулася, але не заплюшчыліся вочы, не падаў голасу рот. Мусібыць, Толіку яна ўжо непатрэбная...
У гэты час здалося, што над галавою прасвістала куля, і Фімка ўпала тварам на Толікавы грудзі, абхапіла рукою яго цела, не то баронячы ад гэтай кулі хлопца, не то сама ім засланяючыся. Застыла, не варушылася. Кулі, здаецца, болей блізка не свісталі. Яшчэ паляжала, абдымаючы Толіка, як брата, адчуваючы лобам яго халодную ўжо, нежывую шчаку. Папаўзла далей.
Зноў пачула стогн. Спалохалася, можа, зноў паўзе да таго немца? Падняла галаву. Не, стагнаў свой, стагнаў і варушыўся, быдта спрабаваў устаць і не мог.
Скарэй, скарэй да яго.
Яна не ведала, як зваць гэтага партызана, але бачыла, што свой, не раз сустракала на сцежках у лагеры, аднойчы ён нават паднёс яе вёдры з вадою, калі валачыла ад крыніцы да шпітальнай зямлянкі.
— Сястрыца,— прашаптаў ссінелымі губамі.— Мусіць, ногі перабіла, не магу ўстаць... I паўзці не магу...
На нагах у хлопца былі боты, і Фімка пашкадавала, што не мае пры сабе нажа, бачыла, як доктар разразаў халяву ў Колькі, калі таго параніла ў нагу. Цяпер трэба было сцягваць боты з параненых ног. Але дзіва, каб былі параненыя ногі, то, мусіць, і боты пасекла б, і кроў бы ў іх была, а так — боты цэлыя і суха ў іх.
— Цэлыя ў цябе ногі,— сказала Фімка і сама здзівілася свайму голасу — такі ён быў пісклявы і як не свой.— Цэлыя... Мусібыць, не ў ногі параніла...
Яна пачала абмацваць хлопца, але нідзе не бачыла, не чула пад рукамі крыві. Павярнула на бок. Ніз хлопцавай суконнай курткі ўвесь быў мокры, на прымятым яго целам іржышчы там і тут чырванелі плямкі крыві.
— У спіну цябе параніла, во дзе,— усё тым жа пісклявым голасам сказала Фімка і пачала таропка выцягваць са свайго мяшка скруткі бінтоў.
Яна і цяпер чула, як часамі бзыкалі над ёю, каля яе кулі, але не звяртала больш на іх увагі. Таропка перавязвала параненага, паварочваючы яго, падсоўваючы пад бок скрутак бінту, які вельмі скора меншаў. Узяла другі скрутак — і другі скора скарыстала. Так-сяк нацягнула на хлопца апратку.
— Памажы мне,— праз стогн папрасіў хлопец,— да лесу дабрацца... Там затуліцца... Бо тут, як на бубне...
Фімка і сама разумела, што пакідаць тут параненага кепска, ёй і самой хацелася ў лес, каб затуліцца, каб не быць і праўда тут, як на бубне.
Яна схапіла хлопца пад пахі, хацела падняць, але не здолела — надта цяжкі. I яшчэ — замінаў мяшок з бінтамі. I яшчэ — валачы хлопца, то трэба было падняцца, а яе хінула, хінула да зямлі.
— Трымай мяшок,— сунула сваю ношку хлопцу.
Той згроб яго збялелаю, слабаю рукою.
Фімка паднялася наколенкі, зноў узяла хлопца пад пахі, каб пацягнуць па зямлі. Але зноў не скранула з месца. Трэба было ўстаць, каб уперціся нагамі, трэба было ўстаць.
I яна паднялася.
Хлопец быў надта цяжкі, а можа, яе нямоцным, амаль дзіцячым рукам ён здаваўся такі цяжкі, можа, усяму яе целу, што расло ў пастаянным недаяданні, была цяжкая гэта ноша. Ад кожнага кроку па зямлі напіналіся і ледзь не лопаліся жылы... I ледзь не вылазілі на лоб вочы... I дрыжалі, падгіналіся ногі.
Хлопец не мог памагчы, ён ляжаў на зямлі, як мяшок, калі Фімка валакла яго, то ногі целяпаліся, быдта страцілі косці, адны анучкі засталіся ў ботах. Ён часта і глыбока дыхаў, але не стагнаў, трываў.
Якое ж ты шырокае, поле з засохлым іржышчам, які ж ты далёкі, лес...
Выгнуўшы спіну, нахіліўшы голаў, упіраючыся нагамі ў дол, Фімка валакла хлопца да лесу. Спынялася на міг, аддыхвалася і зноў валакла. Вось ужо блізка бярозы, ужо чуваць іх безудзельны, звыклы шум, яшчэ трошкі, яшчэ... Хвілінку перадыхнуць.
Яна не адразу зразумела, што гэта. Быдта штурхнуў яе нехта ў грудзі. Так штурхнуў, што яна павалілася на спіну. Але паднялася, схапілася рукамі за хлопцавы плечы — каб самой утрымацца, каб не згубіць сваёй ношы... Старалася трымаць тыя плечы як мацней, але рукі не слухаліся, пальцы слабелі. Яна стала наколенцы, павяла вачыма па полі. Яно круцілася, і круціўся разам з полем шэры камячок нямецкага шыняля. Ці здалося Фімцы, ці і праўда... Аўтамат... У руках у параненага, падобнага на Мурмоня, немца, аўтамат... Чаму не забрала, не звалакла?..